Якім павінен быць наступны крок Аляксандра Мілінкевіча?

Пытаньне тыдня

Алег Трусаў, старшыня Таварыства беларускай мовы:
“ЯМУ ЗАСТАЛОСЯ ПІСАЦЬ МЭМУАРЫ”
Далей яму пісаць мэмуары засталося. “Як я змагаўся за вольную Беларусь”. Таму што калі ён ня створыць рух, які даўно абяцае, то будзе палітычным банкрутам. У яго адзіны шанец – стварыць уласную арганізацыю, ад імя якой ён будзе выступаць. Я не разумею, чаму ён гэтага не рабіў падчас выбараў, калі ў яго была ўнікальная магчымасьць. А калі ён гэтага не зрабіў тады, то зараз шанцы вельмі малыя. Калі ён такі рух ня створыць, яго можна сьпісваць з палітычнай арэны.

Зьміцер, настаўнік:
“ЁН ПАВІНЕН ЗАНЯЦЦА АРГАНІЗАЦЫЯЙ РУХУ”
Зараз яму трэба прыкласьці ўсе намаганьні, каб на 25-га сакавіка прыйшло як мага больш людзей. А пасьля сьвята – займацца арганізацыяй свайго руху.

Рыгор Сітніца, мастак:
“ЗНОЎ ТРЭБА ПАЧЫНАЦЬ З НУЛЯ”
Я б і сам паслаў гэты кангрэс. На месцы Мілінкевіча зрабіць гэта было абсалютна слушна, бо гэта поўны дурдом. “Ратацыйнае лідэрства”! Хто гэта выдумаў? У маразме ўдзельнічаць ня трэба. А наступныя крокі – гэта, калі ён здолее настаяць на сваім, і моладзь за ім пойдзе. І ліст ягоны Лукашэнку слушны. Я таксама гатовы хоць з чортам пабратацца дзеля нашых агульных мэтаў. Іншая справа, ці здолее ён стварыць той рух, пра які казаў. Такое ўражаньне, што зноў усё трэба пачынаць з нуля. Узгадваць 1988-ы год і пачынаць спачатку. Тым больш, што для гэтага нарасло шмат патэнцыялу. Лідэру ня трэба даказваць, што ён лідэр. З таго, што мы маем на сёньня, Мілінкевіч нейкі рэсурс мае. Чаго абсалютна ня маюць нашы “кангрэсмэны”.

Сяргей, вайсковы пэнсіянэр:
“МІЛІНКЕВІЧУ ТРЭБА ВЫКРУЧВАЦЦА”
Мілінкевічу зараз трэба выкручвацца з сытуацыі з гэтым лістом Лукашэнку. Эфэкту не атрымалася. Трэба зьвесьці ўсё да жарту, які ня ўсе змаглі дастойна ацаніць.

Алесь Анціпенка, выкладчык:
“НАСТУПНЫ КРОК ПАВІНЕН БЫЦЬ ПУБЛІЧНЫМ”
Аляксандар Мілінкевіч патлумачыў сваю адмову ад удзелу ў кангрэсе дэмакратычных сілаў тым, што трэба рыхтавацца да 25 сакавіка. Таму наступны крок павінен быць публічнай акцыяй. Іншая рэч, што публічных акцыяў у нас ужо было зашмат. Таму, безумоўна, яму трэба адказаць на некалькі важных пытаньняў. Навошта зьбірацца на плошчы? Што там рабіць? Які ад гэтага будзе вынік? Калі ён адкажа эфэктыўным чынам хоць на адно з гэтых пытаньняў, тады акцыя 25 сакавіка будзе сапраўды наступным крокам у разьвіцьці сытуацыі на карысьць Мілінкевіча.

Юрась, студэнт:
“ЁН ДЛЯ МЯНЕ НЯ ЛІДЭР”
Яму трэба як мага больш элегантна і хутка выехаць за мяжу. І там застацца. Бо пасьля мінулай вясны Мілінкевіч для мяне больш ня лідэр.

Уладзімер Колас, старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі:
“ЁН ПАВІНЕН ЗААХВОЦІЦЬ УСІХ ДА СУПОЛЬНАЙ ПРАЦЫ”
Я лічу, што ад самага пачатку ён павінен быў зрабіць тое, чаго я пакуль не дачакаўся. Вызначыць, прапанаваць мэту дзейнасьці аб’яднаных сіл, усіх нас і прапанаваць стратэгію і тактыку дасягненьня гэтых мэтаў. І гэтая мэта і стратэгія павінны быць настолькі пераканаўчымі, каб усіх заахвоціць да супольнай працы. І тады ўсе астатнія праблемы стануць нічога ня вартымі. Яны ўсе зьнікнуць. Ён павінен быў, як толькі трапіў на гэтую пазыцыю, арганізаваць, зрабіць каманду. Ён жа выйшаў з камандных відаў спорту. І чамусьці ў палітыцы  ён не праяўляе гэтай жылкі аб’яднаўчай.

Крысьціна Шацікава, грамадзкая актывістка:
“ЯМУ ТРЭБА ТЭРМІНОВА СТВАРАЦЬ СВАЮ ПАРТЫЮ”
Мілінкевічу трэба тэрмінова ствараць сваю партыю. Бо момант для гэтага як ніколі ўдалы. Лукашэнка надакучыў усім. А ў падкорцы электарату Мілінкевіч жыве, як лідэр, які нікуды ня зьехаў. І ягонае разыходжаньне з партыйнымі структурамі таксама грае на ягоную карысьць. Бо слова “апазыцыя” ў нас стала ледзь ня лаянкай. І лідэр, які ня мае дачыненьня да яе, які гатовы весьці дыялёг з Лукашэнкам, і які так не падобны на яго – такі лідэр можа бліжэйшым часам разьлічваць на сур’ёзную падтрымку людзей.

Уладзімер Мацкевіч, філёзаф:
“ДЛЯ МІЛІНКЕВІЧА ГЭТА ТЭСТ”
Ліст да Лукашэнкі, які, на маю думку, быў вельмі добрым крокам, зьяўляецца тэставым. Гэта такое выпрабаваньне. І адсутнасьць адказу на гэты ліст з боку адміністрацыі ёсьць пэўным чынам вызначаная пазыцыя. Я ня ўпэўнены, што Мілінкевіч мог добрыя высновы зрабіць пасьля таго, як ён такім чынам пра-тэставаў адміністрацыю. Але ж гэта трэба зрабіць. Трэба высьветліць, што магла ці павінна была адказаць адміністрацыя, калі б яна вызначылася ў накірунку. І што значыць адсутнасьць адказу і пра які накірунак гэта сьведчыць. Што тычыцца кангрэсу. Я думаю, што і папярэдні кангрэс для Мілінкевіча быў ня вельмі зручным сродкам для вызначэньня сябе як лідэра. Лідэрства трэба браць. Таму сёньня Мілінкевіч, адмовіўшыся ад удзелу ў кангрэсе, павінен працягнуць свае дзеяньні нейкім учынкам. Таму што ў палітыцы немагчыма спыніцца. Гэта як язда на ровары: калі ты спыніўся, дык упадзеш. Трэба рухацца, і, больш за тое, павялічваць тэмп. Калі ты ня ведаеш, што далей, трэба ўстрымацца ад дзеяньняў. Лябедзька, Вячорка, іншыя кіраўнікі партыяў ніколі ня думаюць на два хады наперад. А зараз паглядзім – для Мілінкевіча гэта таксама тэст. Сакавіцкія падзеі летась паказалі, што тады ніхто ня думаў пра хады наперад. А трэба было думаць.

Андрэй Саньнікаў, каардынатар “Хартыі’ 97”:
“НА ПЛОШЧЫ МЫ ЎБАЧЫМ, ХТО ЛІДЭР”
Такім крокам павінна стаць 25 сакавіка. І менавіта там, на плошчы, мы ўбачым, хто сапраўдны лідэр. А ня тыя штучныя інтрыгі, якія мы назіралі цягам апошняга часу. Гэта будзе лягічны наступны крок. І калі вытрымаць гэтую лінію, маю на ўвазе тое, што закладзена ў лісьце да Лукашэнкі – што мы павінны клапаціцца зараз аб каштоўнасьцях беларускай незалежнай дзяржавы… Калі пасьлядоўна гэта рабіць, я думаю, людзі заўважаць, што тут не палітычныя амбіцыі, але менавіта клопат пра сваю дзяржаву і народ. І тады тут будзе ня тое, што канкурэнцыя, а прамы выклік сёньняшнім уладам.

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.