Ці пойдзе А.Лукашэнка на беларусізацыю?

Пытаньне тыдня

Генадзь Бураўкін, паэт:
“ВЫ ГЭТА СУР’ЁЗНА?”

Вы што, сур’ёзна пра гэта пытаецеся? Я лічу, што ў яго для гэтага было вельмі многа магчымасьцяў. У яго быў нават абавязак гэта рабіць. І калі ён не зрабіў гэта своечасова, дык сёньня, калі ён нават і пачне нешта падобнае, гэта будзе хітрыкамі, а не беларусізацыяй. Я ня веру, што ён вялікі абаронца беларускага сувэрэнітэту – ён абаронца сваёй асабістай улады. Я ня веру і ў тое, што пры той адкрытай нянавісьці, пры той антыбеларускай палітыцы, якая праводзіцца ў нашай краіне, ён здольны пачаць беларусізацыю. І, прабачце, хто будзе рабіць яе? Міністар адукацыі Радзькоў будзе рабіць беларусізацыю? Ці, можа, міністар культуры Матвяйчук? Ці Зімоўскі? Беларусізацыю павінны рабіць канкрэтныя людзі. Позна ад яго гэтага чакаць. Адзінае, дай Бог, каб ён зразумеў, што беларускай дзяржавы без нацыянальнай беларускай палітыкі быць ня можа. Але, наколькі я ведаю, ён бліжэйшым часам хоча прыдушыць усе гуманітарныя інстытуты ў Акадэміі навук. Гэта Інстытут літаратуры, Інстытут мовазнаўства, Інстытут гісторыі, Інстытут этнаграфіі і фальклёра. Такая беларусізацыя ў нас будзе…

Пятро, вясковы настаўнік беларускай мовы:
“НЯ ТРЭБА СПАДЗЯВАЦЦА НА НЕКАГА”

Калі б ён мог і хацеў, дык даўно распачаў бы. Нішто не перашкаджала яму гэта зрабіць. Значыць, ёсьць нешта, што яго стрымлівае. Я ня ведаю, адкуль узялося гэтае “нешта”. Зь дзяцінства, зь юнацтва, ці з часоў дэпутацтва ў Вярхоўным Савеце? Але, хутчэй за ўсё, гэта караніцца недзе глыбей. І сядзіць у ім так глыбока, што… А ўвогуле, ня трэба спадзявацца, што нехта нешта зробіць. Трэба самім працаваць. Размаўляць па-беларуску. Чытаць беларускае. У сем’ях дзетак выхоўваць беларусамі. А на сёньня хай бы ён хаця б не перашкаджаў.

Уладзімер Колас, дырэктар Беларускага гуманітарнага ліцэя:
“ЛУКАШЭНКА ІДЗЕ ШЛЯХАМ НАРОДНАГА ФРОНТУ”

Так. Усё да гэтага ідзе. Бо Лукашэнка ідзе шляхам Народнага Фронту. І ўсё, што ценевы ўрад БНФ некалі акрэсьліў, ён зараз паціхеньку выконвае. Адзінае, што робіць ён гэта не дзеля ідэі, а дзеля ўласнага самазахаваньня. І штурхаюць яго да гэтага не інтарэсы краіны, народу, а ўласныя інтарэсы. Апынуўшыся на чале дзяржавы, якая называецца Беларусь, ён мусіць дбаць пра інтарэсы гэтай дзяржавы. Іншая справа, што выконвае ён гэтую місію вось так, як мы бачым. Вельмі кепска. І ўвесь час супраціўляецца, увесь час імкнецца пакласьці гэтаму канец. Але яму не ўдаецца. Бо плынь яго цягне туды, куды ён ня хоча ісьці. Ён можа распачаць беларусізацыю. Але ў любы момант, як толькі яму засьвеціць спраўджаньне ягонай мары аб крамлёўскім троне, ён здасьць усё адразу.

Валянціна, хатняя гаспадыня:
“ПАГУЛЯЦЬ У АБАРОНЦУ МОВЫ ЁН БУДЗЕ РАДЫ”

Ён калі й будзе нешта рабіць “дзеля мовы і культуры”, дык назваць гэта беларусізацыяй язык не павернецца. У школы, адміністрацыю, суды ён мову ня верне. Але пакрасавацца, пагуляць у абаронцу матчынага слова, у чалавека, які думае пра культуру, ён будзе толькі рады. Але што толку ад такой гульні?

Вінцук Вячорка, старшыня партыі БНФ:
“БЕЛАРУШЧЫНУ ЁН НЕ ЎСПРЫМАЕ”

Не, Лукашэнка ня можа распачаць беларусізацыю. Бо не ўсьведамляе сябе беларусам. Ён ня можа ісьці насуперак сваёй натуры. Для яго Беларусь – гэта апошні кавалак Савецкага Саюзу. І ён мог бы не ўжываць слова Беларусь для назвы таго, чым ён цяпер кіруе, калі б была такая магчымасьць. Я ня веру ў тое, што ён можа беларусізаваць Беларусь. Беларушчыну ён не ўспрымае арганічна, на біялягічным узроўні. Ён будзе абараняць “Белтрансгаз”, іншае фамільнае срэбра. І адначасова будзе бласлаўляць вынішчэньне гуманітарных інстытуцыяў, закрыцьцё беларускіх часопісаў, разагнаньне гуманітарнай часткі Акадэміі навук. Усё гэта ён робіць і рабіць будзе. Бо, як толькі Беларусь беларусізуецца, у ёй для яго месца ня будзе – зь ягонымі трашчонкамі, зампалітаўскімі біяграфіямі і ўяўленьнем пра сьвет.

Уладзімер, прадпрымальнік:
“НІ Ў ЯКІМ РАЗЕ”

Ні ў якім разе. Ён не праводзіць беларусізацыю таму, што гэта яму брыдка. І не таму, што гэта беларускае, а ён беларускую мову ня любіць. А таму, што гэта культура. Ён культуру арганічна не пераносіць. Яму не падабаецца ўсё, што асацыюецца з мовай. Што трэба правільна размаўляць хаця б на адной мове, ня трэба ў носе калупацца, відэлец умець правільна трымаць, ня “тыкаць” карэспандэнтам. Усё, што тычыцца культуры, для яго будзе заўжды па другі бок ягонага фронту. Верагоднасьць таго, што Лукашэнка пачне беларусізацыю ня большая за тую, што ён зьменіць сэксуальную арыентацыю.

Алег Трусаў, старшыня Таварыства беларускай мовы:
“ГЭТА ЗАЛЕЖЫЦЬ АД НАС З ВАМІ”

Ён ужо яе распачаў. Па-свойму, канечне, але яна ўжо пачалася. Калі ён казаў на сустрэчы з рэктарамі, што дзеці кепска ведаюць беларускую мову. А вось ці будуць ягоныя словы падмацаваныя дзеяньнямі, гэта залежыць ад нас з вамі, і ад ТБМ. Ён вельмі чуйна рэагуе на патрабаваньні грамадзтва. Адміністрацыя прэзыдэнта, наколькі я ведаю, плянуе абвесьціць 2007-мы годам Купалы і Коласа. Днямі атрымаў добрую навіну, што пошта выдасьць капэрту з партрэтам Янкі Брыля. Раней яны гэтага не хацелі. Будзе імгненная лятарэя “Родны горад” з выявамі Коласа і Купалы. Так што пакрысе мы беларусізацыю атрымліваем. Лукашэнка адчуў, што грамадзтва схільнае да пэўнай беларусізацыі. Але калі апазыцыя і далей будзе ўсе ўлёткі па-расейску рабіць, дык ня будзе ніякай беларусізацыі.

Вольга, перакладчыца:
“ЯМУ ЦЕСНА Ў БЕЛАРУСІ”

Якая беларусізацыя? У ягонай галаве да гэтае пары круцяцца ўсялякія штучныя рэчы – хімэр кшталту “славянскага брацтва”. Яму цесна ў Беларусі. Яму на мапу ад Берасьця да Воршы глядзець нецікава. Яму хочацца глёбус круціць: Вэнэсуэла, Іран, Куба. І якая можа быць беларусізацыя для палітыка такога плянэтарнага маштабу?

Зінаіда Бандарэнка, народная артыстка Беларусі:
“ЁН МОЖА ВЯРНУЦЬ БЕЛАРУСКУЮ МОВУ НА БТ”

Мне падаецца, што можа. Каб яшчэ бліжэй прывязаць да сябе народ. І каб яшчэ больш узвысіць свой вобраз. Бо апошнія падзеі з газам і нафтай не дадалі яму любові народнай. І ён можа, каб літаральна ўсе яго прынялі, пайсьці па шляху Зянона Пазьняка. Толькі па-свойму, з карысьлівай мэтай. Але ж гэта будзе ўсё неглыбока, зьнешне. Ён ужо робіць такія захады. Прыгадайце ягоныя нядаўнія словы: “той не беларус, хто ня ведае беларускай мовы”. Ён можа вярнуць беларускую мову на тэлебачаньне.

Юры, інжынэр:
“НЯ ДАЙ БОГ!”

Ня дай Бог, каб ён яе распачаў. Ужо й так добрую ідэю спляжылі ўсе, хто толькі мог. Апазыцыя ў тым ліку. Вось толькі беларускамоўнага Лукашэнкі не хапала. Беларускую мову будуць адраджаць нашыя нашчадкі гадоў праз дваццаць, а мо і пяцьдзясят. Калі калгасны комплекс у людзях зьнікне.

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.