Касьцюшка на БТ
альбо 200 гадоў без прызнаньня на Радзіме
Ужо сама прэм’ера чатырохсэрыйнага фільма пра Тадэвуша Касьцюшку на 1-м канале Беларускага тэлебачаньня на мінулым тыдні ёсьць фактам незвычайным. А калі ўлічыць, што гэтай выключнай асобе ў гісторыі Беларусі чатыры вечары запар вылучаліся паўгадзіны этэру, ды яшчэ ў так званы прайм-тайм – адразу пасьля праграмы “Панарама”, міжволі падумаеш, што на дзяржаўным тэлебачаньні пачалі адбывацца нейкія зрухі.
На пастаноўку дакумэнтальнага тэлефільма былі выдаткаваныя, па ўсім відаць, немалыя грошы. Аўтар сцэнара і аўтарскай праграмы “Эпоха” – Алег Лукашэвіч пабываў у многіх мясьцінах, зьвязаных з імем Касьцюшкі: у ЗША, Польшчы, Францыі, Швэйцарыі. І гэта той выпадак, калі ў выйгрышы засталіся ня толькі стваральнікі фільма, але й гледачы, якія змаглі пераканацца ў тым, што імя іх вялікага суайчыньніка ведаюць і шануюць у Старым і Новым Сьвеце.
Для шмат каго зь беларускіх гледачоў, я думаю, стала адкрыцьцём, што беларускі шляхціц Касьцюшка быў ня толькі героем славутага паўстаньня 1794-га году, але героем амэрыканскай рэвалюцыі і вайны за незалежнасьць. Што па ягоных красьлюнках і пад ягоным кіраўніцтвам ствараліся, напрыклад, фартыфікацыі ў Вэст-Пойнце – там зараз месьціцца Вайсковая Акадэмія ЗША. Што інжынэрны і ваенны талент Касьцюшкі высока ацаніў першы прэзыдэнт Злучаных Штатаў Джордж Вашынгтан. Што аўтар амэрыканскай Дэклярацыі незалежнасьці Томас Джэфэрсан асабіста раіўся пры яе напісаньні з Тадэвушам Касьцюшкам, размаўляць зь якім лічыў для сябе за гонар. Што імем Касьцюшкі названыя вуліцы і ў Філядэльфіі, і ў Парыжы, і ў Кракаве, і ў Вільні. І ў швэйцарскім горадзе Салатурне, дзе Касьцюшка памёр 190 гадоў таму, і дзе ў музэі рэвалюцыянэра захоўваюцца ўнікальныя экспанаты. Сярод іх – маленькі пісталет, які Касьцюшка заўсёды насіў з сабой у кішэні.
Не абышлі аўтары фільма і тэму паўстаньня пад кіраўніцтвам Касьцюшкі ды задушэньня яго расейскімі войскамі, а таксама ролі ў гэтым графа Суворава. У фільме называюцца толькі некаторыя лічбы і факты. Сувораў, пасьля таго, як абарона Варшавы пала, учыніў у прадмесьці горада Празе крывавую разьню, не шкадуючы ні дзяцей, ні жанчын. Сярод ахвяраў расправы былі пяць тысяч беларусаў. За свае подзьвігі палкаводзец атрымаў у падарунак ад царыцы Кацярыны ІІ маёнтак у Кобрынскім павеце і 80 тысяч прыгонных душ у дадатак. Зараз у Кобрыні, побач з музэем Суворава, плянуюць пабудаваць праваслаўны храм-помнік у ягоны гонар.
Глядач, які даўно зачакаўся аднаўленьня гістарычнай праўды на экранах, гатовы дараваць многія хібы фільма пра Касьцюшку. Але ёсьць і адзін сур’ёзны пралік, які не стасуецца зь лёгікай.
Пра Касьцюшку ў фільме гавораць амэрыканскія, польскія, расейскія гісторыкі. Але не чуваць ніводнага беларускага. Больш за тое, прэм’ера фільма супала ў часе са звальненьнем з Інстытуту гісторыі Нацыянальнай Акадэміі Навук Яўгена Анішчанкі – найбольш дасьведчанага ў часах Касьцюшкі спэцыяліста.
Выглядае, што амаль праз два стагодзьдзі па сьмерці выдатнага сына беларускага народу, якому пастаўленыя помнікі ў розных краінах сьвету, афіцыйная гістарыяграфія Беларусі ўсё яшчэ не прызнае нацыянальнага героя за свайго. Ці варта гэтаму зьдзіўляцца, калі, да прыкладу, галоўнае вайсковае вучылішча краіны ўсё яшчэ мае назву “сувораўскае”?
Так што з высновамі пра зрухі ў дзяржаўнай ідэалёгіі, а таксама і на БТ пакуль пачакаем.