Народжаныя ў СССР
альбо Цэнзар у гасьцях у рэжысэраў
Вось ужо некалькі год у беларускі тэлеэтэр (цяпер на канале СТВ) выходзіць перадача “Народжаныя ў СССР”, якую робяць браты Пінігіны – Іван і Мікалай. Іван займаецца тэлебачаньнем. Старэйшы, Мікалай – вядомы тэатральны рэжысэр. На сцэне акадэмічнага Купалаўскага тэатра ідуць ягоныя спэктаклі “Сымон Музыка” паводле паэмы Якуба Коласа і “Тутэйшыя” паводле Купалаўскай п’есы (прынамсі, пастаноўка захоўвалася ў рэпэртуары тэатра да апошняга часу). На абодва спэктаклі дастаць білеты немагчыма.
Зразумець задуму аўтараў перадачы, назву якой яўна падказала папулярная песьня расейскага рок-гурта ДДТ “Народжаны ў СССР”, можна. Паколькі на сёньняшні дзень практычна ўсе грамадзяне РБ нарадзіліся за савецкім часам, усе яны могуць быць героямі тэлеперадачы, назва якой будзе актуальнай яшчэ гадоў 50.
Справа ў тым, які сэнс укладваецца ў назву праграмы. Хутчэй за усё, ён залежыць ад гасьцей студыі, зь якімі гутараць аўтары. Сярод запрошаных бываюць людзі самых розных прафэсіяў. Але пераважна ў суразмоўцы выбіраюць больш інтэлектуальных і адукаваных, якім ёсьць што ўспомніць і ёсьць чым падзяліцца з гледачамі.
Героямі апошняга выпуску былі кінарэжысэры Ўладзімер Арлоў і Юры Цьвяткоў, старшыня Саюзу кінематаграфістаў, былы намесьнік міністра культуры Беларусі.
Арлоў шмат гадоў працаваў на “Тэлефільме”, дзе спрычыніўся да пастаноўкі многіх музычных карцін і стужак на музычныя тэмы – напрыклад, фільма “Песьняры”. Юры Цьвяткоў паставіў некалькі паўнамэтражных кінастужак – у тым ліку, “Пасьля кірмашу” паводле купалаўскай “Паўлінкі”. Сцэнар да фільма, які выйшаў на расейскай мове, напісаў Андрэй Макаёнак.
Падчас гутаркі Цьвяткоў на просьбу Мікалая Пінігіна падзяліўся ўспамінам пра тое, як фільм “Пасьля кірмашу” ледзьве ня стаў ахвярай цэнзуры. Першы паказ стужкі начальству адбыўся праз тры дні пасьля выхаду пастановы ЦК КПСС аб барацьбе з п’янствам і алькагалізмам. А ў фільме, як і ў п’есе, дзеяньне ў асноўным жа адбываецца ў застольлі. Гэта затармазіла выхад стужкі на экраны.
Цікава, што пазьней, калі Цьвяткоў узначальваў “Беларусьфільм” у якасьці дырэктара, была пакладзеная на паліцу карціна, зьнятая на гэтай студыі паводле аповесьці Васіля Быкава “На чорных лядах”.
Тры гады таму Дзяржаўны рэгістар кінавідэафільмаў забараніў да паказу ў Беларусі амэрыканскую стужку “Гітлер: узыходжаньне д’ябла”. Цьвяткоў, які на той момант узначальваў ужо гэтую ўстанову, рашэньне патлумачыў так: “Абсалютна недапушчальна, каб у год 60-годзьдзя вызваленьня Беларусі дэманстраваць у рэспубліцы фільм аб прывабнасьці фашызму”. Што ж такога прывабнага ўбачыў рэжысэр у фільме, які, насамрэч, па-майстэрску тонка выкрывае карані гітлерызму і паказвае самога фюрэра як антысэміта, чалавека не бяздарнага, але гнюснага ў сваёй сутнасьці? І чаму беларускім гледачам было адмоўлена ў праве самім ацэньваць фільм?
Зразумела, чыноўнік, пастаўлены на дзяржаўную пасаду, мусіць выконваць свае функцыі – так, як ён іх разумее.
Але засталося пытаньне: у якасьці каго быў запрошаны Цьвяткоў у тэлеперадачу? Рэжысэра, старшыні творчага саюзу, альбо дзяржаўнага функцыянэра?
У1988-м годзе, адразу пасьля разгону шэсьця на Курапаты, у Доме кінэматаграфістаў, які тады месьціўся ў касьцёле сьвятых Сымона і Алены ў Менску, адбыўся сход інтэлігенцыі. Старшынём СК БССР быў тады кінарэжысэр Вячаслаў Нікіфараў. На сходзе, у якім бралі актыўны ўдзел і беларускія кінематаграфісты, было абвешчана стварэньне “Мартыралёгу Беларусі” на чале зь Зянонам Пазьняком. З гэтага аб’яднаньня потым вырас Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне”.
Мінаюць часы, мяняюцца кіраўнікі. “Беларусьфільм” нядаўна ўзначаліў вядомы ідэоляг Уладзімер Замяталін. А былы дырэктар кінастудыі, былы дзяржаўны цэнзар кінавідэапрадукцыі абраны кіраўніком Саюзу кінематаграфістаў.
Дык наколькі далёка мы адышлі ад часоў СССР? Можа, аб гэтым хацелі нагадаць браты Пінігіны ў сваёй тэлеперадачы? Ці яны хацелі сказаць, што ўсе мы – простыя савецкія людзі?