Якім будзе адказ Лукашэнкі на ліст Мілінкевіча?

Пытаньне тыдня

Андрэй Фёдараў, палітоляг:
“НІЯКАГА АДКАЗУ НЯ БУДЗЕ”
Ліст застанецца незаўважаным. Мне здаецца, гэта настолькі непрымальна для нашага кіраўніка – атрымаць нейкую дапамогу з боку апазыцыі, ён настолькі ня любіць апазыцыю, што ня прыме ад яе нічога. Толькі, можа, у самым скрайнім выпадку. Але ён, на мой погляд, яшчэ не наступіў. Кантакт з апазыцыяй для яго табу. Гэтым ён прадэманструе свайму электарату нейкую слабіну, чаго ён дапусьціць ніяк ня можа. Я нават не ўяўляю, якія абставіны павінны быць, каб ён пайшоў на кантакт.

Валянцін, прадпрымальнік:
“МІЛІНКЕВІЧА Я НЕ РАЗУМЕЮ”
Лукашэнка будзе маўчаць. Можа, пасьля, празь некалькі месяцаў ён дазволіць сабе пазьдзекавацца, неяк зьедліва пажартаваць на гэты конт. А Мілінкевіча ў гэтай гісторыі я не зусім разумею. З кім гэта ён наважыўся партнэрстваваць? З чалавекам бяз прынцыпаў і без сумленьня?

Анатоль Ляўковіч, першы намесьнік старшыні БСДП “Грамада”:
“ЯГО ПАЗЫЦЫЯ – НЕ ЗАЎВАЖАЦЬ АПАЗЫЦЫЮ”
Адказу ня будзе. На мой погляд, гэта яго пасьлядоўная пазыцыя – не заўважаць гэтую апазыцыю. Бо адказаць на ліст Мілінкевіча, дзе той падпісаўся не як старшыня палітычнай рады, а як экс-кандыдат, гэта значыць прызнаць, што апазыцыя ёсьць. Што зь ёй трэба весьці палітычны дыялёг, лічыцца, як у любой цывілізаванай краіне. А што спадар Лукашэнка сьцьвярджае заўжды? Што няма ў нас апазыцыі. Адно “адмарозкі” нейкія, як ён выказваецца. Таму з адмарозкамі яму няма чаго абмяркоўваць, паводле ягонай лёгікі.

Паўлюк Канавальчык, галоўны рэдактар зачыненай газэты “Навінкі”:
“АДКАЗАЦЬ ЁН МОЖА ТОЛЬКІ СПРАВАЙ”
Я думаю, што рэагаваць яму няма ніякага сэнсу. Толькі калі нейкай справай. Напрыклад, сапраўды, зьявіцца на плошчы Каліноўскага 25-га сакавіка. Магчыма, не аднаму, а з картэжам сваіх паплечнікаў. У дадзенай сытуацыі, мне здаецца, няма карысьці Лукашэнку нейкім чынам фармальна на ліст адказваць. Альбо ўчынкам, альбо ніяк.

Андрэй Клімаў, былы палітзьняволены:
“ЛУКАШЭНКА НЕ АДСТУПІЦЬ”
Мілінкевіч для яго не існуе. Калі футбольнай зорцы Зінэдзіну Зідану з трыбуны кідаюць пустую бляшанку, то ён не ўспрымае гэта як пас. Людзі замінаюць яму гуляць. Лукашэнка не для таго робіць рэвэрансы Захаду, каб аслабіць свае пазыцыі ў краіне. Любы кантакт з апазыцыяй будзе азначаць, што Лукашэнка адступае. І тут працэс будзе незваротны. Ён, як дыктатар, гэта цудоўна разумее. Таму было проста сьмешна чытаць камэнтары некаторых палітолягаў на тэму, як нам сябе паводзіць, калі ён пойдзе на кантакт.

Марыя, пэнсіянэрка:
“НЕВЯДОМА, КОЛЬКІ ЧАСУ ПАВІННА МІНУЦЬ”
Нічога ён не адкажа на гэты ліст. Бо Лукашэнка больш патрэбны Мілінкевічу ў гэтай сытуацыі, чым Мілінкевіч Лукашэнку. Невядома, колькі яшчэ часу павінна мінуць, каб Лукашэнка пачаў сур’ёзна губляць папулярнасьць у шырокіх масах.

Уладзімер Колас, старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі:
“ЁН НЕ ЗЬБІРАЕЦЦА КАЯЦЦА”
Такі адказ зараз будзе надта дорага Лукашэнку каштаваць. Ад яго сапраўды чакаюць, як ад чалавека, што нешта ён зразумее, нешта ў ім абудзіцца, і ён зробіць тое, што лягічна вынікае зь цяперашняй сытуацыі. Але гэта чалавек, які фармаваўся савецкай сыстэмай, і ён прадукт той сыстэмы. І калі ён сасьпее, каб зрабіць адпаведныя высновы, тады ён зробіць гэта. Але зараз усё паказвае на тое, што аніякіх высноваў ня зроблена. І ён працягвае рабіць тое, што рабіў заўжды. Апошняе – дзеяньні супраць нашай моладзі: Задзіночаньня беларускіх студэнтаў, Маладога фронту. І калі адбываюцца такія дзеяньні, выходзіць з падобнымі прапановамі, мякка кажучы, наіўна. Але нашая пазыцыя павінны быць заўсёды хрысьціянская. Калі грэшнік каецца, можна яму дараваць. Але ніхто не зьбіраецца каяцца.

Кацярына, настаўніца:
“МОГУЦЬ БЫЦЬ СЮРПРЫЗЫ”
Гэтая сытуацыя для Лукашэнкі вельмі нечаканая. І яна можа ўвесьці яго ў пэўны ступар. Яму патрэбны час, каб нешта асэнсаваць, прыйсьці ў сябе, пралічыць варыянты паводзінаў. І празь нейкі час ён можа павесьці сябе абсалютна нечакана. Ён у нас такая асоба цікавая, што чым больш часу ён думае, тым больш непрадказальна дзейнічае. Сам сябе накручвае. Таму могуць быць зь яго боку сюрпрызы.

Валянцін Акудовіч, філёзаф:
“У ЯГО ВАРЫЯНТАЎ НЯМА”
Ня бачу хоць якіх падставаў, каб Лукашэнка зрабіў нейкія рухі ў зьвязку зь лістом Мілінкевіча. Па-першае, наша апазыцыя ня ёсьць для яго той рэальнай палітычнай сілай, прынамсі сёньня, на якую варта зьвяртаць увагу. Па-другое, нейкім чынам адгукнуцца на ліст Мілінкевіча – гэта паставіць пад сумнеў усе тыя рэпрэсіі, усё тое шальмаваньне апазыцыі, якое вялося цягам усіх гэтых дванаццаці гадоў. Зараз ён да такога кроку не гатовы, хаця яму ўласьціва рабіць кульбіты. Але сытуацыя не дае падставаў да кардынальнага развароту. Ды ня хоча ён ніякага кантакту з Захадам. Рэч у тым, што ўсе яго рэвэрансы скіраваныя ў бок Расеі. Спроба яе неяк ці запалохаць, ці ўмілажаліць. Паказаць, што ў яго ёсьць варыянты акрамя Расеі. А ў яго гэтых варыянтаў няма. Ён псыхалягічна ня можа ўтоесьніцца з Захадам. Ня кажучы пра дэмакратыю. Для яго сьвет існуе толькі на Ўсходзе. Захад для яго толькі сродак, каб вярнуцца да суладзьдзя, суіснаваньня з Расеяй. Ён блефуе, як картачны гулец. Але парадыгму разьвіцьця Беларусі ён ня зьменіць, нават калі паўстане пагроза існаваньню яго як палітыка. Ды нават як чалавека.

Водгукаў на публікацыю “Якім будзе адказ Лукашэнкі на ліст Мілінкевіча?”: 57

  1. СПАМ кажа:

    Читая все это становится очень смешно. Если три человека считают что они оппозиция и пишут какие-то дурацкие письма и думают что их воспримут в серьез, то правильно гворит Лукашенко, что ему повезло с оппозицией, дай Бог каждому такую. Господа не несите ахинею.

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.