Цуды вакол цэнаў

Суседзі

За апошнія два месяцы бэнзын даражэў тройчы. Апошні раз – на мінулыя выходныя. Ужо пасьля падвышэньня цаны на нафту ўрад паабяцаў, што за год розьнічная цана на нафтапрадукты вырасьце ня больш чым на 6-8%. І тут – бац! – у сярэднім 5% толькі за студзень.

Калі раней некаторыя літоўцы езьдзілі ў Беларусь выключна дзеля наведваньня АЗС, то цяпер гэты бізнэс спыніўся. Пакрысе беларуская цана на бэнзын практычна дагнала літоўскую. 95-ы ў нас каштуе 98 цэнтаў за літар, а ў суседзяў – 1 даляр. 98-ы наогул таньнейшы ў Літве аж на 17 цэнтаў за літар.

І вось што цікава: Беларусь да гэтага атрымлівае нафту на даволі выгодных умовах. У цану для Літвы ўжо даўно закладзена экспартнае расейскае мыта (180 даляраў за тону). На нафту, што пастаўляецца ў Беларусь, гэтае мыта ўведзенае толькі са студзеня 2007-га і ў памеры 53 даляры за тону. А цана на бэнзын практычна роўная.

Да таго ж нам даводзяць, што пастаўкі нафтапрадуктаў на ўнутраны рынак для беларускіх заводаў стратныя і кампэнсуюцца толькі за кошт экспарту. Але ж відавочна, што ў наскрозь капіталістычнай Літве ніхто ня будзе гандляваць сабе на шкоду. Чаму ж пры аднолькавай цане іхны бэнзын прыбытковы, а наш – стратны?

Параўнаньні наогул цікавая рэч. Памятаеце, перад Новым годам нашы ўрадоўцы енчылі ў Маскве, што 100 даляраў за кубамэтар газу – непад’ёмная цана для беларускай эканомікі? Тое, што газавае пагадненьне падпісана на нявыгодных для Беларусі ўмовах, пацьвердзіў і Аляксандар Лукашэнка.

Аднак, прабачце, сьціплая Армэнія купляе газ па 110 даляраў, і жыве сабе. Занядбалая, паводле беларускай дзяржаўнай прапаганды, Украіна плоціць з гэтага году за газ па 130 даляраў і таксама “шчэ не вмерла”. І паміраць не зьбіраецца. Больш за тое, цана на газ для насельніцтва там значна ніжэйшая, чым у “пасьпяховай” і “сацыяльна арыентаванай” Беларусі. Нарэшце, для Літвы газ больш, чым у два разы даражэйшы, чым для нашай краіны, але ж тамтэйшыя прадпрыемствы працуюць у такіх умовах з прыбыткам.

А беларускія прадпрыемствы нават пры цане 100 даляраў апынуліся на мяжы банкруцтва. Ужо пралічана, паведамляе інтэрнэт-газэта “Ежедневник”, што рэнтабэльнасьць “Інтэграла” будзе адмоўнай – мінус 1,5%. У Менскага маторнага заводу яна зьменшыцца ў чатыры разы – з 8,7% да 2,5%. Нават гонар айчыннай прамысловасьці, Беларускі мэталюргічны завод пацерпіць: ягоная рэнтабэльнасьць складзе 10% замест леташніх 15%. Прычым узьняць кошты на сваю прадукцыю БМЗ ня ў стане, бо яна адразу робіцца неканкурэнтаздольнай. А што было б, каб нашым заводам давялося працаваць пры коштах на энэрганосьбіты, што існуюць у Літве?

Урад зьбіраецца ратаваць сытуацыю, даючы льготную цану на газ і электрычнасьць для асобных суб’ектаў гаспадараньня. Аднак гэтыя прэфэрэнцыі ня будуць вечнымі. Для шэрагу прадпрыемстваў – гэта проста адкладзены фінал, які непазьбежна будзе трагічным.

Цягам апошніх гадоў улады ганарыліся “беларускім эканамічным цудам”, якое, паводле іхнага меркаваньня, ёсьць вынікам мудрай дзяржаўнай палітыкі. Але сапраўдныя цуды пачаліся, калі высьветлілася, што будынак нацыянальнай эканомікі хістаецца з боку ў бок пры больш-менш моцных парывах ветру. А што будзе ў выпадку землятрусу – кшталту фінансавага дэфолту 1998 году?

Цяпер нават сам архітэктар “беларускай мадэлі” Аляксандар Лукашэнка прызнае неабходнасьць перабудовы. Падчас візыту на завод пабытовай тэхнікі “Атлант” у мінулую пятніцу кіраўнік дзяржавы заявіў, што цяпер у нас будзе “зусім новая эканоміка, арыентаваная, у першую чаргу, на перапрацоўку айчыннай сыравіны, на максымальнае імпартазамяшчэньне і эканомію энэрганосьбітаў”.

Слухаць Лукашэнку бывае надта цікава, бо часьцяком ён прагаворваецца. Так, на “Атланце” ён паабяцаў, што “кіраўніцтва краіны ў бядзе народ не пакіне”. Гэта значыць, што, паводле першай асобы дзяржавы, цяпер народ знаходзіцца ў бядзе. Узьнікае пытаньне: хто ж яго давёў да такога стану?

Ці, прыкладам, яшчэ адна заява Лукашэнкі: “Калі 3-4 гады мы выстаім, то ў нас будзе ня стратная эканоміка”. Такім чынам, цяперашняя эканоміка ёсьць стратнай і застанецца такой, прынамсі, у кароткатэрміновай пэрспэктыве.

Выглядае, што галоўная пагроза айчыннай эканоміцы сыходзіць не ад замежных канкурэнтаў і нават не ад расейскіх “алігархаў”, што ўзьнялі цану на газ і нафту, а ад уласнага некампэтэнтнага кіраўніцтва. Лепш бы яно ўсё-ткі пакінула народ у спакоі. Тады шанцаў выкараскацца зь бяды паболела б.

Валер Філін

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.