Непатапляльная Ута
Ужо ніхто дакладна ня памятае, калі яна ўпершыню зьявілася ў Беларусі. Аднак з тых старажытных часоў нямецкая дэпутатка Ута Цапф, нібы пералётная птушка, гойсае паміж нашай і сваёй краінай. Ды што там птушка, якая адлятае і прылятае раз на год! Спадарыня Ута хутка стане ганаровым пасажырам “Люфтганзы” і атрымае праязны білет на самалёт.
Вось і днямі Ута Цапф чарговы раз наведала Менск. Гэтым разам яна ладзіла сэмінар “Вывучэньне магчымасьцяў для Рэспублікі Беларусь у межах эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва”.
Дзіўнае гэта было мерапрыемства. Прадстаўнікоў недзяржаўных арганізацыяў на яго запрасілі, аднак “бяз права голасу”. Іхныя прамовы ў праграме сэмінара ня значыліся. Затое з Нацыянальнага сходу там былі ажно 17 чалавек, якія віталі “імкненьне Эўропы да раўнапраўнага дыялёгу”.
Сама спадарыня Цапф, каб, крый Божа, не пакрыўдзіць “апошняга дыктатара Эўропы”, усяляк пазьбягала крытычных ацэнак. Ганебны рэфэрэндум 1996 году, які практычна ўсе ўплывовыя міжнародныя арганізацыі назвалі “сфальшаваным”, і разгон Вярхоўнага Савету Ута далікатна ахрысьціла “канстытуцыйным крызысам”.
Тут цікава тое, як падобныя фармулёўкі ўплываюць на сьвядомасьць самой дэпутаткі. Яна паступова пачынае верыць, што нічога асаблівага ў Беларусі не адбываецца, што мясцовы рэжым мае нязначныя адхіленьні ад дэмакратычных норм, а апазыцыя празьмерна яго дэманізуе.
Якраз напярэдадні сэмінара міліцыянты затрымалі Вячаслава Сіўчыка, які год таму быў адным з арганізатараў намётавага лягера на Кастрычніцкай плошчы, і Вінцука Вячорку, старшыню партыі БНФ. Першага абвінавацілі ў тым, што ён “справлял естественные потребности в общественном месте”, другога – у тым, што “нецензурно выражался”.
Сям’я Сіўчыка зьвярнулася па дапамогу да прадстаўнікоў АБСЕ ў Менску. Маці палітыка потым распавяла: Цапф не паверыла ў тое, што міліцыя адмаўляецца паведаміць пра месца знаходжаньня затрыманых. Толькі калі прадстаўнікі нямецкай дэлегацыі самі пагаварылі з праваахоўнымі органамі, яны пераканаліся, што гэта сапраўды так. Прагучала: “А мы былі перакананыя, што апазыцыя перабольшвае…”
Спрабуючы не раздражняць улады РБ, Цапф паступова здае пазыцыю за пазыцыяй. Умовай правядзеньня ў Менску згаданага сэмінара, які быў заплянаваны яшчэ ў 2004 годзе, называлася ўнясеньне зьменаў у Выбарчы кодэкс РБ. Натуральна, што афіцыйны Менск гэтага не зрабіў, аднак Ута ўсё-ткі пагадзілася правесьці мерапрыемства. І атрымала сваё. Дэпутаты Нацыянальнага сходу неадкладна пачалі вучыць калегу, як трэба ладзіць такія сэмінары. Прыкладам, Анатоль Красуцкі заявіў: “Незразумелы фармат удзельнікаў… З кім дамаўляцца? Пры такім фармаце мы маглі б пагаварыць і ў сябе ў парлямэнце ў адной з камісіяў”. Сапраўды, як ужо згадвалася вышэй, большасьць удзельнікаў мерапрыемства была менавіта з Палаты прадстаўнікоў.
Рысу пад дыскусіяй падвяла дэпутатка Вольга Абрамава, якая заявіла, што 12-ю ўмовамі Эўразьвязу аб дэмакратызацыі нашай краіны “беларусам фактычна прапануецца слабая дзяржава”. Між іншым, менавіта Абрамава, якая называе сябе прыхільніцай дэмакратыі, найчасьцей выступае партнэрам Цапф у Беларусі.
Але Цапф і ў гэтай сытуацыі знайшла чым пахваліцца. “Беларускія дэпутаты сказалі, што на сэмінары ўпершыню сустрэліся тварам да твару з некаторымі прадстаўнікамі апазыцыі і былі зьдзіўленыя, што тыя не падобныя да чарцей”, — заявіла яна агенцтву Белапан. Ну, дзякуй, і на тым.
Аднак агульныя вынікі візытаў Цапф у Беларусь – практычна нулявыя. Увесь гэты час сытуацыя толькі пагаршалася, а пазыцыя нямецкай дэпутаткі толькі зьмякчалася. Міратворчая дзейнасьць Уты ня мела плёну. Гэта заўважылі ня толькі палітыкі, але й людзі, не заангажаваныя ў гэтай галіне.
“Яна толькі гаворыць, нічога ня робячы, пра падтрымку дэмакратыі ў Беларусі”, — заявіў удзельнік апытаньня “Белгазеты” мэнэджэр Валянцін Красоўскі. – “Калі б я патрапіў да яе на прыём, я б спытаў: “А што вы тут робіце? Дзе абяцаная дапамога ў разьвіцьці дэмакратыі? Вы можаце націснуць на Лукашэнку? Калі так, дык чаму дагэтуль гэтага не зрабілі?” Праблема насамрэч у тым, што Эўропа спрабуе весьці дыялёг з нашай уладай, хоць усім ужо зразумела, што ўлада здольная толькі гаварыць, а ня слухаць”.
Дадаць да гэтага варта хіба тое, што, нягледзячы на шматгадовую бясплённую працу, спадарыня Ута па-ранейшаму застаецца на паверхні. І яшчэ ня раз прыляціць да нас – пагаварыць.