“Форс-мажор” яшчэ наперадзе?

Грамадзтва

У студзені за камунальныя паслугі нам давядзецца плаціць на 9-10% больш, чым у сьнежні. І на 20-22% больш у параўнаньні са студзенем 2006 году. Паводле міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі, з 1-га студзеня тарыфы на газ і электрычнасьць узьнятыя на 20%, на цеплавую энэргію – на 12%. А яшчэ павысіліся кошты на тэхабслугоўваньне (25%), ваду і каналізацыю (12,7%), вываз сьмецьця (10%) і г.д.

Урад абяцаў, што ў цэлым за год кошты паслуг ЖКГ не павінны вырасьці больш як на 5 даляраў за год. Як піша сайт “Беларускі партызан”, разьлікі паказваюць, што сям’і з трох чалавек, якая жыве ў кватэры плошчай 44-47 квадратных мэтраў, пасьля падвышэньня тарыфаў давядзецца плаціць акурат на 5 даляраў больш.

Але год толькі пачаўся. Як заўважыў на прэс-канфэрэнцыі з нагоды павышэньня тарыфаў віцэ-прэм’ер Беларусі Віктар Бура, павышэньня тарыфаў сёлета быць не павінна – у тым выпадку, калі ня ўзьнікнуць “форс-мажорныя абставіны”.

Гарантаваць, што сюрпрызаў, падобных на апошні канфлікт вакол газу й нафты, больш ня будзе, ніхто не зьбіраецца.

Тым часам ажыятаж са скупкай валюты, які крыху зьменшыўся пасьля навагодніх сьвятаў, патроху зноў набірае сілу.

Паводле статыстыкі Нацыянальнага банку, у 2006 годзе набыта ў агульным эквіваленце звыш 4,2 мільярда даляраў. Гэты паказчык, у параўнаньні з 2005-м годам вырас на 33%. Як паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на Нацбанк, летась у сьнежні насельніцтва купіла ў банкаў больш за 500 мільёнаў даляраў. Перад тым у лістападзе – толькі 400 мільёнаў. Усяго ж летась беларусы купілі наяўнай валюты на 907,5 мільёна даляраў больш, чым прадалі. Характэрна, што расейскі рубель, у адрозьненьне ад даляра і эўра, папулярнасьцю ў насельніцтва не карыстаецца. Так што наўрад ці нехта яшчэ спадзяецца на ўвядзеньне адзінай валюты Беларусі і Расіі. Ці — на беларускі эканамічны цуд. Асабліва пасьля таго, як Лукашэнка паабяцаў, што бліжэйшыя два-тры гады будуць цяжкімі.

Былы старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч прагназуе, што ўраду ня ўдасца ўтрымаць інфляцыю на ўзроўні 6% за год. На яго думку, можа адбыцца нават дэвальвацыя – рэзкае зьніжэньне афіцыйнага курсу беларускага рубля адносна даляра.

Тым ня менш, улады спрабуюць супакоіць народ: маўляў, усе заплянаваныя раней на гэты год эканамічныя парамэтры будуць выкананыя. Але якім коштам? У што гэтыя паказчыкі разьвіцьця абыйдуцца простым людзям?

Пра гэта ў дзяржаўнай прэсе, якая працягвае ваяваць з Крамлём і Захадам, нібыта, вінаватымі ва ўсіх праблемах краіны, нічога не гаворыцца.

Як і пра тое, якім жа чынам выходзяць са становішча эўрапейскія суседзі Беларусі, што купляюць расейскія энэрганосьбіты па яшчэ больш высокіх цэнах?

Аглядальнік

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.