Правілы журналістыкі
альбо Ў які бок уцякаць?
Прапаную яшчэ раз пагаварыць пра перадачу “Званкі слухачоў на “Свабоду”. Вось у мінулыя выходныя чалавек званіў і абураўся: “Вы даяце слова толькі апазыцыі!” Вядучы Ягор Маёрчык адказаў дзяжурнай фразай: “Права выказацца мае кожны. Мы чакаем ад вас навінаў, камэнтароў, адказаў на пытаньні”. І ўсё. А між тым, адчуваецца, слухач хацеў, каб зь ім асабіста пагаварылі, патлумачылі больш падрабязна. Калі такую перадачу стварылі, трэба было б з большай павагай ставіцца да слухачоў, больш уважліва камэнтаваць іхныя званкі, тлумачыць слухачам элемэнтарныя правілы журналістыкі. І тады, глядзіш, слухачы зробяцца добрымі памочнікамі карэспандэнта.
2 сакавіка “нейкі воўк у лесе здох”. Так у Беларусі кажуць, калі здараецца нешта выключнае й рэдкае. Дык вось, на Эўрапейскім радыё для Беларусі на чыстаце 612 кГц прагучала інтэрвію з амбасадаркай Францыі ў Беларусі, пасьля чаго паставілі песьню на французскай мове. Усё ж, шаноўныя, калі назваліся Эўрарадыё, дык і расказвайце пра розныя эўрапейскія краіны, у тым ліку і пра іхную музыку.
Моўная заўвага. Гэта было 8 сакавіка на Радыё Рацыя. У навінах спорту Ігнат Субач пераказваў словы трэнэра: “Я не кахаю лятаць на самалёце”. Я вось думаю, што кіравала шаноўным карэспандэнтам, калі замест слова “люблю” ён уляпіў слова “кахаю”? Хацеў уцячы ад расейскай мовы? Але ж, здаецца, ня ў той бок трэба бегчы. І хлеб, і мама, і зямля, і неба гучаць аднолькава што па-расейску, што па-нашаму. Мы адрозьніваемся іншым.