Каралева Нудота
Фэльетон
Невядома, калі скончацца спрэчкі, з-за чаго разваліўся Савецкі Саюз? І ніхто не ўзгадвае аднаго з найістотнейшых, на маю думку, чыньнікаў – нудоту.
СССР быў ня толькі “імпэрыяй зла”. А яшчэ й цытадэльлю нудоты. Татальнай, беспрасьветнай.
Змагаліся й зьнішчалі, або намагаліся зьнішчыць усё, што выбівалася з роўных шэрых шэрагаў – ад “правых” і “левых” ухілаў да міні-спадніц і вузкіх штаноў.
Не бяруся апісваць нудоту “палітінфармацый” і “унівэрсытэтаў марксізму-ленінізму”, — гэта можа зрабіць толькі дзяркатае пяро Вінцэся Мудрова.
Хто ведае – мо калі б члены Палітбюро хоць раз зьявіліся на трыбуне маўзалею ў чорных рокерскіх куртках з ланцугамі, а таварыш Суслаў яшчэ й з панкаўскім “пеўнікам” на галаве, — магчыма, дагэтуль жылі б мы ў эсэсэсэры!..
А “міні” зьніклі самі – бо надакучылі і зьмяніліся на “максі”, якія, у сваю чаргу, таксама прыеліся.
Няма такой зьявы ці занятку, якія б урэшце не надакучылі.
Хутчэй за ўсё, з гэтай прычыны сканчаліся “трыццаці-“ і “стогадовыя” войны.
Некалі надакучыць і сунітам забіваць шыітаў, а шыітам – сунітаў. Як абрыдла ўзаемазьнішчацца тутсі і хуту.
Нудота ратуе сьвет.
Непадалёк нашага дому жыве ня дужа маладая сям’я. Часам бачна, як гаспадар, звыклы “рабацяга”, дабіраецца ад аўтобуснага прыпынку па складанай сынусоідзе ў свой дамок. Потым доўга чуюцца крыкі гаспадыні, у паветры лунаюць словы, якія ў тэлеперадачах замяняюцца сыгналам “піп”.
Посуд, аднак, ня б’юць – жывуць ашчадна.
Калі ўрэшце ўсё заціхае, усталёўваецца мір, прыяжджаюць сябры. Замірэньне сьвяткуецца бурна, грыміць музыка, усю ноч гарыць на вуліцы яркае сьвятло, зноў разносяцца “піпы”, але – вясёлыя.
Так і жывуць. І не разводзяцца, бо – ня нудзяцца!
А колькі прыстойных, інтэлігентна-духоўных сем’яў развальваюцца гады праз два-тры!
Нудоту перамагчы нельга. Можна толькі яе бясконца забіваць.
Ці можа знудзіцца забіваньне нудоты – вось пытаньне пытаньняў! Яно ўзьнікае, калі назіраеш скручаных у абаранак прыкаваных да манітораў падлеткаў.
Ім нудна й нецікава ўсё, што існуе асобна ад іхных кампутараў.
Скажы мне, ад чаго ты нудзісься, і я скажу – хто ты.
Цікава, што ў беларускай мове няма адпаведніка слову “скука”. “Нудзіцца”, “сумаваць” – гэта не зусім тое. “Нудзіць” – гэта ўвогуле яшчэ значыць і “цягне на ваніты”. Ці беларусы ня мелі часу для “скуки”?
Нічога так ня рухае наперад мастацтва, як нудота.
Гісторыя любога стылю: зьявіўся, разьвіўся, перамог, – надакучыў.
Вядома, кожны стыль перакананы – ён прыйшоў надоўга, а ўпотайкі верыць – назаўсёды.
Так было на нашай памяці з “сацрэалізмам”, так будзе і з акупантам цяперашніх галерэяў, выставачных заляў, кніг, тэатраў – “постмадэрнізмам”.
Нідзе так нельга адпачыць ад гарадзкой мітусьні і натоўпаў у любым буйным горадзе, як на выставе “сучаснага мастацтва”. Амаль гарантыя, што вы будзеце там у поўнай адзіноце. Пакуль вы самі не захочаце вырвацца з шэрых абдымкаў нудоты.
А вось іншы выпадак – з Тым, пра Каго ні ў якім выпадку нельга казаць зусім-зусім нічагусенькі кепскага. Бо трапіш пад артыкул, а потым – і за краты.
Маю на ўвазе таго, хто прыдумаў бяспройгрышную лятарэю – “Вы галасуйце, а галасы буду лічыць я сам”. І ўпэўнены – так будзе заўсёды.
Крытыка, абурэньні, пікеты, пратэсты, галадоўкі, – як з гусі вада.
Ды вось нядаўна пачуў у тэлевізары страшны прысуд – канчатковы і безапэляцыйны!
ОН ВСЕМ НАДОЕЛ!