Гэта салодкае слова – свабода
Чаго не паказвае БТ
У нядзелю на кватэры ў Менску, каля Камароўскага рынку, сабраліся на сход юнакі й дзяўчаты – больш за дваццаць чалавек, якіх называюць маладафронтаўцамі. Прыехалі хлопцы з розных рэгіёнаў Беларусі, прыехалі некалькі чалавек з Польшчы, якія вучацца там па праграме Каліноўскага.
Як толькі сьцямнела, у кватэру ўварваліся байцы спэцназу, супрацоўнікі МУС і КГБ. Паводле сьведкаў, усіх прысутных прымусілі пры панятых назваць пад відэазапіс свае імёны й прозьвішчы. Забралі мабільныя тэлефоны. (Як піша газэта “Наша Ніва”, адзін з хлопцаў пасьпеў схаваць тэлефон і адправіць СМС-паведамленьне, дзякуючы якому пра падзеі адразу стала вядома журналістам і яны змаглі зрабіць фотаздымкі).
Пасьля таго, як усіх затрыманых вывелі, у кватэры пачаўся ператрус. Як потым стала вядома, адначасова ператрус адбыўся яшчэ на некалькіх кватэрах. Затрыманых на аўтазаку адвозілі ў бліжэйшы апорны пункт МУС. Аднаму зь іх – імаверна, гэта быў Зьміцер Хведарук, абматалі галаву курткай і запіхнулі ў аўтамабіль ГАЗЭЛЬ.
Усяго ў той вечар былі затрыманыя 27 чалавек, у тым ліку, непаўнагадовыя. Празь некалькі гадзін усіх выпусьцілі, акрамя двух – Зьмітра Хведарука і Алега Корбана. Корбана выцягнулі з дому, дзе ён адзначаў свой дзень нараджэньня. Абодвух пасьля шматгадзіннага допыту даставілі ў “амэрыканку”, турму КГБ. Супраць іх узбуджаная крымінальная справа з абвінавачаньнем у прыналежнасьці да незарэгістраванай арганізацыі. Як вядома, лідэр Маладога фронту Зьміцер Дашкевіч раней быў асуджаны на гэтай жа падставе на два гады зьняволеньня, і зараз адбывае пакараньне ў калёніі.
Насьце Палажанцы, затрыманай сярод іншых у той вечар, пагражае выключэньне са школы.
Чаму я так падрабязна пераказваю дэталі затрыманьняў? Таму што яны нагадалі мне тое-сёе з прачытанага й бачанага раней. І, думаю, ня толькі мне. Але зараз размова не пра Плошчу й разгон намётавага лягера. (Дарэчы, у сакавіцкія дні мінулага году тая плошча, мабыць, і мела права называцца імем Каліноўскага. А зараз яна, як і раней – Кастрычніцкая, і ня трэба падманваць саміх сябе.)
У 1950-м годзе былі расстраляныя ўдзельнікі так званай “Ленінградзкай справы”, па якой у зачыненых судах былі асуджаныя некалькі тысяч партыйцаў сталінскай школы. Дык вось, паводле ўспамінаў відавочцаў, найбольш высокапастаўленых арыштантаў прывозілі ў суд зь мяхамі на галаве – як было прынята ў сярэднявечнай інквізыцыі. Кажуць, гэта прыдумаў асабіста Віктар Абакумаў, якога Сталін прызначыў пасьля вайны Міністрам дзяржбясьпекі. Гэта той самы Абакумаў, які кіраваў прыканцы вайны гвалтоўным высяленьнем беларусаў зь Беласточчыны ў СССР. У 1952-м годзе яго расстралялі па абвінавачаньні ў фальшаваньні…”Ленінградзкай справы”. Гэта інфармацыя для развагаў тым, хто сёньня спрабуе адраджаць змрочныя сярэднявечныя традыцыі ЧК-НКВД-МГБ .
А яшчэ пры поглядзе на сёньняшнія фотаздымкі ўспамінаецца савецкі фільм “Гэта салодкае слова — свабода”. Яго паставіў рэжысэр Вітаўтас Жалакявічус – аўтар славутага фільма “Ніхто не хацеў паміраць”, у якім упершыню ўдалося праўдзіва паказаць змаганьне літоўскіх партызанаў з савецкай акупацыяй за незалежнасьць.
Пазьней, у 1972-м годзе, рэжысэр зьняў “Гэта салодкае слова – свабода”. Фільм быў значна слабейшы. У ім распавядалася пра нейкую выдуманую краіну ў Лацінскай Амэрыцы, і дзеяньне карціны нагадвала нейкую рамантычную апэрэту на рэвалюцыйную тэму. Але сама назва, ды й тэма ў той час лашчыла слых савецкай інэлігенцыі.
Усяго праз год у рэальнай лацінаамэрыканскай краіне Чылі адбыўся ваенны пераварот, і мы ўбачылі дакумэнтальныя кадры, дзе звычайных людзей жаўнеры хапалі на вуліцах і ў кватэрах, зьбівалі, кідалі ў машыны, падобныя на аўтазакі – адным словам, тое, што зрабілася звычайнай карцінай для сёньняшняй Беларусі.
Тады ў Савецкім Саюзе ладзіліся мітынгі й канцэрты салідарнасьці са зьняволенымі, зьніклымі й забітымі ў далёкай Чылі. І вельмі многія сапраўды адчувалі шчырае пачуцьцё салідарнасьці з чылійскімі вязьнямі. Хоць пры гэтым ня думалі, не хацелі думаць пра вязьняў сумленьня ў савецкіх лягерах. (Праўду кажучы, іх было няшмат).
І вось праз трыццаць гадоў нашчадкі савецкіх людзей у сёньняшняй Беларусі хутчэй гатовыя спачуваць ахвярам бамбаваньняў у Іраку, ці палестынскім тэрарыстам, чым уласным дзецям і ўнукам. Яны звыкла не адчуваюць салідарнасьці з тымі, хто яшчэ не зьмірыўся, у адрозьненьне ад большасьці, з уладай, з адсутнасьцю свабоды ў сваёй краіне.
Чылійскі дыктатар Піначэт заплаціў праз шмат гадоў за ўсё ня столькі судовым перасьледам і хатнім арыштам, колькі ганьбай і нянавісьцю суайчыньнікаў – сваякоў загіблых і зьніклых.
Ці можна ўявіць сабе, каб чылійскія камуністы й сацыялісты пры дыктатуры запрасілі Піначэта на якое-небудзь сьвята, ці маніфэстацыю? Ці можна ўявіць, каб дзеячы антыкамуністычнай “Салідарнасьці” ў Польшчы падчас ваеннага стану запрасілі генэрала Ярузэльскага разам адсьвяткаваць Дзень польскай незалежнасьці?
Беларуская “сыстэмная” апазыцыя зноў давяла, што ёй няма роўных у сьвеце – яна запрасіла Лукашэнку адзначыць разам зь ёй 25 сакавіка Дзень Волі на Кастрычніцкай плошчы. Справа ня ў тым, ці раіліся перад тым лідэры апазыцыі з маладымі людзьмі, якія заставаліся на плошчы, нягледзячы на ўгаворы гэтых лідэраў. Яны й самі ня вераць у тое, што кіраўнік дзяржавы зьверне ўвагу на іх заклік. Але навошта было дэманстраваць адсутнасьць уласнай годнасьці. І навошта было заяўляць пасьля гэтага пра падтрымку арыштаваных маладафронтаўцаў? Няўжо ў кагосьці з апазыцыянэраў ёсьць ілюзія, што вышэйшая ўлада ня мае да гэта дачыненьня?
Тым, хто, магчыма, сапраўды яшчэ захаваў ілюзіі, Лукашэнка адказаў у сваім інтэрвію агенцтву “Рэйтэр”. Паводле яго словаў, ня можа быць нават размовы пра тое, каб Беларусь пагадзілася на «невыканальныя патрабаваньні» Эўразьвязу наконт свабоды СМІ, свабодных выбараў і вяршэнства закону, якія летась былі вылучаныя Эўракамісіяй дзеля паляпшэньня адносін ЭЗ і Беларусі.
Вы яшчэ сумняваецеся? Тады хутка прыедуць і за вамі.