Усебеларуская рэвізія

Пасьля пэрыяду ўяўнага аб’яднаньня апазыцыі пад мінулыя прэзыдэнцкія выбары насталі часы разброду й рэвізіі ідэалаў. У такую пару звычайна толькі цьвёрдая воля важака здольная ўтрымаць племя ад фрустрацыі і пагібелі. Нараджаецца важак альбо з усеагульнага страху, альбо з усеагульнае любові. Нельга сказаць, каб першае або другое пачуцьцё ахапіла нашу апазыцыю. Наогул пачуцьцям не застаецца месца ў тых асяродках, якія з дэмакратычных ператварыліся ў бюракратычныя й моляцца цяпер аднаму богу – сіюмінутнай мэтазгоднасьці.

Разброд зусім не азначае разыходжаньне “правых” і “левых” па сваіх сьветапоглядных пазыцыях. Бо разыходзяцца не пазыцыі, а людзі “з партыямі”. Пры гэтым прынцыпы ігнаруюцца, а ісьціна шукаецца ня ў праўдзе, а там, дзе адна расейская паэтка знаходзіла вершы – у кучы палітычнага сьмецьця, дзе яны растуць, “не ведая стыда”.

Як гэта ўжо даўно стала нормай у Беларусі, апазыцыйныя настроі наўпрост адлюстроўваюць тое, што адбываецца ў жыцьці афіцыйным. Інакш кажучы, гаворка ідзе пра ўсю грамадзкую сытуацыю ў краіне.

Дзяржаўныя чыноўнікі сабраліся ператрасаць школьныя праграмы па літаратуры, пазбаўляючы іх найбольш знакавых твораў, якія фармуюць нацыянальную тоеснасьць беларусаў. Тым часам, героямі перадачы “Культурныя людзі” на дзяржаўным тэлебачаньні, апроч звыклых ужо расейскіх папсавікоў, становяцца статысткі жаночага боксу, якія спрытна трапляюць адна адной нагою па твары.

Накрыла хваля ўсеагульнае рэвізіі і ўчорашніх дэпутатаў нацыянальнага сходу, якія міжволі апынуліся сярод дзеячоў апазыцыі. Сяргей Скрабец з Валерыем Фраловым заклікаюць адзначыць “дзень яднаньня Беларусі й Расеі”. Прыдуманае Лукашэнкам сьвята яму самому сёньня, на фоне газавай вайны з Масквой, шырока адзначаць не выпадае, вось і падхапілі кінуты сьцяг апальныя дэпутаты. Атрымалася недарэчнасьць – сьвядома пад гэты сьцяг маглі б стаць хіба што найбольш прасунутыя БРСМаўцы, але ж адыёзнасьць сьцяганосцаў зрабіць ім гэтага не дазволіць.

Нейкія ананімы прыдумалі неверагодны сымбаль усебеларускай рэвізіі – налепкі з выявай двух сьцягоў – бела-чырвона-белага і чырвона-зялёнага разам – і з заклікам “25 марта” сатварыць цуд адзінства сьвятла і цемры, дабра і зла, праўды і хлусьні.

Усе гэтыя ды многія іншыя рэвізіянісцкія рэцэпты даюць у выніку прыгатаваньня адну страву – каламутную ваду, дзе кожны ловіць сваю рыбку – безь ніякай адказнасьці за будучыню краіны й нацыі, бо ніхто зь пералічаных ініцыятараў у прынцыпе ня мае ані сьвядомасьці, ані бачаньня такой будучыні, а кіруецца толькі “бягучым момантам”.

Асаблівасьць цяперашняй хвалі ў тым, што яна сапраўды ўсеагульная і накрыла ня толькі вышэйпералічаных фігурантаў, але й кіраўніка БНФ Вінцука Вячорку. Ён выступіў з артыкулам супраць Дня Волі, маўляў, прычына ўсіх бед у тым, што дваццаць гадоў таму нейкія падступныя сілы падсунулі нам гэтую назву замест адзіна правільнага для 25 сакавіка найменьня – Дзень Незалежнасьці.

Кіраўнік БНФ ня часта выступае з артыкуламі, таму яго чарговы выхад у друк успрымаецца як праграмны, з адказамі на найважнейшыя пытаньні жыцьця і ўказаньнем шляху для ўсіх нацыянальных дэмакратычных сілаў. Лішне казаць, што назва Дзень Волі (пад якой выйшаў першы нумар газэты “Свабода” 25 сакавіка 1990 г. і якая прыжылася ў народзе) ніякім бокам не замінае Дню Незалежнасьці. Наадварот, яна ўзмацняе яго мабілізацыйнае гучаньне, што ў часы змаганьня за незалежнасьць абсалютна неабходна. Зьдзіўляе, што такі артыкул быў напісаны сёньня, што аб’ектам праграмнага патасу кіраўніка БНФ стала – назва. Быццам забыўся спадар Вячорка пра народную мудрасьць — хоць гаршчком назаві, толькі ў печку ня стаў. Інакш кажучы, галоўнае – не падмяняй зьместу…

Раптоўнае зьяўленьне БНФ у хвалі ўсеагульнае рэвізіі змушае прыгледзецца й задумацца пра тое, што адбываецца сёньня ў гэтай некалі галоўнай апазыцыйнай арганізацыі Беларусі.

Пасьля расколу ў 1999 годзе БНФ значна паслабеў. Фронт страціў лідэра. Зянон Пазьняк, які апынуўся ў вымушанай эміграцыі, застаўся лідэрам моцным, але віртуальным. Выключыў кампутар і – няма Пазьняка.

Вінцук Вячорка, які ўзначаліў другую частку Фронту, працуе кіраўніком БНФ ужо 8 гадоў. Ані Пазьнякоўскі, ані Вячоркаўскі БНФ (абедзьве арганізацыі захавалі за сабой назву) не вярнуў сабе вагу й сілу колішняга адзінага Фронту ў палітычным жыцьці Беларусі. Па-сутнасьці, усім наступным сэнсам і вобразам існаваньня двух гэтых партыяў стала не пабудова новага жыцьця, а падзел старой маёмасьці. Інакш кажучы, яны гэты развод умудрыліся не аформіць, а расьцягнуць у часе на многія гады. Ім і жывуць.

Па ідэі разьведзеныя мусілі прынамсі перайсьці на іншыя прозьвішчы. А канчаткова адносіны былі б аформленыя, калі б пачалі стварацца новыя сем’і. Але ні першага, ні другога не адбылося. Жывуць на адной жылплошчы, на адным палітычным полі, пры гэтым партыя Пазьняка абрала сабе аскетычны кшталт існаваньня савецкага пэнсіянэра з нацыяналістычнымі перакананьнямі, а партыя Вячоркі водзіць у свой пакой то Лябедзьку, то Калякіна… Зазіраў сюды з букетам і Мілінкевіч.

Мінаюць гады, а сытуацыя так і застаецца падвешанай. І чуючы сёньня ў навінах “лідэр БНФ”, ніколі ня ведаеш, пра каго пойдзе гаворка – пра Пазьняка ці Вячорку. Такая блытаніна ў справе нацыянальнага адраджэньня шкодзіць, бадай, больш, чым вышукі таемных і яўных ворагаў.

Вячорка аказаўся занадта далікатным чалавекам для такой грубай справы як палітычная барацьба. Таму ён цалкам пераадрасаваў свае ўласныя прэзыдэнцкія амбіцыі Мілінкевічу. Тады на нейкі момант здалося, што ў справе канчатковага афармленьня адносін зьявілася пэрспэктыва. Можна спрачацца, ці стаў бы экс-кандыдат у прэзыдэнты ў якасьці лідэра Фронту выратаваньнем для гэтай арганізацыі, але бясспрэчна, што караля робіць атачэньне. Што да Мілінкевіча, дык сёньня ён найбольш заўважная і самастойная постаць у беларускай палітыцы.

Ды зноў ня склалася любоў. Словы Мілінкевіча пра патрэбу адзінага моцнага лідэра – таго самага важака, які б спыніў разброд і ўсеагульную рэвізію ідэалаў, за якой маячыць усеагульная палітычная пагібель, сустракаюць крытыку з усіх бакоў. Кіраўнікі структур, нібы тыя зайцы, лятуць, утрапёныя, па аўтастрадзе, загіпнатызаваныя сьляпучымі фарамі машын, і няма той сілы, таго важака, які б заклікаў іх да парадку.

Алесь Кебік

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.