Знутры і звонку

Фэльетон

У Менску, у мастацкім музэі знаходзяцца некалькі карцін аднаго з маіх самых любімых мастакоў – Станіслава Юльянавіча Жукоўскага. На адной зь іх, намаляванай, здаецца, у 1912 г., мы бачым інтэр’ер ня надта багатага памешчыцкага дому са старасьвецкай мэбляй, утульнай канапай. Партрэты продкаў на сьценах, цішыня й спакой. Глядзіш і думаеш – пройдзе некалькі гадоў, і тут будзе які-небудзь “красный уголок”, сельсавет або сельскі клюб з падлогай, запляванай сланечнікавым шалупіньнем…

Як добра, што мастак ня мог усяго гэтага прадбачыць – як і сваёй сьмерці ў гітлераўскім канцлягеры… Таму й твор яго насычаны цеплынёй і сонцам.

Захаваліся дзёньнікі Булгакава (дакладней, іх рэшткі). 20-я гады, грамадзянская вайна і “разруха”, эпоха Шарыкавых і Швондзераў. І – надзея: усё гэта ненадоўга, гэты кашмар павінен разьвеяцца. Мы ж цяпер ведаем – ягоныя надзеі збыліся, ды не пры ягоным жыцьці. Булгакаву наканавана было скончыць свой шлях унутры бальшавіцкага мораку.

І зусім іначай успрымаецца цяпер фільм Вітаўтаса Жалакявічуса “Ніхто не хацеў паміраць” – бачны незаўважальныя раней падтэксты, інакш выглядае сытуацыя. Ані героі, ані аўтары фільму не маглі прадбачыць, што Літва стане вольнай, і забароненая “трыспальве”, трохколерны сьцяг, што згадваецца ў фільме, уздымецца над вежай Гедыміна.

Кожны з нас, як мушка ў бурштыне, знаходзіцца знутры сваёй сфэры, акрэсьленай эпохаю, лёсам, пануючым рэжымам, уласным “я”.

І ніхто з нас ня здольны аб’ектыўна й холадна ацаніць ані свой час, ні сваю асобу ды вагу сваіх праблем.

Дарослым збоку, з вышыні сваіх гадоў і досьведу, здаюцца недарэчнымі і дробязнымі пакуты дзяўчынкі-падлетка, якую адштурхнуў прыгажун-аднаклясьнік, якога яна пакахала. А для яе гэта – канец усяго, і ўсё засьцілаецца чорнай імглою, і яна зачыняецца ў ванным пакоі, адкручвае кран і бярэ ў рукі брытву…

А потым яе выратуюць, пройдуць гады, і яна выпадкова сустрэне “Яго” – ужо аблезлага і азызлага, зь “піўным” чэравам, і жахнецца – як я магла тады…

Так зьвярам у славутай казцы Чукоўскага, замкнёным у капсуле свайго страху, здаваўся непераможным і страшэнным зьверам таракан.

Вось так і беларусы цяпер жывуць, гледзячы на сваё “тараканішча”, і ня дадзена ім ведаць – калі гэтаму прыйдзе канец? Што будзе пасьля – ці будзе болей сьмеху, ці плачу?

Тут, у Літве, можна падысьці да беларускай сытуацыі “звонку”, прадбачыць, што будзе “пасьля”.

Свабода – трохі як гіпэрмаркет, які ашаламляе чалавека, што дагэтуль бачыў толькі савецкія гастраномы з паліцамі, застаўленымі шэрымі макаронамі і “кількаю ў тамаце”. Потым усё становіцца проста побытам, і праблемы самі сабой не зьнікаюць – ня выключана, што з усяго гэтага багацьця табе па кішэні зноў толькі макароны і “кілька ў тамаце”. Аднак ты ўжо ні за што ня хочаш назад.

Так будзе і ў Беларусі. Але – пасьля таго, як знойдзецца адважны верабей, што зьдзяўбе “таракана-велікана”.

Алег Аблажэй

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.