Разанаў

З чым параўнаць літаратуру? Зь лесам, дзе ўсё жывое імкнецца да сонца? Зь лёсам? Бо ніколі невядома, каму дадзена ўзьняцца высока, а хто будзе чэзнуць у ценю іншых…

Дрэва паэзіі Алеся Разанава вырасла зводдаль, асобна – але дарма некаторыя спрабавалі “прарасьці” побач. З гэтай глебы сокі ўжо выпітыя і пераўтвораныя ў плады – іншым трэба шукаць свае дзялянкі.

Мне амаль невядомая біяграфія паэта – у гэтым ёсьць свае плюсы: “сутнасьць рэчаў ужо ня засьціцца пэрсанальнымі прысутнасьцямі”, паводле самога Разанава.

Вядома, што на самым пачатку савецкія “літаратурныя лесьнікі” спрабавалі яго “выцерабіць”, – ён быў выключаны з унівэрсытэту за “нацыяналізм”. Але давучыцца далі, хоць ня ў Менску, а ў Берасьці. “Распяли, но несильно”.

Вядома, былі сутычкі з цэнзурай, адмоўныя рэцэнзіі, але шнары й раны пасьля такіх боек толькі дадаюць прывабнасьці асобе паэта.

Галоўнае – кнігі выходзілі, не пісаліся ў шуфляду.

Амаль шчасьлівы жыцьцёвы шлях.

Амаль – бо сапраўдны паэт залішне многа ведае й адчувае, каб быць бязвоблачна шчасьлівым.

Ня варта дзяліць мастакоў на “лепшых” і “горшых”, “буйных” і “дробных”. Лепей – на тых, хто дапамагае табе жыць, і хто – не, хоць, магчыма, патрэбны іншым, а мо й табе, але – заўтра.

Літаратура – як лекі: важная ня столькі сама па сабе, колькі канкрэтнай асобе, у пэўны час і ў акрэсьленай колькасьці.

Кнігі Разанава ня з тых, якія – прачытаў і забыўся. Такія “лекі” трэба мець у сваёй “аптэчцы” пастаянна. І прымаць іх невялікімі дозамі.

Разанава нельга чытаць адразу і многа.

Да Разанава трэба дарасьці. Гэта – паэт для дарослых.

А ён і сам “дарастаў” да самога сябе. Пра яго ня скажаш – “уварваўся ў паэзію”.

Мандэльштам застаўся б у літаратуры, нават калі б нічога не стварыў пасьля першага зборніка “Камень”.

Алег Мінкін у першай кніжцы “Сурма” ўжо быў Мінкіным.

А раньнія вершы Разанава – яшчэ “не разанаўскія”. Безумоўна, гэта якасная, добрая паэзія, – усё на месцы, і вобразы, і рыфмы, і рытм.

Бяда ў тым, што паэзія – самае жорсткае мастацтва, і “проста добрае” часам бывае сынонімам “ніякага”.

“Вершы можна было б клясыфікаваць, як клясыфікуюць сродкі руху: фурманкі, ровар, матацыклы…”, – піша Разанаў. Вось так і ягоныя раньнія вершы – гэта “жыгулі”, “волгі”, мо нават “мэрсэдэсы”.

Але пазьнейшыя вэрсэты, пункціры ды вершаказы – гэта ўжо “Формула-1”.

У паэзіі бывае мэлёдыя гуку, слова – як у Блока.

У разанаўскай – іншая мэлёдыя – мэлёдыя сэнсаў. Гэта песьні ня столькі зачараванага сэрца, колькі зачараванага розуму.

Не Пэгас тут узгадваецца, а іншы конь – шахматны. Толькі вось у шахматы можа гуляць і кампутар, а паэзію творыць толькі паэт.

Разанаўскія вершаказы і зномы не імкнуцца “на гвалт” быць “вершамі”, яны судакранаюцца, радняцца з прозай. (Выпадкова ці не, але “Танец з вужакамі” – выбранае Разанава – выйшла ў сэрыі “Беларуская проза ХХ ст.”.)

І гэта асабліва актуальна ў наш час, калі “паэзіяй” сталі лічыцца любыя вадзяністыя й рыхлыя тэксты, напісаныя “ў слупок”. Бяз рыфмы, без структуры – бесхрыбетныя.

У разанаўскіх тэкстах заўсёды цьвёрды, нязломны касьцяк. Яркай, відавочнай, чутнай рыфмы няма, – але прысутнічае нейкі таямнічы элемэнт, пад уплывам якога адбываецца “крышталізацыя” напісанага.

Зусім невыпадкова, што Разанаў заняўся ўзнаўленьнямі на сучаснай мове твораў Кірылы Тураўскага, Скарыны ды іншых нашых мудрасловаў. Тэкстаў, якія сталі цяжкачытэльнымі, бы надпісы, урэзаныя ў старажытныя замшэлыя камяні.

Можна сабе ўявіць, якую асалоду давала паэту такая размова з блізкімі людзьмі.

… Мая б воля – вылучыў бы Разанава на Нобэлеўскую прэмію.

Толькі вось як паставіць ягоныя кнігі побач зь пісанінай Эльфрыды Елінэк?..

Алег Аблажэй

Водгукаў на публікацыю “Разанаў”: 61

  1. Александр кажа:

    Поставьте рядом с Фростом и Элиотом. Зачем нам Елинек?

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.