Хто перамог?
Абодва бакі беларуска-расейскага канфлікту заяўляюць пра свой посьпех.
Беларусь — Расея
Беларускаму боку ў выніку складанай шматкрокавай камбінацыі ўдалося скараціць экспартнае мыта на расейскую нафту з $180 до $53. Цана на газ у 2007 годзе склала для Беларусі $100 замест пачаткова заяўленых “Газпромам” $200 за тону.
Падвысіўшы цану на газ, Масква ня толькі выйграла ў суме паступленьня грошай, але й дамаглася стварэньня СП з “Белтрансгазам”.
Што прайграла Расея?
Па-першае, яна канчаткова страціла рэпутацыю надзейнага пастаўніка энэрганосьбітаў у Эўропу. Пакуль цяжка казаць пра канкрэтныя лічбы, але ўсе экспэрты сыходзяцца ў меркаваньні – беларуска-расейскі канфлікт яшчэ адаб’ецца на расейскай эканоміцы пры заключэньні новых кантрактаў на пастаўкі нафты і газу.
Што атрымала і што прайграла Беларусь?
Як заявіў прэм’ер-міністар РБ Сяргей Сідорскі, падпісанае ў пятніцу, 12 студзеня, міжурадавае пагадненьне аб урэгуляваньні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў галіне нафты й нафтапрадуктаў павінна задаволіць як пастаўнікоў і спажыўцоў нафты, гэтак і нафтаперапрацоўныя кампаніі Беларусі.
З гэтым можна часткова пагадзіцца. Сапраўды, плаціць 100 і 53 даляры ў кожным выпадку больш прыемна, чым, адпаведна, 200 і 180. Беларускаму ўраду ўдалося зьвесьці страты да мінімуму. У выніку толькі за кошт расейскай нафты паступленьні ў беларускі бюджэт складуць каля 1,5 млрд. даляраў. Гэта няблага. Але гэта толькі тактычная перамога. Безумоўна, гэтыя 1,5 мільярды – ня лішнія ў бюджэце. Бязь іх было б зусім кепска.
Але, на думку незалежных экспэртаў, ніводзін з 15 парамэтраў, закладзеных у плян сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі з-за росту цаны на энэрганосьбіты ня будзе выкананы.
Асноўныя сродкі вытворчасьці яшчэ ў 2006 годзе былі зношаныя амаль на 70%. Пры тым, што крытычным узроўнем лічыцца 60%. Дзе браць рэсурсы на абнаўленьне асноўных фондаў? Раней гэтую праблему дзяржава вырашала за кошт звышпрыбыткаў ад перапродажу газу і нафты. Цяпер ва ўраду ня хопіць грошай на фінансаваньне стратных галінаў – найперш сельскай гаспадаркі.
Пакуль амаль 40% расейскіх паставак нафты ідуць празь Беларусь, Масква ня можа ігнараваць Менск. Але ўжо сёньня ў Расеі распрацоўваюцца чыгуначныя маршруты ў аб’езд Беларусі. Расея ўдарнымі тэмпамі будуе газаправод на дне Балтыйскага мора. Недарма з гэтай прычыны так нэрвуецца Лукашэнка, які назваў гэты праект “дурацкім”. Пуск газаправоду заплянаваны на 2008 год. Так што падлічваць страты пакуль рана.