Цырк на дроце

Пра палітвязьняў і тэлевядоўцаў

Агляд TV

“Акно ў Эўропу” на канале RTVI, пра якое мне ўжо даводзілася пісаць, далёка ня ў кожным выпуску згадвае Беларусь. А калі згадвае, дык неяк абстрактна, у агульным выглядзе. У асноўным – цераз прызму дачыненьняў ЭЗ і Расеі.

У мінулыя выходныя перадача парадавала. Сюжэт, які яе адкрываў, ня проста расказваў пра сытуацыю з Казуліным. (Пра магчымасьць вызваленьня яго з-за кратаў шмат пісалі апошнім часам беларускія незалежныя СМІ.) Галоўнае слова ў сюжэце было аддадзена Сяргею Скрабцу, які сядзеў нейкі час разам з Казуліным у лягеры перад сваім вызваленьнем. Там ён абвясьціў галадоўку салідарнасьці з экс-кандыдатам у прэзыдэнты, які на той час галадаваў бестэрмінова.

Скрабец і раней не аднойчы ўдзельнічаў у галадоўках пратэсту, таму з уласнага вопыту ведае, што фізычна адчуваў і адчувае цяпер Казулін. Калёнія – не санаторый, там нармальных умоваў для галадаваньня (калі сам працэс можна назваць нармальным) няма, таксама, як і для выхаду зь яго. Вяртаньне да нормы праходзіць, паводле былога палітвязьня, вельмі доўга, вельмі балюча. Наступствы для здароўя чалавека, у тым ліку для яго псыхікі, могуць быць цяжкімі. Тым больш уражвае мужнасьць Казуліна, які змог захаваць нязломнасьць духу і ясны, цьвярозы розум – калі меркаваць па тых словах, што перадаюць на волю ягоныя сваякі і адвакат Ігар Рынкевіч.

Самае важнае было нават не ў тым, што казаў Скрабец, а ў тым, што глядач мог пабачыць ягоны твар.

Такія твары ня ўбачыш на беларускім тэлебачаньні. Ня ўбачыш і на расейскім. Усё больш сытыя цынічныя твары рознага кшталту палітыкаў, палітолягаў, журналістаў, шоўмэнаў і поп-зорак, паміж якімі ўжо амаль няма ніякай розьніцы. Нават калі яны, быццам бы, па справе гавораць – усё адно, глядзіш на такога гладкаскурага, глямурнага пэрсанажа і – ня верыш ніводнаму ягонаму слову. Скрабцу верыш безумоўна. І ў гэтым удача журналіста з “Акна ў Эўропу”.

Тым часам, з адным знакамітым шоўмэнам – Ягорам Хрусталёвым, на ОНТ здарыўся пракол. Падчас тэлепраграмы ў модным цяпер жанры рэаліты-шоў “Зорны цырк” ён зьвярнуўся да запрошанай на перадачу Лідзіі Ярмошынай з просьбай ацаніць выступ артыстаў-гімнастаў. Пры гэтым ён дадаў фразу: “гэта зрабіць складана, але пасьля выбараў Вам ужо, напэўна, нічога ня страшна!”

Гэтую фразу многія гледачы з захапленьнем абмяркоўвалі потым у інтэрнэце.

Я ня ведаю, ці хацеў папулярны тэлевядоўца падкалоць старшыню Цэнтарвыбаркаму, але прагучала ягоная фраза даволі трапна.

Сумна, аднак, тое, што ідэя цыркавога шоў з удзелам папулярных артыстаў зьдзёртая з аналягічных праграмаў на расейскіх тэлеканалах. На 1-м – танцы, на РТР – фігурнае катаньне з удзелам прафэсійных спартоўцаў і зорак эстрады. Няўжо нельга было прыдумаць нешта сваё, і цырк – гэта вяршыня мастацкіх жанраў для беларускіх рэжысэраў і тэлевядоўцаў ОНТ?

Максім Пешкаў

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.