У ролі Бурыданава асла
Палітыка
Пачынаючы нафта-газавае супрацьстаяньне з Расеяй, на такі сумны вынік Лукашэнка, зразумела, не разьлічваў. Паводле яго пляну, усё павінна было пайсьці йнакш. Збаяўшыся падзеньня свайго “апошняга фарпосту” на Захадзе, а галоўнае – праблем з транзытам энэргарэсурсаў у Эўропу, Расея павінна была прасіць прабачэньня ў кіраўніка Беларусі й асадзіць назад. І пры гэтым пакінуць цэны на энэрганосьбіты, як для Смаленскай вобласьці ды скасаваць мыта на нафту.
Аднак, хоць Расея сапраўды крыху асадзіла назад, пакінуўшы Беларусі самыя выгадныя ўмовы сярод краінаў-імпартэраў, але кошт газу ўсё ж такі ўзрос. І гэта, у сваю чаргу, пачало адбівацца на ўзроўні жыцьця насельніцтва. Беларусы ўжо атрымалі “жыроўкі” на камунальныя паслугі па новых тарыфах. Узьляцелі цэны на будаўнічыя матэрыялы, што непазьбежна адаб’ецца на цэнах на жыльлё. Хай пакуль нязначна, але падаражэў і бэнзын. І гэта толькі пачатак.
Да таго ж Расея разгарнула даволі актыўную дзейнасьць, каб назаўжды пазбавіцца залежнасьці ад транзыту празь Беларусь і такім чынам пазбавіць Лукашэнку магчымасьці шантажаваць Маскву. Міністэрства прамысловасьці і энэргетыкі РФ ужо накіравала зацікаўленым ведамствам праект распараджэньня ўраду аб будаўніцтве новай трубаправоднай сыстэмы для транспартаваньня нафты. Для выбару новага маршруту расейскія спэцыялісты распрацавалі некалькі варыянтаў, зь якіх найбольш пэрспэктыўным і мэтазгодным прызнаны маршрут Унеча — Прыморск (Калінінградзкая вобласьць). Гэта значыць, што труба ня будзе праходзіць праз тэрыторыю Беларусі. У Маскве не хаваюць, што гэта зроблена дзеля таго, каб зьнізіць да мінімуму транзытныя рызыкі.
Актыўна рэалізуецца і праект пракладаньня трубаправоду на дне Балтыйскага мора. Да чаго гэта можа прывесьці? Да таго, што празь некалькі гадоў Расея зможа абысьціся безь Беларусі. І выстаўляць якія заўгодна, нават самыя крыважэрныя цэны на энэргарэсурсы. А ў Беларусі ня будзе магчымасьці перакрываць вентыль і дыктаваць свае ўмовы транзыту. Ды й страта сродкаў ад яго будзе вельмі балючай для эканомікі.
Такім чынам, сваім шантажом Лукашэнка фактычна сам сабе перакрыў “кісларод” – то бок, шырокі паток адносна танных энэргарэсурсаў, якія паступалі з Расеі.
І Захад у гэтай сытуацыі яму таксама наўрад ці дапаможа. Цяжка сказаць, за што кіраўнік Беларусі нядаўна дзякаваў Захаду, які, нібыта, падчас “нафтагазавай вайны” падтрымаў Беларусь. Эўразьвяз проста выказаў спадзяваньне, што краіны Эўропы надалей змогуць атрымліваць газ і нафту бяз збояў. А ЗША ўвогуле заявілі, што гэта – унутраныя праблемы Беларусі і Расеі.
Пасварыўшыся з Крамлём, Лукашэнка сапраўды паспрабаваў паслаць сыгнал Эўропе і ЗША: маўляў, вазьміце нас пад сваё крыло, мы харошыя.
Толькі нічога з гэтага не атрымалася. Старшыня Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Рэнэ ван дэр Ліндэн, які наведаў Беларусь, недвухсэнсоўна заявіў, што першым крокам да пачатку перамоваў павінна быць выкананьне беларускімі ўладамі пэўных умоваў. У першую чаргу – вызваленьне палітычных вязьняў і свабода прэсы.
А гэта для Лукашэнкі таксама непрымальна, як і стварэньне Саюзнай дзяржавы на ўмовах, якіх дамагаецца Масква.
У выніку Лукашэнка фактычна застаўся ні з чым. Як кажуць у народзе, хто замнога хоча – той мала атрымае. Відавочна, без крэдытаў і інвэстыцый беларускай эканоміцы не абысьціся . І Лукашэнку, хочацца яму альбо не, рана ці позна давядзецца ісьці на паклон. Альбо да Расеі, альбо на Захад. Іншых шляхоў проста няма. Геастратэгічныя спадзевы на Кітай, Іран альбо Вэнэсуэлу выглядаюць несур’ёзна.
Усе ведаюць прыпавесьць пра Бурыданава асла, які апынуўся паміж дзьвюма ахапкамі сена і памёр, так і ня здолеўшы зрабіць выбар. Між тым, філёзаф Бурыдан лічыў, што канчатковы выбар, якім бы складаным ён ні быў, абавязкова будзе зроблены на карысьць большага дабра. Ці такім будзе выбар кіраўніцтва Беларусі?