У чаканьні абвалу рубля

Уласнасьць

Толькі за першы месяц сёлета цэны на жыльлё ў Менску вырасьлі на 30%. Сёньня аднапакаёўка ў сталіцы каштуе больш за 50 тысяч даляраў.

Не адстаюць ад Менску і абласныя цэнтры. Цэны там пакуль яшчэ не астранамічныя, але таксама нашмат перавышаюць магчымасьці большасьці патэнцыйных пакупнікоў. А спэцыялісты па нерухомасьці сьцьвярджаюць катэгарычна – цэны на жыльлё будуць расьці і надалей.

“Людзей сапсавала жыльлёвае пытаньне”, – гэтая цытата з савецкай клясыкі захоўвае сваю актуальнасьць дагэтуль. Для пераважнай большасьці маладых сем’яў купіць кватэру сёньня нерэальна. Ды й для ня вельмі маладых — таксама. За апошнія сем гадоў квадратны мэтар жыльля падаражэў на рынку продажу ў 6-7 разоў.

Колькі разоў з высокіх трыбунаў гучалі абяцанкі зрабіць жыльлё даступным, а нічога не мяняецца. Дзяржаўныя праграмы будаўніцтва ня ў стане зьняць напружаньне на рынку жыльля. Ды ніхто, выглядае, і не імкнецца да гэтага ўсур’ёз.

Існуюць розныя спосабы зрабіць жыльлё даступным. Гэта так званая іпатэка, розныя сыстэмы будаўнічых укладаў у банках – яны дзейнічаюць у розных эўрапейскіх краінах. Але ўсе спробы ўкараніць іх на беларускай глебе рана ці позна правальваліся. Урад, відаць, не зацікаўлены ў вырашэньні кватэрных праблем насельніцтва. А ўсе спробы зрушыць справу з дапамогай камандна-адміністрацыйных мэтадаў неэфэктыўныя паводле вызначэньня.

Цяперашні рост цэнаў спэцыялісты зьвязваюць з ростам цэнаў на расейскія энэрганосьбіты. Насамрэч, тут можна вылучыць два складнікі. Першы зьвязаны з чаканьнямі насельніцтва. Дакладней сказаць, нічога добрага ў сувязі з ростам цэнаў на энэрганосьбіты яно для сябе не чакае. Ходзяць чуткі аб дэвальвацыі рубля, дэнамінацыі. Выглядае, што ніякія абвяржэньні чыноўнікаў дзяржаўных органаў кіраваньня ўжо ня могуць пераканаць беларусаў у тым, што абвалу рубля ня будзе. Як сказаў адзін знаёмы эканаміст, “грамадзтву, у якім усе вераць у абвал курсу нацыянальнай валюты, гэтага абвалу не пазьбегнуць”. Па-сутнасьці, для таго, каб пачалася ланцуговая рэакцыя, дастаткова, каб частка насельніцтва пачала здымаць грошы з банкаўскіх рахункаў. За імі пацягнуцца астатнія, і беларускі рубель паляціць дагары нагамі. Тым больш, што цяперашні яго курс адносна даляра і без таго, мякка кажучы, не адпавядае рэчаіснасьці.

Спрыяюць панічным настроям і банкі, якія перасталі выдаваць крэдыты ў беларускіх рублях, у тым ліку – на будаўніцтва жыльля.

У сувязі з гэтым многія імкнуцца ўкладваць назапашаныя грошы ў нерухомасьць, бо на сёньняшні дзень гэта самы эфэктыўны спосаб захаваць і памножыць свае зьберажэньні. Гэта і паслужыла штуршком росту цэнаў на жыльлё.

Другая праблема – непазьбежнае падаражаньне з-за цэнаў на энэрганосьбіты. У будаўнічай галіне пачалося ўжо бязладзьдзе. Прадпрыемствы, якія вырабляюць будматэрыялы, ня хочуць іх прадаваць па сёньняшніх цэнах, бо гэта азначае для іх страты. А павысіць цэны яны ня могуць з-за дзяржаўнага рэгуляваньня. Сёлета, як кажуць будаўнікі, не пачалі будаваць ніводнага новага дому. Зь цяжкасьцю спрабуюць завершыць будаўніцтва, пачатае раней. Уступіў у сілу новы парадак налічэньня падатку на дабаўлены кошт у будаўніцтве. І  калі раней будаўніцтва жыльля было вызваленае ад платы ПДК, дык зараз гэта тычыцца толькі аб’ектаў, якія трапілі ў сьпіс, зацьверджаны асабіста прэзыдэнтам.

Пакуль такога сьпісу няма, і калі ён зьявіцца – ніхто ня ведае. А значыць, у лютым згаданы падатак будуць плаціць усе. Адно гэта прывядзе да росту цэнаў на 18%.

Дзяржава спрабуе цыраваць дзіркі ў бюджэце за кошт любой магчымасьці. А будаўніцтва заўсёды ў гэтым сэнсе было зручнай галіной. Зразумела, што жыць на вуліцы пры беларускім клімаце ня будзеш, і кожны, хто мае магчымасьць адкласьці хоць нешта на жыльлё, будзе вылузвацца са скуры, каб дамагчыся жаданай мэты – набыць кватэру.

Паводле прагнозу, цэны на жыльлё хутка стабілізуюцца. Але не таму, што вырасьце прапанова. Проста ў большасьці насельніцтва ня будзе магчымасьці нешта купіць. А вось больш танным жыльлё дакладна ня стане. Для гэтага няма ніякіх падставаў. А ўсе дзяржаўныя казкі пра даступнае жыльлё застануцца казкамі. Памятаеце, як за савецкім часам абяцалі кожнай сям’і асобную кватэру да 2000-га году?

Зараз на двары год 2007-ы. Для таго, каб вырашыць праблему жыльля, трэба мяняць сыстэму эканомікі. Але ніхто гэтага рабіць не сьпяшаецца.

Алег Ман

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.