Ёсьць у Канстытуцыі пачатак
15 сакавіка 1994 году на сэсіі Вярхоўнага Савету пад старшынствам Мечыслава Грыба быў зацьверджаны Асноўны Закон Рэспублікі Беларусь. У Канстытуцыі замацоўвалася незалежнасьць дзяржавы. Дзяржава ад імя народу абвяшчалася дэмакратычнай і прававой.
Разам з тым, шмат у асноўным законе заставалася і застаецца дагэтуль палажэньняў канстытуцыі БССР – копіі брэжнеўскай савецкай канстытуцыі 1977 году. Гэта тычыцца, найперш, сацыяльных гарантыяў дзяржавы ў забесьпячэньні мітычных правоў на працу, на бясплатныя мэдычнае абслугоўваньне, адукацыю, жыльлё і г.д. Ніколі на практыцы гэтыя правы не выконваліся. Між іншым, як і права на свабоду слова і сходаў, недатыкальнасьць асабістага жыцьця, тайну перапіскі. Усё гэта, нібыта, гарантавала Канстытуцыя СССР. Як казалі ў савецкім анэкдоце пра рацыён слана ў заапарку: зьесьці то ён зьесьць, ды толькі хто ж яму дасьць?
У Канстытуцыі РБ няма, вядома, артыкула аб кіруючай ролі кампартыі. Зьявілася шмат новых харошых словаў, якіх не было ў брэжнеўскай канстытуцыі – напрыклад, аб свабодных выбарах, ці аб тым, што не дапускаецца манапалізацыя СМІ і цэнзура. Але ж і новыя словы застаюцца толькі дэклярацыяй.
Асноўны Закон 1994 году ўвёў прэзыдэнцкую форму праўленьня. Але з адлегласьці часу становіцца зразумелым, наколькі наіўна лічыць, што парлямэнцкая форма праўленьня сама па сабе гарантавала б дэмакратычнае разьвіцьцё Беларусі. Мікіта Хрушчоў, да прыкладу, быў старшынём Савету Міністраў, а Леанід Брэжнеў узначальваў Вярхоўны Савет СССР. Роля генсека канстытуцыяй не агаворвалася.
Рэфэрэндум, прадугледжаны Канстытуцыяй РБ – самая дэмакратычная форма народаўладзьдзя. Народ і даў неабмежаваныя правы кіраўніку дзяржавы, у тым ліку, права бясконца пераабірацца на сваю пасаду.
Але найбольш важныя для гісторыі наступствы, як уяўляецца, меў ня столькі рэфэрэндум 1996-га году, колькі ўсенароднае галасаваньне ў траўні 1995-га, калі адбылася замена нацыянальнай сымболікі на савецкую, а расейскай мове быў нададзены статус дзяржаўнай. Бел-чырвона-белы сьцяг, пад якім адбылося вяртаньне да незалежнасьці ў 1991-м, быў адкінуты разам зь беларускай мовай, якая засталася дзяржаўнай толькі фармальна.
У Канстытуцыі РБ хоць і гаворыцца, што яна абапіраецца на шматвяковую гiсторыю разьвiцьця беларускай дзяржаўнасьцi, няма ніводнага канкрэтнага факту. Няма згадкі ні пра Вялікае княства Літоўскае, ні пра Канстытуцыю Рэчы Паспалітай (у склад якой уваходзілі беларускія землі) 1793 году – першую ў Эўропе, ні пра абвяшчэньне незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 году.
Сёньня ў аб’яднанай Эўропе ёсьць і манархіі (Англія, Галяндыя, Гішпанія) і прэзыдэнцкія рэспублікі (Францыя) і парлямэнцкія (ФРГ, Італія, дзе роля прэзыдэнта ў асноўным прадстаўнічая). Але ўсе яны ў роўнай ступені дэмакратычныя, бо акрамя канстытуцыяў у грамадзянаў гэтых краінаў ёсьць грамадзянская самасьвядомасьць і гістарычная памяць пра станаўленьне эўрапейскіх нацыяў, кожная зь якіх прайшла свой шлях.
Беларусам гэты шлях яшчэ толькі наканавана прайсьці.