Сярэдні заробак – дзе які?

Суседзі

Як паведаміла Міністэрства статыстыкі й аналізу Беларусі, сярэдні налічаны заробак работнікаў па краіне склаў 617.244 рублі. Гэта меней, чым у леташнім сьнежні (668.049 рублёў) і нават чым у кастрычніку (618.425). У рэальным выражэньні (з улікам росту спажывецкіх цэнаў) заробак зьменшыўся на 4,7% у параўнаньні з кастрычнікам. У валютным эквіваленце сярэдні налічаны заробак работнікаў за студзень 2007 году зьнізіўся да 288,4 даляра ЗША.

Тым часам у суседняй Літве Дэпартамэнт статыстыкі гэтай краіны апублікаваў лічбу сярэднямесячнага заробку ў чацьвертым квартале 2006 г. Ён склаў 1731,3 літа або на 19,1 працэнт болей, чым у апошнім квартале 2005 году. У валютным эквіваленце гэта складае 655 даляраў ЗША. У дзяржаўным сэктары заробак вырас да 1802 літа (+17,5 прац.), у прыватным – да 1687 (+20,7 прац.).

Такім чынам, літоўцы сёньня атрымліваюць больш чым удвая за беларусаў. Пры гэтым камунальныя расходы нашых суседзяў ужо амаль такія самыя, як у Беларусі, а цэны ў крамах у Мінску і Вільні зраўняліся цалкам.

* * *

Дарэчы, Літва — адзіная з былых савецкіх рэспублік, дзе працягваецца працэс кампэнсацыі насельніцтву за страчаныя рублёвыя ўклады. 5-7 сакавіка ў банках Літвы чакаецца неверагодны наплыў кліентаў. У гэтыя дні на рахункі амаль 370 тысяч жыхароў краіны, якія страцілі свае савецкія зьберажэньні, дзяржава перавядзе каля 800 млн. літаў (прыблізна 307,6 млн. даляраў ЗША).

Аглядальнік

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.