Хто адкажа за “Казлабродзкую”?
Менчукі й народная тапаніміка
Агляд TV
Не хацелася б тыднёвы тэлеагляд ператвараць у агляд перадачы “Акно ў Эўропу” на канале RTVI. Але сюжэт, якім пачынаўся апошні выпуск гэтай перадачы, нельга абысьці ўвагай. Прысьвечаны ён быў адмове Мілінкевіча ўдзельнічаць у Кангрэсе дэмакратычных сіл. У якасьці адзінага экспэрта выступаў вядомы ў Беларусі сацыёляг, прафэсар Алег Манаеў. Ён назваў гэты крок Мілінкевіча памылковым і адназначна адмоўным як з гледзішча апазыцыі, гэтак і Захаду.
Кожны чалавек, зразумела, мае права на сваю думку. Але Манаеў у падмацаваньне сваіх словаў спаслаўся на “агульнае меркаваньне” супольнасьці палітыкаў, палітолягаў і журналістаў Беларусі. Магчыма, паважаны прафэсар пасьпеў правесьці сацыялягічнае апытаньне, якое сьведчыць на карысьць такога меркаваньня? Цікава было б пазнаёміцца зь яго вынікамі. Аднак, прафэсару сацыялёгіі перад тым, як выступаць ад імя іншых, варта было б зазірнуць у беларускі інтэрнэт, каб пераканацца, што большасьць яго наведнікаў, у тым ліку журналістаў, трымаюцца процілеглай думкі наконт учынку Мілінкевіча.
Але зь вяршыняў сучаснай сацыялёгіі й паліталёгіі спушчуся да іншай тэмы – перадачы зь немудрагелістай назвай “Мінск і мінчане” на канале СТВ. Адразу зазначу, што так званае рэгіянальнае, альбо ляакальнае тэлебачаньне набірае апошнім часам папулярнасьць ува ўсім сьвеце. Усё больш гледачоў хочуць ведаць не пра апошнія падзеі ў сьвеце – колькі чалавек забілі ў Іраку, каго Пуцін прызначыў якім міністрам, што сказаў Лукашэнка пра Пуціна і г.д. – а пра тое, што адбываецца непасрэдна ў ягоным горадзе ці мястэчку, якой была яго даўняя ці зусім нядаўняя гісторыя, як ён будзе разьвівацца далей.
З апошняй перадачы я, у прыватнасьці, даведаўся, што ў сталіцы Беларусі ўжо каля 100 тысяч аўтамабіляў. І што першае месца сярод машын, зарэгістраваных у ДАІ, па-ранейшаму складаюць “Жыгулі” – каля 30 тысяч. На другім і трэцім месцах — “Фальксваген” і “Форд”. І тых і другіх прыблізна па 20 тысяч. А вось “Бэнтлі” ў Менску ўсяго два, а “Мазераці” – толькі адзін. На месцы аўтараў перадачы я абавязкова пацікавіўся б – а хто ж уладальнікі (ну, хоць бы паводле сваёй прафэсіі) гэтых шыкоўных аўто.
Але ж аўтары паводзяць сябе асьцярожна. Яны, што называецца, дазуюць інфармацыю, спыняючыся, часам, на паўслове. У гэтым я бачу прыкмету, свайго роду фірмовы стыль сучаснай тэлежурналістыкі ў Беларусі.
Вось аўтары перадачы распавядаюць пра гісторыю вуліцы Янкі Купалы, якая была некалі Плябанскай, потым – Паліцэйскай, Набярэжнай, Кастрычніцкай. Узгадваюць яны й той факт, што пасьля вайны органы дзяржаўнай бясьпекі запярэчылі былі наданьню вуліцы Купалава імя. Сапраўднае прозьвішча паэта – Луцэвіч, нібыта, нагадала камусьці прозьвішча Луцкевіча. А хто такі быў Іван Луцкевіч, і чаму так збаяліся “органы” згадкі пра яго, гледачу вырашылі не паведамляць.
Найбольш цікавым у перадачы атрымаўся разьдзел, прысьвечаны народным назвам вядомых у Менску аб’ектаў ці мясьцін. Мы ўбачылі “даляр” – даўгі зьвілісты будынак зеленаватага колеру, “кукурузу” – шматпавярховыя дамы на вуліцы Веры Харужай, якія архітэктурай нагадваюць пачаткі гэтай расьліны. Даведаліся, што губэрнатарскі сквэр у цэнтры гораду называюць “Панікоўкай”, бо некалі камусьці прыйшло да галавы параўнаць скульптуру хлопчыка зь лебедзем, што ўпрыгожвае фантан у сквэрыку, з героем рамана “Залатое цяля” Панікоўскім і гусяй.
Магчыма, нехта з маладых гледачоў упершыню пачуў, што пасьля таго, як частку вуліцы Даўгабродзкай улады перайменавалі ў гонар партыйнага дзеяча Казлова, менчукі дружна сталі называць яе Казлабродзкай. А плошчу Незалежнасьці, якая раней называлася плошчай Леніна і на якой па-ранейшаму стаіць помнік правадыру, часам называюць Незаленіна.
Уявіць сабе, каб падобны сюжэт зьявіўся на экране тэлебачаньня гадоў дваццаць таму, немагчыма. Пасьля такой вольнасьці рэдактара адразу б зьнялі з пасады. Але мінае час, мяняецца характар цэнзуры. У тым самым сюжэце ані слоўцам не была згаданая, да прыкладу, Нацыянальная бібліятэка. А якіх толькі назваў яна ня мае ў народзе! І “дыямэнт, і “слоік”, і “чупа-чупс”… Чаму гэтыя прыклады народнай творчасьці былі абыдзеныя ўвагай? Глядач і сам лёгка здагадаецца.