За мультымэдыйную канвэргенцыю!

Калі цэлы дзень слухаеш радыё, у галаве робіцца трасянка альбо кактэйль. Хачу расказаць пра адну фантазію, якая ўзьнікла ў мяне пасьля праслухоўваньня некалькіх перадачаў.

На мінулым тыдні беларускай службе Радыё Свабода далі прэмію за “мультымэдыйную канвэргенцыю”. Гэта значыць, што акрамя этэру, журналісты актыўна выкарыстоўваюць інтэрнэт і кнігі, тэксты і фотаздымкі. Ёсьць, праўда, перасьцярога, каб за ўсім гэтым не згубілася мастацтва вуснага слова. Але гэта асобная гаворка. Галоўнае, што будучыня радыё за інтэрнэтам.

На мінулым тыдні Тацяна Поклад у перадачы “Беларусы за мяжой” расказвала пра дыстанцыйнае навучаньне ва ўнівэрсытэтах. Выснова тая самая – будучыня навукі за інтэрнэтам.

Цікавая перадача была на расейскай “Свабодзе”. У праграме “Образование” ішла гутарка пра арыгінальную канцэпцыю школы для вандроўных народаў Поўначы. Цяперашняя школа, калі дзяцей такіх народаў забіраюць ад бацькоў, ад прывычнага ладу жыцьця і селяць у гарадзкія інтэрнаты, зьяўляецца нічым іншым, як “аксамітным генацыдам”. Замест гэтага прапануецца дыстанцыйнае навучаньне. Дзеля гэтага трэба, каб у кожным чуме былі дызэль, ноўтбук і падключэньне да касьмічнага інтэрнэту.

Час ад часу на Літоўскім нацыянальным радыё я слухаю перадачу “Радыё-лекцыя”. Трансьляцыя ідзе не са студыі, а з унівэрсытэцкай аўдыторыі. Паўгадзіны прафэсар чытае лекцыю, а потым яшчэ паўгадзіны адказвае на пытаньні студэнтаў і калегаў-выкладчыкаў. Атрымліваецца зьмястоўная, насычаная многімі галасамі перадача.

А цяпер кактэйль: от каб адна зь беларускіх незалежных радыястанцыяў замест таго, каб дубляваць паралельныя станцыі, заняла незанятую нішу адукацыйнага радыё!.. Хтосьці б слухаў яе як забаву, а хтосьці б вывучаў праўдзівую паліталёгію, гісторыю ды іншыя гуманітарныя навукі. Але ж –гэта толькі салодкая фантазія…

Сяржук Вітушка

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.