Ад нянавісьці да любові

Камэнтар

Насамрэч для многіх было б дзіўна, калі б гэткі беларусафоб як Лукашэнка пайшоў на беларусізацыю – каб адукацыю, чыноўнікаў і БТ перавёў на беларускую мову. Толькі ж ад любові да нянавісьці – адзін крок. І наадварот таксама. Незалежнасьць Беларусі ўжо зьведала такую мэтамарфозу ў сьвядомасьці кіраўніка РБ. Памятаеце, колькі кпінаў і жоўці ён выліў на яе напачатку свайго прэзыдэнцтва? Дык чаму б і з мовай не адбылося тое самае? Тым больш, што лёгіка ягонага праўленьня падвяла яго сёньня да патрэбы рабіць нейкі чарговы рашучы крок. А чагосьці іншага, апроч менавіта беларусізацыі, не відаць. Інкарпарацыя ў склад Расейскай Фэдэрацыі, нібыта, страціла актуальнасьць. І настойлівыя заявы Лукашэнкі пра каштоўнасьць сувэрэнітэту сьведчаць пра адваротныя намеры.

Пры ўсім асабістым нежаданьні падвесьці да беларусізацыі кіраўніка РБ можа аб’ектыўная хада гісторыі. А сёньня не такі ўжо й вялікі ў яго выбар лініі паводзін. Калі мы не ідзем у Расею, дык застаецца беларусізацыя. Што ячшэ? Варыянт уладнага застою і адсутнасці руху для нашага прывучанага да спорту аўтарытарызму быў бы зусім нехарактэрны. Нарэшце, апошні, трэці варыянт быў бы найбольш непрывабным і самаедзкім (кшталту ліквідацыі тых гуманітарных інстытутаў НАН, далейшых рэпрэсіяў супраць усіх, хто думае інакш, што ўрэшце прывяло б да поўнае дэградацыі і ўладу і краіну).

Шлях беларусізацыі, а значыць, аб’яднаньня нацыі, сур’ёзна пярэчыць ня столькі прыроднай беларусафобіі Лукашэнкі, колькі яго палітыцы расколу і драбленьня беларускага грамадзтва, якое сёньня, у выніку гэтай палітыкі, зусім не кансалідаванае і не “баяздольнае”, каб бараніць свае правы і сваю краіну. У тым ліку, і свайго прэзыдэнта. Верагодна, на трэці-пяты год актыўнае беларусізацыі ўсьвядомленаму народу спатрэбіцца й больш дэмакратыі, і больш асэнсаванага руху ў будучыню. Няма сумневу, што канфлікты з усходняй суседкай будуць працягвацца, бо энэргарэсурсы для Беларусі не станьнеюць, а чужыя вайсковыя базы будуць усё больш раздражняць сьвядомае беларускае грамадзтва. І тады кіраўніку РБ давядзецца зрабіць крок да аб’яднанае Эўропы, за саюз зь якой ужо сёньня выказваецца значная частка беларусаў. Што будзе пасьля гэтага, казаць не бяруся, бо наступныя крокі губляюцца за даляглядам.

Генадзь Бураўкін задаўся пытаньнем: хто б гэта рабіў сёньня беларусізацыю для Лукашэнкі? Напэўна, гэта была б “тэхнічная” беларусізацыя – праз загады па міністэрствах і ведамствах. А выканаўцам стаў бы апарат, чыноўнікі. Прынамсі, Бураўкіна б не паклікалі. Аднак у Бураўкіна ёсьць тое, чаго няма ў чыноўнікаў. Ён чалавек культуры. Ён – наступны этап для ахопленых беларусізацыяй сфэр. Беларусізацыя, фігуральна кажучы, гэта і ёсьць шлях да Бураўкіна таго народа, які сьпявае ягоныя песьні, але ня ведае яго, ня бачыць яго ў тэлевізары і не пускае паэта на сустрэчы з чытачамі.

Словам, беларусізацыю зробяць чыноўнікі, а “габляваць” пасьля будуць людзі культуры. Бясспрэчная думка пра тое, што пачынаць беларусізацыю трэба з выхаваньня дзяцей у сям’і. Гэта магутны грамадзкі рэсурс, але на адным людзкім энтузіязме цэлай краіне і нацыі доўга ехаць не выпадае. Ня ў тым рэч, што энтузіязм вычарпаецца, а ў тым, што мы сахою робім тое, што іншыя – трактарамі. Напрыклад, беларускі інтэрнэт у пляне беларусізацыі амаль не адстае ад суседніх – літоўскага ці польскага. Але ў суседзяў засваеньне інтэрнэту і кампутара робіцца за бюджэтныя сродкі, а ў нас – на голым энтузіязме асобных патрыётаў.

Калі-небудзь беларускім перакладчыкам кампутарнага і інтэрнэтнага софту будзе пастаўлены помнік. Але, хоць у жыцьці й насамрэч заўсёды ёсьць месца подзьвігу, трэба прызнаць: людзі робяць тое, што мусіла б рабіць і ня робіць іхная беларуская дзяржава з усімі сваімі “сіліконавымі далінамі”, тэхнічнымі інстытутамі і бюджэтнымі магчымасьцямі.

Пайшоўшы на беларусізацыю, Лукашэнка выб’е апошні, дасюль так і ня выкарыстаны козыр з рук цяперашняй апазыцыі. Калі яна на фоне беларускамоўнага чынавенства будзе заставацца ў значнай частцы сваёй рускамоўнай, дык урэшце ператворыцца ў вачах грамадзтва ў пятую калёну суседняй і ня самай дружалюбнай краіны.

А што ў яе, апазыцыі, застаецца? Свабода, дэмакратыя і правы чалавека? Сёньня гэтыя лёзунгі гучаць у Беларусі амаль гэтак жа недарэчна, як у Тамбоўскай губэрні. За свабоду не змагаецца насельніцтва, дэмакратыю не адваёўвае правінцыя. Трэба, каб насельніцтва ўсьвядоміла сябе нацыяй, тады яно стане неабыякавым да выбарчых фальсыфікацыяў і зьнікненьня Захаранкі з Ганчаром.

У апазыцыі доўгі час была магчымасьць праз нацыянальнае самаўсьведамленьне весьці беларусаў да адзінства і разуменьня каштоўнасьцяў дэмакратыі й свабоды. Але апазыцыя так і не ўзялася за гэтую справу шырокім фронтам, а цяпер рызыкуе страціць усё. Бо Лукашэнкава беларусізацыя, калі б яна адбылася, нарадзіла б у грамадзтве іншую апазыцыю, зь іншай рыторыкай у бок рэжыму і народа. Лішне казаць, што й сама Беларусь тады выглядала б іншай краінай.

Трымальнікамі свайго козыра застануцца, бадай, толькі людзі культуры. Бо культуру загадам не ўвядзеш і фальшыўкай не заменіш. Але людзі культуры заўсёды значнай часткай сваёй – у апазыцыі. Таму Лукашэнкава беларусізацыя мала зьмяніла б іх сёньняшні статус. Адно павялічыла б іхную вагу ў грамадзтве.

Апошняя газавая вайна, здаецца, канчаткова пераканала беларусаў, што ў іх – свая, асобная краіна. Наступны крок – пераканацца, што мы асобная нацыя.

Алесь Кебік

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.