Дзьве гадавіны
Беларускае грамадзтва сталее
Акурат год таму давялося кароткі час стаяць у ачапленьні вакол намётавага лягера на Кастрычніцкай плошчы разам з сваякамі й сябрамі. Гэта было шчасьлівае адчуваньне. І нават тое, што потым іх затрымалі і адзін зь іх правёў некалькі сутак у турме, таго адчуваньня не перакрэсьлівае…
За два дні перад тым ЦВК паведаміў вынікі адбытых у Беларусі прэзыдэнцкіх выбараў. За дзейнага кіраўніка дзяржавы – 82,6% выбарцаў, за Мілінкевіча – 6,0%, за Гайдукевіча – 3,5%, за Казуліна – 2,3%. Пазьней Лукашэнка паставіў пад сумнеў гэтыя зьвесткі, заявіўшы, што насамрэч за яго аддалі галасы 92,5 %.
Справа ня ў тым, што на дэмакратычных выбарах нідзе ў сьвеце такіх лічбаў не бывае. (Гэта ў Іраку за Хусэйна перад вайной галасавалі 100% выбарцаў пры амаль стопрацэнтавай яўцы). І справа нават ня ў тым, хто з кандыдатаў колькі атрымаў галасоў у сапраўднасьці. Людзі, якія ўвечары пасьля выбараў 19-га сакавіка прыйшлі на Кастрычніцкую плошчу, нягледзячы на пагрозу быць абвінавачанымі “ў тэрарызме”, у глыбіні душы ведалі, хто будзе абвешчаны пераможцам пры любым раскладзе.
Гульня была няшчырай ад самага пачатку. Даўным-даўно ўлада дала гэтым людзям зразумець, што іхныя галасы ніхто не зьбіраецца лічыць, як ніхто ня будзе лічыцца зь іх поглядамі. Дэмакратычныя сілы (дакладней, дэмакратычная меншасьць) аказаліся негатовымі адстойваць свае маральныя й палітычныя перакананьні на вуліцы. За апазыцыю гэта зрабілі некалькі соцень хлопцаў і дзяўчын, якія паставілі на плошчы намёты й назвалі яе імем Каліноўскага.
Усяго падчас падзеяў 19–25 сакавіка былі затрыманыя амаль семсот чалавек. Многіх затрымлівалі толькі за тое, што яны несьлі ежу альбо цёплую вопратку насельнікам лягера. Падчас яго ліквідацыі ў ноч на 24-га былі арыштаваныя 250 чалавек. У спэцпрыёмніку на Акрэсьціна ўсім не хапіла месца, і многіх завезьлі ў турму ў Жодзіне.
Для астатніх на 25-га сакавіка быў падрыхтаваны паказальны разгон шэсьця на чале з Казуліным, якое рушыла на дапамогу зьняволеным на Акрэсьціна. Казулін атрымаў пяць з паловай гадоў турмы.
Ці праз год беларускае грамадзтва апынулася ў тым самым месцы, дзе яно было да выбараў у сакавіку 2006-га? Не зусім так. Дэмакратычная меншасьць па-ранейшаму застаецца меншасьцю. Але падзеі апошніх месяцаў прывялі да хуткага росту разуменьня ня толькі ўладай, але й грамадзтвам каштоўнасьці незалежнасьці Беларусі. І ня толькі незалежнасьці самой па сабе, але яе атрыбутаў, гісторыі змаганьня за яе, мовы і нацыянальных сымбаляў. Адным з галоўных такіх сымбаляў, безумоўна, было й застаецца сьвята 25 сакавіка – дзень абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе. Бадай, як ніколі раней, сёлета многія з хваляваньнем чакаюць набліжэньня гэтай даты. Вельмі шмат пастаўлена на гэты дзень. А сапраўднай цаны ставак – хто блефуе, а хто робіць стаўкі ўсур’ёз – мы ня ведаем.
Але такіх зацятых і ярасных спрэчак, якія вядуцца цяпер у інтэрнэце, аб будучыні Беларусі, яе выбары, аб мэтах апазыцыі й яе лідэраў, а таксама – дзе й як адзначаць 25 сакавіка, раней яшчэ не было.
Расьце разуменьне такіх важных рэчаў, як яднаньне дэмакратычных сілаў, і ня толькі падчас выбараў. Наступную прыступку ў сталеньні грамадзтва – ужо не яднаньне, і ня еднасьць, а салідарнасьць і адказнасьць беларускаму грамадзтву яшчэ некалі трэба будзе адолець.
Пакуль што застаецца памятаць аб тым, што было, і засвойваць урокі на будучыню.