Каб лепей, дык начорта!
Беларусь – Расея
Найбольш відавочным вынікам дзейнасьці беларускіх і расейскіх палітыкаў напрыканцы мінулага і напачатку гэтага году стала неверагодная колькасьць хлусьні, што абрынулася на вушы простых грамадзян. “Браты” і “саюзьнікі” публічна абвінавачвалі адзін аднаго, пагражалі страшэннымі карамі, перакрывалі пастаўкі й транзыт нафты. А цяпер кожны з бакоў імкнецца давесьці, што менавіта ён меў рацыю.
Між тым, вынікі нафтагазавага крызысу не зусім празрыстыя і, напэўна, не канчатковыя. Бо можна з упэўненасьцю прагназаваць, што сваркі адновяцца, калі справа ад слоў пяройдзе непасрэдна да выкананьня абавязкаў. А пакуль што можна канстатаваць, што страты панесьлі і Менск, і Масква.
Пачнем з апошняй. Расейскае кіраўніцтва, якое даўно з апэтытам паглядае на Беларусь, стамілася чакаць, пакуль Лукашэнка перадасьць яе “под сень двуглавого орла”. Таму ў Крамлі вырашылі скасаваць датацыі, дзякуючы якім улады РБ захоўвалі стабільнасьць у краіне ды яшчэ й выхваляліся посьпехамі сваёй “эканамічнай палітыкі”.
У Маскве, нібыта, падрыхтаваліся да таго, што Лукашэнка, як звычайна, пачне псыхічную атаку шляхам публічных праклёнаў на адрас Крамля. Аднак Пуцін і К недаацанілі ступень рашучасьці, зь якой кіраўнік Беларусі пайшоў у атаку. Таму, падчас гандлю наконт газу і нафты, Расея раз-пораз рабіла зьніжкі. У выніку атрымалася, што ейныя саступкі значна большыя, чым набыткі.
Паводле падлікаў, якія агучыў Уладзімер Пуцін, дапамога Расеі нашай краіне ў 2007 годзе складзе 5,8 мільярдаў даляраў. Атрымае ж РФ дадаткова ад павышэньня цаны на газ і ўсталяваньня мыта на нафту крыху больш за 2 мільярды даляраў.
Галоўнае ж у тым, што цягам некалькіх месяцаў расейскае кіраўніцтва, каб пазьбегнуць абвінавачваньняў з боку Захаду ў фінансавай падтрымцы апошняй дыктатуры Эўропы, цынічна абвяшчала, што з Новага году цалкам пяройдзе на рынкавыя адносіны зь Беларусяй. Цяпер жа высьвятляецца, што, паводле Пуціна, такой мэты ніхто й ня ставіў, а субсыдыі беларуская эканоміка будзе атрымліваць, прынамсі, да 2011 году.
Натуральна, што ва ўсёй гэтай справе не абышлося без асабістага ўнёску Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўнік Беларусі доўга скардзіўся на тое, як яго падманулі “саюзьнікі”: спачатку вымусілі падпісаць нявыгаднае пагадненьне па газу, паабяцаўшы кампэнсаваць гэта нафтай, а потым спрабавалі кінуць і з “чорным золатам”.
Аднак паколькі Лукашэнка заўжды павінен выглядаць пераможцам, ён абвесьціў, што дамогся добрых умоваў , “нават лепшых, чым у мінулым годзе”. Гэта пры тым, што цана нафты цяпер вышэйшая за кошт расейскага экспартнага мыта (53 даляры за тону), якога ў 2006-м наогул не існавала, а зь беларускага мыта на нафтапрадукты, якое раней цалкам ішло ў нацыянальны бюджэт, цяпер 70% давядзецца аддаваць Маскве.
Каб лепей, дык начорта!