Хлеб для сабакі
або Скалананьне мозгу
Агляд радыё
Ёсьць на Радыё Свабода любімая перадачка – “Агляд званкоў на “Свабоду”. Шалёную папулярнасьць яна, гэтая перадачка, набыла год назад, у часе прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Рэдакцыя, акрылёная посьпехам, што звоніць так многа людзей з розных куткоў Беларусі, дала перадачцы рэгулярны этэрны час. І патрапіла ў пастку. Бо не заўсёды ж знойдуцца вартыя ўвагі званкі. І запаланілі этэр графаманы. Пік абсурду выявіўся, калі пачаліся ўжо не празаічныя, а вершаваныя пасланьні. І што ж тут рабіць? Перадача ж патрэбная. Вось, напрыклад, 26-га лютага, у панядзелак, звоніць чалавек і расказвае: “Прывезла дачка з гораду хлеба. І як жа называецца? “Сувораўскі”. У рот не палез. Давялося скарміць сабаку”. Тут ёсьць і факт, і эмоцыя, і рашучае дзеяньне. Каб жа такіх званкоў было больш! Можа, трэба званкі аналізаваць і казаць слухачам, пра што варта распавядаць, а пра што не?
У той самы панядзелак у праграме Радыё Рацыя на частаце 612 кГЦ пачуў вельмі карысную перасьцярогу ў перадачы спадара Арцёмава “Побытавыя размовы”: “Будзьце асьцярожныя, на вуліцы можна пасьлізнуцца і атрымаць скалананьне мозгу!” Я скажу, што “скалананьне мозгу” можна атрымаць і ў хаце, слухаючы наша радыё. Чым ужо не спадабалася беларускае слова “трэсьці” і вытворнае ад яго “страсеньне”?
Сяржук Вітушка