Мы мірныя людзі

альбо Пераможцы едуць за мяжу

На тэлеканале “Лад” у нядзелю апоўдні ідуць запар дзьве беларускамоўныя праграмы – “Гаспадар” і “Слова пісьменьніка”. Абедзьве пакідаюць досыць супярэчлівае ўражаньне. Прынамсі, калі гаварыць пра тыя, што выйшлі ў этэр на мінулым тыдні.

Прыемна, што ў абодвух выпадках вядучыя добра валодаюць беларускай мовай. Прыемна было пачуць у “Гаспадары” мілагучную натуральную мову старшаклясьніц зь Нягневіцкай сельскай гімназіі, якія рэгулярна перамагаюць на раённых і абласных алімпіядах па фізыцы, хіміі, матэматыцы. Гавораць яны крыху завучана, бо іх яўна рыхтавалі да запісу. Але на пытаньне вядучага – дзе хочуць вучыцца далей? – адна зь юных прыгажунь адказвае шчыра: спачатку ў Менску, а потым за мяжой.

Прыемна паслухаць і вучняў сярэдняй школы ў Моталі, паглядзець на тое, як падтрымліваюць там традыцыі беларускага народнага ткацтва. Вось толькі і ў першым і ў другім выпадку гаворка ідзе пра лепшыя зь лепшых беларускіх школ на сяле. Пра той самы Моталь ужо столькі зроблена было перадач і фільмаў! Можа, варта было “Гаспадару” адысьціся трохі ў бок ад наежджаных маршрутаў, паглядзець і паслухаць, як жывуць, што гавораць дзеткі ў звычайных, незнакамітых вёсках? Што бяруць чытаць у бібліятэках, каго чытаюць?

Сустрэчу з адным сучасным беларускім аўтарам нам прапанавалі ў праграме “Слова пісьменьніка”. Госьцем яе гэтым разам быў сябра рады СПБ (з Саюзу беларускіх пісьменьнікаў у перадачу не запрашаюць), ляўрэат розных прэміяў Уладзімер Карызна. Найбольш ён вядомы як аўтар афіцыйнага дзяржаўнага гімну Рэспублікі Беларусь. Натуральна, вядучы ня мог не задаць пытаньне суразмоўцу на гэты конт. Цікава, што паэт, распавядаючы пра свае мукі творчасьці, у якіх нараджаліся словы гімну, ды аб велічы музыкі Нестара Сакалоўскага, ані словам не згадаў суаўтара – Міхася Клімковіча. Хаця складана сказаць, хто чый суаўтар, паколькі Клімковіч напісаў словы гімну БССР задоўга да таго, як ягоны пасьлядоўнік пачаў іх перарабляць у адпаведнасьці з патрэбамі часу.

Цікава параўнаць хоць бы два першыя куплеты старога й новага гімнаў.

У Клімковіча:

Мы, беларусы, з братняю Руссю
Разам шукалі к шчасцю дарог.
У бітвах за волю, у бітвах за долю
З ёй здабылi мы сцяг перамог!

Нас аб’яднала Леніна імя,
Партыя к шчасцю вядзе нас у паход.
Партыі слава! Слава Радзіме!
Слава табе, беларускі народ!

А вось тэкст Карызны:

Мы, беларусы – мірныя людзі,
Сэрцам адданыя роднай зямлі,
Шчыра сябруем, сілы гартуем
Мы ў працавітай, вольнай сям’і.

Слаўся, зямлі нашай светлае імя,
Слаўся, народаў братэрскі саюз!
Наша любімая маці-Радзіма,
Вечна жыві і квітней, Беларусь!

Як бачым, партыя і Ленін зьніклі, але братнюю Русь замяніў “народаў братэрскі саюз”. Так што сьмела можна гаварыць аб роднасьці абодвух твораў і паводле формы, і паводле зьместу. Магчыма, тое, што сябра СПБ прамаўчаў пра свайго папярэдніка – клясыка бээсэсэраўскай паэзіі, тлумачыцца забыўлівасьцю паэта ці творчай рэўнасьцю. Але ж і вядучы таксама не згадаў імя Клімковіча. Відаць, абодва вырашылі не трывожыць памяць нябожчыка.

Дарэчы, гаворачы пра сёньняшні гаротны стан беларускай эстрады, Уладзімер Карызна з настальгіяй узгадаў “Падмаскоўныя вечары” і песьні на словы Ісакоўскага. Вось, маўляў, з каго трэба браць прыклад сучасным маладым выканаўцам.

Чамусьці толькі юныя слухачы едуць шукаць шчасьця не ў братэрскую краіну на ўсходзе, але зусім  “у другую старану”.

Максым Пешка

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.