Эканоміка, у якой спыніўся час

Айчынная бытавая тэхніка пыліцца на складах

Гаспадарка

Экспарт нафтапрадуктаў – галоўны артыкул прыбыткаў бюджэту — стаў стратным. Улады РБ тэрмінова шукаюць, дзе пазычыць грошай. Бо інакш першае ж сур’ёзнае выпрабаваньне для пабудаванай рэжымам эканамічнай мадэлі можа апынуцца апошнім.

Тыднёвік “Беларусы і рынак” паведаміў сэнсацыйную навіну: у гэтым годзе на кожнай тоне нафтапрадуктаў, што ідзе на экспарт, Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод губляе 30 даляраў. Учорашняя залатая жыла сёньня сама цягне грошы.

Цікава яшчэ й іншае. Для нафтавых гульцоў пасьля памяншэньня акцызаў ды падаткаў у пачатку году выгадна прадаваць свае прадукты не за мяжу, а ў Беларусі. Менавіта гэта яны й робяць, хаця раней пастаўкі на ўнутраны рынак лічыліся стратнымі. Цяпер там узьнікла досыць моцная канкурэнцыя.

Урад за гэтым працэсам назірае без захапленьня. Для бюджэту лепш, каб нафтапрадукты экспартаваліся – тады ён атрымлівае значна большыя грошы. Каб падштурхнуць перапрацоўшчыкаў ды давальцаў да зьнешніх паставак, акцызы на нафтапрадукты, што рэалізуюцца на ўнутраным рынку, якія былі паменшаны ў пачатку году, у сакавіку мяркуецца ізноў падвысіць.

Варта зьвярнуць увагу вось на што. У студзені-лютым нафтавыя кампаніі атрымлівалі досыць вялікі прыбытак, і паміж імі ўзьнікла сур’ёзная канкурэнцыя. Здавалася, гэта мусіць прывесьці да зьніжэньня коштаў на той жа бэнзын. Аднак гэтага не адбылося. Больш за тое, на пачатку году кошты чарговы раз скокнулі дагары. І чарговае падвышэньне можна чакаць цяпер, калі ўрад ізноў павялічыць акцызы.

Пра канкурэнцыю варта ўзгадаць і ў зьвязку з ідэяй аб’яднаць вытворцаў тэлевізараў. Шмат гадоў “Гарызонт” і “Віцязь” існавалі паасобку, і адзін аднаму моцна не заміналі. Цяпер іх плянуецца аб’яднаць у адну “тэлевізійную вэртыкаль”.

Навошта гэта спатрэбілася? Дзяржаўныя мэдыі рэгулярна распавядаюць пра тое, якімі пасьпяховымі зьяўляюцца і “Гарызонт” і “Віцязь” – і раптам такія захады, якія звычайна выкарыстоўваюцца, калі прадпрыемствы ў глыбокім крызісе.

Сухія лічбы сьведчаць пра тое, што галіна, якая атрымлівала гіганцкую дзяржаўную падтрымку, толькі вонкава выглядае прыстойна. Паводле афіцыйнай статыстыкі, за студзень 2007 г. параўнальна са студзенем 2006 г. вытворчасьць тэлевізараў скарацілася на 39,5%. Аднак на складах іх – амаль два сярэднямесячныя аб’ёмы вытворчасьці.

Чаму так? Адказ просты: у Расеі пачалі працаваць свае прадпрыемствы, якія выпускаюць тэлевізары. Яны вельмі хутка дагналі “Гарызонт” і “Віцязь” як па колькасьці, так і па якасьці. Прытым некаторыя з расейскіх канкурэнтаў выпускаюць сваю прадукцыю не пад сумнеўнымі маркамі кшталту “Рубін”, а пад сусьветнымі брэндамі, якія выклікаюць давер у спажыўца – LG, Samsung і г.д.

Наўрад ці аб’яднаньне “Гарызонта” й “Віцязя” здольнае вырашыць гэтыя праблемы. Беларускія прадпрыемствы паступова губляюць сваю канкурэнтаздольнасьць на зьнешніх рынках. Такімі захадамі гэты працэс можна замарудзіць, але не спыніць. А да радыкальных крокаў кшталту запрашэньня заходніх інвэстараў беларускія ўлады па-ранейшаму не гатовыя.

Аднак з тэлевізарамі справа выглядае проста бліскуча на фоне сытуацыі з гадзіньнікамі. Іх папросту ніхто не купляе, але ўпарта працягваюць штампаваць. Сёньня ў Беларусі існуе запас гадзіньнікаў, роўны аб’ёму вытворчасьці за 21 месяц!

І ў гэтай сытуацыі вядзецца гутарка пра тое, што айчынная прамысловасьць мусіць выпускаць увесь спэктар бытавой тэхнікі – пыласосы, кандыцыянэры, фэны, прасы і г.д. Навошта? А каб плаціць за гэта не чужым дзядзькам валютай, а сваім — беларускімі рублямі. Тэарэтычна выглядае добра, але на практыцы ўсё атрымліваецца значна горш. Пару гадоў таму “Атлант” у дадатак да лядоўняў асвоіў вытворчасьць пральных машын. Цяпер імі ізноў жа забітыя склады прадпрыемства. Пральныя машыны ад “Атланта” аказаліся неканкурэнтаздольнымі нават на ўнутраным рынку, ня кажучы пра сусьветны.

Як зрэшты і ўся эканамічная сыстэма ад Аляксандра Лукашэнкі. Працаваць самадастаткова, як высьветлілася, яна ня ў стане. Спачатку “беларускі эканамічны цуд” забясьпечваўся шматмільярднымі датацыямі ад Расеі праз танныя энэрганосьбіты. Цяпер, каб усё ня ляснулася, урад шукае шматмільярдныя крэдыты. Але відавочна, што гэтыя грошы й гады будуць папросту змарнаваныя. І помнікам страчанаму часу можа быць гара гадзіньнікаў, якія нікому не патрэбныя.

Валеры Філін

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.