Сустрэнемся каля рэстарана “Канстанцін”
Два станы душы перад Днём Волі – чаканьне й недавер. Чаканьне ўжо нават ня цуду (як гэта было ў папярэднія гады), а таго, што проста сонца ўстане адтуль, адкуль мусіць устаць, каб узрадаваць душу, а не асьляпіць водбліскамі спэцназаўскай уніформы. Недавер да таго, што зноў, як шмат разоў было, усе прыедуць адпачываць на Гаіці, а там налятуць злыя маскіты і сапсуюць апошнія рэшткі сьветлага настрою.
Памятаю, у 1996-м дзясяткі тысяч людзей вялізнай дэманстрацыяй бадзяліся па вуліцах сталіцы, пакуль не прыблукалі немаведама чаму да рэстарана “Канстанцін”. Сталі перад гэтым “Канстанцінам”, пару гадзін крычалі “Жыве Беларусь!” і чакалі нейкага працягу. Не дачакаліся.
Кажуць, самыя мярзотныя спосабы марнаваньня часу – чакаць і даганяць. Даганяць мы даўно перасталі, калі пераканаліся, што “не даганяюць” арганізатары сьвята. А вось чакаць працягваем, бо без надзеі жыцьцё страчвае сэнс. Пытаньне – чаго мы ўсе чакаем? Перамен? Нейкіх дзеяньняў з боку апазыцыі й міліцыі? Безумоўна, мы чакаем нейкае творчасьці, нейкага выплеску новых ідэй і новых людзей.
Мы чакае прыходу новага пакаленьня. І мы ведаем, што сёлета яно яшчэ ня выйдзе й не заявіць пра сябе. Хутчэй за ўсё, ня выйдзе – удакладню зь недаверам.
А можа быць, і ня новых, а проста – цікавых і прыгожых. Як заўважыў адзін мой сябрук, слухаць тыя бясконцыя “Луку на муку!” абрыдла. Што толку — хадзіць туды-сюды, выпрабоўваючы цярпеньне амону? Што толку — крычаць да хрыпаты “Жыве Беларусь!”, адчайна спрабуючы гэтым воклічам ратаваць мерапрыемства ад бессэнсоўнасьці? Даўно трэба было б напісаць гэты самы сцэнар з атрыбутамі, вартымі найвялікшага нацыянальнага сьвята.
“Ну-ну, — зь недаверам адказаў я сябруку, – і што б гэта, па-твойму, магло быць?”
“Напрыклад, парад сьцягоў, – адказаў ён. – Уяўляеш, прыяжджаюць людзі зь Віцебска, Брэста, Мазыра, Наваградка, Гомеля, з Мсьціслава – і ўсе са сьцягамі й гербамі сваіх гарадоў. Якая прыгажосьць колераў, якая гістарычная падсьветка, які вобраз усебеларускага яднаньня! Сымболіка ж зарэгістраваная, ніхто за яе хапаць ня будзе. Затое колькі можна тут ужыць выдумкі, колькі прыдумаць усялякіх конкурсаў, дзе б кожны горад імкнуўся выглядаць лепей за іншыя. Хай было б журы і ўзнагароды. А калі паўтараць гэта з году ў год, знойдуцца людзі, якія праз увесь год будуць думаць пра 25 сакавіка і рыхтавацца да яго”.
Леташнія падзеі на Кастрычніцкай плошчы спарадзілі шмат новых стэрэатыпаў. Напрыклад, пра тое, што ў Менску калі нешта адбываецца ня ў цэнтры горада, дык, лічы, не адбываецца наогул. Але гаворка тут ідзе пра палітычныя перамены, пра рэвалюцыю. Напэўна, гэта слушны стэрэатып. Аднак сёньня ўсе разумеюць ня толькі тое, што ўмовы для рэвалюцыі не сасьпелі, але й тое, што перамены трэба рыхтаваць. У тым ліку й такімі пазытыўнымі акцыямі, як 25 сакавіка, што маглі б адбывацца і ня ў цэнтры.
Самы, можа быць, утапічны, але й найбольш чаканы сцэнар падзеяў пакінуў на сайце “Свабоды” нехта Андрэй.
Асабіста мяне тут замілавалі словы пра тое, што гукаўзмацняльная апаратура зьявілася на плошчы толькі тады, калі “ідзе стотысячны мітынг”, і пра вядучых “Панарамы”, у якіх ці то сумленьне прачнулася, ці глузды пераклініла.
Хоць, напэўна, з тымі ці іншымі ўдакладненьнямі менавіта такі сцэнар хацелі б бачыць усе, хто прагне перамен. Вось ужо 12 гадоў гэтыя мары застаюцца нязьменнымі, і нішто не абяцае іх цудоўнага выкананьня сёлета.
Найбольш паказальны ў сёньняшнім апытаньні адказ Алеся Анціпенкі: “Чаго мы хочам?” Калі мы хочам сьвята, давайце зладзім парад сьцягоў. Калі ж мы хочам цудоўных перамен, ніяк не рыхтуючы да іх сытуацыю, тады чарговы раз… сустрэнемся каля рэстарана “Канстанцін”.