Падкрамлёўская апазыцыя
Ці варта ў барацьбе з Лукашэнкам аб’ядноўвацца з Масквой?
Масква спахапілася. Тамтэйшыя кіраўнікі раптам зразумелі, што ў Беларусі фактычна няма ніводнай прарасейскай палітычнай сілы. І тэрмінова пачалі арганізоўваць новую беларускую апазыцыю, якая мусіць быць падкантрольнай Маскве.
Ужо больш за дзесяць гадоў таму расейскае кіраўніцтва зрабіла свой беларускі выбар. Перад рэфэрэндумам 1996 году канфлікт у Беларусі дасягнуў такога градусу, што, каб урэгуляваць яго, з Масквы прыляцелі тагачасныя прэм’ер-міністар Віктар Чарнамырдзін і старшыні палат Фэдэральнага сходу Ягор Строеў і Генадзь Селязьнёў. Дзякуючы іхнай дапамозе, Аляксандар Лукашэнка перамог тады Вярхоўны Савет і фактычна ўсталяваў сваю абсалютную ўладу.
Аднак падзякі ад беларускага кіраўніка ў Крамлі не дачакаліся. Спадзяваньні на тое, што за палітычную падтрымку Лукашэнка заплаціць вабнымі кавалкамі беларускай прамысловасьці, ня спраўдзіліся. Больш за тое, хаўрусьнік пачаў час ад часу ашчэрваць зубы і на палітычным фронце. А пасьля таго, як у Крамлі засеў Уладзімер Пуцін, дачыненьні паступова зусім сапсаваліся.
Але пакуль Масква зразумела, што адбываецца, Лукашэнка пакрысе вытаптаў на палітычным полі ўсе парасткі прарасейскіх палітычных сілаў. Такім чынам, калі Крэмль канчаткова расчараваўся ў хаўрусьніку й пачаў аглядацца па бакох, на каго б у Беларусі зрабіць стаўку, высьветлілася, што выбар небагаты: альбо супрацоўнічаць з дэмакратычнай апазыцыяй, якую ў Маскве традыцыйна лічаць “агентурай Захаду”, альбо дамаўляцца з Лукашэнкам, які патрабуе занадта высокую цану за свае паслугі.
Павагаўшыся колькі гадоў, расейская палітычная эліта знайшла трэці варыянт: стварыць такую беларускую апазыцыю, якая б адпавядала патрэбам Крамля. Акурат цяпер мы назіраем за тым, як гэты працэс разгортваецца.
Пакуль што, праўда, такой апазыцыі няма. Але ўжо ёсьць ейны рупар – сайт “Белорусский партизан”. Кіруе ім вядомы журналіст Павел Шарамет, які паходзіць зь Беларусі, але даўно мае расейскае грамадзянства. Апошнім часам “партизан” разгарнуў кампанію дыскрэдытацыі Аляксандра Мілінкевіча: маўляў, такі лідэр нам не патрэбны. Ён і слабы, і падкантрольны Польшчы, і наогул, усё, што робіць – на карысьць КГБ.
Гэта ўжо не журналісцкае меркаваньне, на якое Шарамет мае права, а абвінавачаньне, якое патрабуе падмацаваньня доказамі. Аднак маскоўска-беларускі “партизан” сябе гэтым не абцяжарвае. Галоўнае – зьвінаваціць Мілінкевіча, а потым хай ён апраўдваецца. Не пацягне ж экс-кандыдат у прэзыдэнты Шарамета ў суд.
Раптам “партизан” надта ўстурбаваўся лёсам Кангрэса дэмакратычных сіл. Маўляў, варта яго правесьці як мага хутчэй. У чым рэч?
Небездакорная, мякка кажучы, сыстэма вылучэньня дэлегатаў на будучы Кангрэс прывяла да таго, што паводле сёньняшніх раскладаў большасьць на ім будуць мець сацыял-дэмакраты і камуністы-калякінцы. Менавіта да іхных лідэраў – яўных і тайных – зараз спрабуе заляцацца Масква. Праўда, часам атрымліваецца недарэчна. У адным з артыкулаў згаданага “партизана” старшыні Партыі камуністаў беларускай Сяргею Калякіну паабяцалі сьветлую будучыню. Прычым расьпісана ўсё з дакладнасьцю, якая выклікае замілаваньне: прэзыдэнтам Сяргей Іванавіч, канечне, ня будзе, аднак на пасаду сьпікера можа разьлічваць.
З гледзішча расейскай стратэгіі вельмі важна, каб кантрольны пакет у беларускай апазыцыі перахапіла тая яе частка, што пагодзіцца быць падкантрольнай Маскве. Зараз для гэтага ствараюцца зручныя ўмовы. Таму і шчыруюць прамаскоўскія публіцысты ў Беларусі, разумеючы, што ўжо праз паўгода сытуацыя можа зьмяніцца – прыкладам, калі стварэньне руху “За свабоду” пойдзе больш пасьпяхова.
І тут паўстае пытаньне: ці варта дзеля барацьбы з Лукашэнкам аб’ядноўвацца з Масквой? З аднаго боку, гэта ня самы слабы хаўрусьнік, які валодае магутнымі фінансавымі рэсурсамі. Але з другога, што атрымаюць беларусы ў выпадку паразы?
Калі коратка, дзьве галоўныя рэчы, за якія ідзе змаганьне – незалежнасьць і дэмакратыя. Хіба лад, які існуе ў самой Расеі, можна лічыць дэмакратычным? Так, ён выглядае крышку лепш, чым рэжым Лукашэнкі, але сутнасьць тая самая. Яшчэ невядома, хто на чыім фоне будзе выглядаць прыстойна праз пару гадоў.
Што тычыцца незалежнасьці, дык Масква яе ніколі ўсур’ёз не прызнавала. На словах яна можа абяцаць павагу да беларускага сувэрэнітэту. Але няма сумневу, што крамлёўскія стратэгі мараць у канчатковым выніку праглынуць Беларусь.
Таму цьвяроза ацаніўшы сытуацыю, варта быць вельмі асьцярожнымі ў дачыненьнях з Масквой. Ніхто ня кажа, што беларусы павінны зь ёй канфліктаваць. Аднак спадзявацца на тое, што яна вырашыць за нас нашы праблемы, таксама ня варта.