Ці можна гаварыць пра зьяўленьне “расейскай партыі” ў беларускай палітыцы?
Алесь Міхалевіч, партыя БНФ:
“ІСЬЦІ ПАД РАСЕЙСКІМІ ЛЁЗУНГАМІ – САМАГУБСТВА”
Пакуль што зарана гаварыць пра зьяўленьне ў нас такой партыі. Адназначна, што Крэмль пачаў актыўна гуляць на беларускай апазыцыйный сцэне. Але расейская партыя ў нас ня мае патэнцыйнай сацыяльнай базы. Зрэшты, яна і ня зьявіцца. Бо ўсе разумеюць, што ісьці пад расейскімі лёзунгамі – гэта самагубства. Так, у свой час інтэгратары, якія марылі аднавіць Савецкі Саюз, набіралі шмат галасоў. Але людзі, якія прапаноўвалі далучыцца да Расеі, кшталту партыі “Славянский собор “Белая Русь” (была такая напачатку 90-х), атрымлівалі галасоў ня больш за паўтара працэнта.
Сяргей Калякін, лідэр Партыі камуністаў беларускай:
“У НАС НЯМА ДЛЯ ГЭТАГА ПАДСТАВАЎ”
Не. У нас няма для гэтага падставаў. Расейскія партыі могуць існаваць у Эстоніі, Латвіі, там, дзе адбываецца дыскрымінацыя расейскай моўнай меншасьці. У нас такі канфлікт адсутнічае.
Мікола Статкевіч, старшыня партыі “Народная грамада”:
“ПРАРАСЕЙСКІЯ СІЛЫ НЯ ЗДОЛЬНЫЯ КАНСАЛІДАВАЦЬ ЛЮДЗЕЙ”
Уплывовых прарасейскіх партыяў у нас не было. Яны ўтвараліся, пасьля зьнікалі, не знайшоўшы падтрымкі ў той краіне, на якую былі арыентаваныя. Бо расейскі ўрад быў арыентаваны толькі на афіцыйныя ўлады, спадзеючыся, што некалі Беларусь стане часткай Расеі. А зараз там пачынаюць прыглядацца – а хто там у беларусаў ёсьць, акрамя ўлады, зьвяртаць увагу на апазыцыю. Безумоўна, гэтая прапанова з боку Расеі знаходзіць пэўны водгук. І зараз пачынае фармавацца прарасейская апазыцыя. Левы блёк у нас быў нядаўна ўтвораны пры падтрымцы з боку Расеі. Не абавязкова Крамля – Расея вялікая. Там дастаткова сілаў, якія пачынаюць шукаць базу ўнутры Беларусі. Калі з Расеі прыходзяць грошы, прычым, больш буйныя й больш хутка ў параўнаньні з грашыма Захаду, дык пачынаецца рэакцыя ўнутры палітычнага поля. І вось утвораны левы блёк, які пачынае ўсю гэтую гісторыю з кангрэсам. Будзе добра, калі дэмакратычнай кааліцыі ўдасца захаваць хаця б фармальнае адзінства. Бо рэальнага адзінства ўжо ня будзе. Занадта розныя арыентацыі: “у Эўропу” і “ў Расею”. Адзінае, што мяне суцяшае – гэта тое, што перамены ў Беларусі могуць адбыцца толькі з дапамогай масавых дзеяньняў людзей на вуліцы. А прарасейскія сілы па прыродзе сваёй ня здольныя кансалідаваць такія сілы. Пад іхныя лёзунгі людзі ня йдуць.
Аляксандар Дабравольскі, Аб’яднаная грамадзянская партыя:
“ДАЛЕЙ РАЗМОВАЎ СПРАВА НЯ ПОЙДЗЕ”
Гаварыць пра гэта можна колькі заўгодна. Але далей размоваў справа звыча йна ня йшла і, думаю, ня пойдзе. Нават калі будуць фінансавыя ўліваньні. Нагадаю, ужо былі спробы стварыць беларускае “Яблоко”, “Отечество”. Нічога з гэтага не атрымалася і, упэўнены, што не атрымаецца. Няма тут для такой партыі сацыяльнай базы. Шмат людзей у нас спачуваюць Расеі, але не настолькі, каб рабіць нейкія ўчынкі ці рызыкаваць сваім лёсам. Я ня веру ў тое, што ў нас можна стварыць расейскую партыю. Нават у ранейшыя часы, калі гэта было нашмат бясьпечней, і да таго ж, ішло ў рэчышчы афіцыйнай палітыкі, гэта не ўдалося. А зараз…
Уладзімер Навасяд, старшыня Партыі свабоды і прагрэсу:
“ГЭТАЯ СІЛА ЎЖО ЁСЬЦЬ”
Я думаю, што гэтая сіла ўжо ёсьць у Беларусі. Яна заўжды прысутнічала. Сьпярша як неарганізаваная палітычная сіла. Але ад гэтага яе палітычная вага не была меншай. Гэта, перш наперш, сілавыя структуры, гэта намэнклятура, гэта аналітыкі, якіх мы зараз вельмі часта можам бачыць на БТ і ў дзяржаўных выданьнях. Вядома, пры пэўных абставінах яны вельмі хутка могуць арганізавацца ў палітычную сілу. Хаця, на маю думку, некаторыя партыі ўжо зараз шмат у чым праяўляюць свае палітычныя памкненьні ў гэтым кірунку. Гэта, безумоўна, камуністы. Зрэшты, да прарасейскіх сілаў можна аднесьці ўвесь левы блёк.
Канстанцін, прадпрымальнік:
“НАШ БІЗНЭС БАІЦЦА РАСЕЙСКАЙ ЭКСПАНСІІ”
Нейкай буйной палітычнай сілы, якая б падтрымлівала расейскую экспансію ў Беларусь, быць ня можа. Уся эліта, як палітычная, гэтак і гаспадарчая, разумее, што як толькі сюды прыйдзе Расея, усёй гэтай эліце настане канец. Асабліва бізнэсу. Увесь беларускі бізнэс, пачынаючы ад майткаў і сканчаючы МАЗамі, сядзіць у сябе ў хатцы, па гэты бок вакна, празь якое ён можа нешта прадаваць. Але як толькі ён вылезе вонкі, ці нехта да яго залезе, яму будзе хана разам з усімі майткамі, чыпсамі і МАЗамі. Таму верхняя частка бізнэсу вельмі баіцца расейскай экспансіі. А што тычыцца нашай апазыцыі, дык гэта цалкам магчыма, але… Браць грошы ў расейскіх лібэралаў? У іх зараз у саміх праблемы. Хаця я дапускаю магчымасьць дробнай тактычнай гульні пад лёзунгамі “Разам з СПС” ці “Разам з “Яблоком”. Нягледзячы на ўвесь розум лібэралаў, у іх дагэтуль не выклікае адпрэчваньня ідэя славянскага брацтва.
Паўлюк Канавальчык, журналіст:
“НЯМА ГАВОРКІ ПРА ЗЬЯЎЛЕНЬНЕ НЕЙКАЙ НОВАЙ СІЛЫ”
Я думаю, што гаварыць можна. Бо дагэтуль Расея ставіла больш на Лукашэнку, як асобу. Але пасьля таго, як ён пачаў выходзіць, мякка кажучы, з-пад крамлёўскага кантролю, дык, ясная справа, – Расея зацікаўленая ў стварэньні ў Беларусі нейкай пракрамлёўскай партыі. Магчыма, тут не ідзе гаворка пра стварэньне новай сілы. Я думаю, будзе зробленая стаўка на адну з існуючых апазыцыйных партыяў. Можна казаць пра два варыянты, на якія можа паставіць Крэмль. Гэта, з аднаго боку, лібэральная апазыцыя, якая будзе лабіяваць постлукашэнкаўскую прыватызацыю на карысьць расейскіх манаполіяў. А з другога боку, гэта можа быць камуністычная апазыцыя, якая будзе граць на тых самых рэчах, на якіх граў Лукашэнка.
Уладзімер Мацкевіч, палітоляг:
“Я ВІТАЎ БЫ СТВАРЭНЬНЕ ТАКОЙ ПАРТЫІ”
Я ня чуў пра стварэньне такой партыі ці групоўкі, шчыра кажучы. Але я вітаў бы зьяўленьне такой партыі. Бо тады б мы ведалі гэтых людзей у твар. А так людзей, якія зьяўляюцца патаемнымі прыхільнікамі Масквы, у тым ліку на падсьвядомым узроўні, можна сустрэць амаль паўсюль. Я не пабаюся нават сказаць, што яны ёсьць сярод сяброў Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ (Пазьняка). А калі б была агучаная пэўная праграма такой партыі, дык было б лепей. У свой час у краінах, якія вызначыліся са сваім выбарам, былі Народныя франты і быў Інтэрфронт. У Беларусі свайго Інтэрфронту не было. “Інтэрфронтаўскай” была ўся краіна. Калі падсьвядомыя памкненьні не выносяцца на публічны ўзровень, зь імі немагчыма змагацца. А трэба было ў свой час іх падштурхнуць, каб іх прыхільнікі аб’ядналіся нарэшце, выказалі сваю палітычную плятформу. Каб усе бачылі, да чаго гэта вядзе.
March 8, 2007 у 21:03
Михалевичу. А что партия БНФ за 18 лет существования имеет больший % в Беларуси? Протерли все штана от своих заседаний и вояжей на Запад. Пятая колонна.