Бураціна ў беларускай вёсцы

Тое, чаго ня скралі ў аграгарадках, – разбазарылі

Гаспадарка

Дзіўныя рэчы адбываюцца ў нашай сельскай гаспадарцы. У сярэдзіне лютага было надрукавана інтэрвію Аляксандра Лукашэнкі расейскай газэце “Завтра”, дзе ён хваліўся аграгарадкамі, пабудаванымі ў апошнія гады – як там усё добра й прыгожа. А ўжо празь некалькі дзён кіраўнік Беларусі бэсьціў уласны ўрад за тыя ж самыя аграгарадкі.

“Безобразие. Принимаем программы, выделяем огромные финансы, а вы их там гробите”, — лямантаваў Лукашэнка. І закідаў прэм’ер-міністру Сідорскаму: “При принятии программы на вас, Сергей Сергеевич, была возложена главная ответственность — контроль за расходованием средств. Вы из рук вон плохо это делаете. Мы гоняемся за жуликами и проходимцами, но они воруют 500 тыс. долларов, миллион. Здесь же воруют десятки и сотни миллионов долларов “.

Да гэтага варта дадаць: тое, чаго ня скралі, — разбазарылі. Пра хібы аграгарадкоў ужо ходзяць легенды. Дамы там даволі дарагія, але няўтульныя. А шмат дзе ў пабудаваныя кватэры няма каго сяліць: на вёску сёньня маладых спэцыялістаў нават жыльлём складана завабіць.

Але ж не аднымі аграгарадкамі “праславілася” наша сельская гаспадарка. Як высьвятляецца, нягледзячы на каласальныя датацыі, яна ня можа прапанаваць прадукцыю канкурэнтаздольную па цане. Нават дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі прызнаюць гэта. Так, паводле ўрадавага агенцтва БЕЛТА, на складах Менскага мясакамбінату цяпер захоўваецца месячны аб’ём гатовай прадукцыі.

Уяўляеце сабе – месячны аб’ём! Прычым гэта ж не шкарпэткі, якія можна спадзявацца прадаць і праз паўгады. Мяса за гэты час, хутчэй за ўсё, папсуецца і пойдзе… ну, вы самі разумееце, куды яно пойдзе.

Праблема гэтая ўзьнікла з-за таго, што істотна скараціўся экспарт у Расею. Не па палітычных прычынах, як гэта можна было сабе ўявіць. Проста беларускае мяса для расейцаў занадта дарагое. Напрыканцы мінулага году цана на наш прадукт узьнялася. А вось у суседзяў гэтым часам мяса, наадварот, патаньнела. Таму цяпер расейцы яго ў нас не купляюць: нявыгадна.

Эканаміст Яраслаў Раманчук піша ў “Белгазете”: “Зьвесткі па фізычным аб’ёме вытворчасьці асноўных сельгаспрадуктаў пераконваюць, што большая частка грошай змарнаваная. Зернавых і зернабабовых плянавалі сабраць 6900 тыс. т, а па факту атрымалася амаль на 1 млн. т. менш – 5924,3 тыс. т. Бульбы меркавалі накапаць 9300 тыс. т., атрымалася 8329,4 тыс. т. – на 10,4% менш. Па гародніне плян крыху перавыканалі (плян – 2150 тыс. т., фактычна – 2173,5 тыс. т.), але гэта заслуга прысядзібных гаспадарак, а не калгасаў, што ператварыліся ў аграпрадпрыемствы. Урадзілі цукровыя буракі. Пры пляне 3290 тыс. т. было вырашчана 3980,3 тыс. т. Але ў кулюарах ураду ходзяць чуткі, што амаль 1 млн. т. цукровых буракоў ужо згніў”.

Але ўкладаньні ў абсалютна неэфэктыўную галіну будуць працягнутыя. Паводле праграмы адраджэньня вёскі, на гэтую мэту да 2010 году мяркуецца накіраваць амаль 70 трыльёнаў рублёў.

У гісторыю Беларусі гэта ўвойдзе альбо як гіганцкая афэра, альбо як найвялікшая дурнота. Так ці інакш, празь нейкі час мы будзем дзівіцца, на што пайшлі нашыя з вамі грошы. Але ж вярнуць іх ужо будзе нельга.

Беларускія грамадзяне ў гэтай сытуацыі выглядаюць, як калектыўны Бураціна, што пад пільным вокам лісы Алісы ды ката Базыля закопвае свае залатыя на полі цудаў. Але колькі ні чакай, грашовае дрэва на нашых палетках ня вырасьце.

Пры пэўных умовах сельская гаспадарка можа быць прыбытковай. Але дзеля гэтага яе трэба самым сур’ёзным чынам рэфармаваць. Цяперашняя ўлада гэтага рабіць не зьбіраецца. На той самай нарадзе, што згадвалася вышэй, Лукашэнка запатрабаваў, каб існуючы ў вёсцы лад быў захаваны бязь зьменаў.

Сяргей Савіцкі

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.