Настальгія па савецкім шніцалі
альбо “салодкія сьлёзы” нацыянальнага героя
Агляд друку
Зараз чытаць камэнтары лукашэнкаўскіх чыноўнікаў з нагоды апошніх нафтавых баёў ня менш цікава за артыкулы незалежных аналітыкаў і экспэртаў. У “Звяздзе” намесьнiк мiнiстра эканомiкi Беларусi Андрэй Тур, найбольш яркі і красамоўны усхваліцель “беларускай эканамічнай мадэлі”, тлумачыць нам сутнасьць канфлікту:
“Калi… весцi гутарку пра нашы дзеяннi ў гэтай сiтуацыi, то ўсе кампрамiсы, якiя шукаў Прэзiдэнт i ўрад, засноўвалiся, фармiравалiся з пазiцый адстойвання iнтарэсаў у цэлым беларускай эканомiкi, беларускай дзяржавы i народа. Мiж iншым, у мяне ёсць шмат добрых сяброў у Расii, i ў многiх з iх выклiкаў здзiўленне i нават абурэнне той каласальны цiск, якi аказваўся на Беларусь, а таксама i тое, як расiйская прэса «смакавала» пазiцыi па пастаўках газу, а потым па пытаннях, звязаных з адменай мытнай пошлiны на нафтавы транзiт: маўляў, паставiлi беларусаў на каленi — вось якое шчасце, выйгралi магутнейшую кампанiю. Гэта паказчык якраз таго, што ўсе гэтыя рэчы насiлi заказны варыянт”.
Як тут ня ўспомніць песьню Булата Акуджавы. “За что ж вы Ваньку то Морозова? Ведь он ни в чем не виноват. Она сама его морочила. А он ни в чем не виноват».
А газэта для эмігрантаў “Голас Радзімы”, задачай якой на працягу многіх гадоў была прапаганда савецкага ладу жыцьця, годна спраўляецца з гэтай задачай па сёньня. Прынамсі, новае пачынаньне менскіх кулінараў, разрэклямаванае ў “Голасе Радзімы”, павінна, відаць, выклікаць у амэрыканскай і эўрапейскай аўдыторыі прыступ настальгіі неверагоднай моцы. Зьняць яго можна толькі ў менскім рэстаране. Гаворка ідзе пра конкурс савецкай кухні.
“Ідэя арганізаваць Фэст савецкай кухні належыць аднаму з самых вядомых у сталіцы майстроў кухні, які больш за 30 гадоў прапрацаваў у самых прэстыжных рэстаранах беларускай сталіцы, — Зміцеру Сенчанку. Повар упэўнены, што ў савецкага часу свой асаблівы смак.
Падчас Фэсту савецкай кухні дзейнічае аўтарскае меню, адмыслова распрацаванае з удзелам дасьведчанага майстра экстра-клас. У яго складзе — класічныя стравы: “Катлета па-кіеўску”, “Шніцэль па-міністэрску”, “Рыба па-маскоўску”, салат “Сталічны”, салат “Камчацкі” і іншая класіка жанру. Стравы гатуюцца з улікам строгіх стандартаў якасці, якія былі несумнеўнай годнасцю кулінарнай школы савецкага перыяду.
Адпавядае кухні і будынак. Фэст праходзіць у Цэнтральным Доме афіцэраў — помніку архітэктуры 30-х гадоў мінулага стагоддзя, пабудаваным па праекце таленавітага і вядомага савецкага архітэктара Іосіфа Лангбарда…”
Заўтра ж пайду ў Дом афіцэраў. Бо пасьпеў ужо забыцца на “строгія стандарты якасьці” біточкаў з хлеба і яблычных кампотаў. Калі там яшчэ і афіцыянткі – зьверападобныя кабеты з залатымі зубамі, і ВІА зь песьнямі пра “Тундру”, дык ад ахвочых патрапіць у шчасьлівую маладосьць, пэўна, адбою ня будзе. Нават за немалыя грошы.
Часы, калі ў “ЛІМ”е можна было знайсьці цікавую літаратурную крытыку, сёньня падаюцца міфічнымі. На старонках тыднёвіка “Літаратура і Мастацтва” зараз часьцей сустрэнеш альбо лаянку ў бок сяброў старога Саюзу пісьменьнікаў, альбо хваласьпевы ў гонар тых, хто перабег у саюз Чаргінца. У апошнім нумары зьвяртае на сябе ўвагу матэрыял да 60-годзьдзя Георгія Марчука. Вось якімі эпітэтамі абсыпаюць творцу ягоныя калегі.
“Уладзімір Карызна, паэт. – У самой назве кніжкі-дзённіка Георгія Марчука “Салодкія слёзы” – незвычайная чысціня, цяпло, філасофія. Усё ад шчырага сэрца. Гэта яго жыццёвая дарога. І мне надзвычай цікава было прайсці па ёй разам з таленавітым, арыгінальным пісьменнікам, мысліцелем і лірыкам. Яна светла і балюча лягла мне на сэрца.
Рычард Смольскі, рэктар Беларускай акадэміі мастацтваў. – Георгій Марчук – з ліку тых амбіцыёзных сучасных беларускіх майстроў прыгожага пісьменства, каму Шэкспіравы лаўры не даюць нармальна спаць, адпачываць і назапашваць сілы для работы ў тых жанрах, у якіх ён сапраўды таленавіты – найперш у жанры народнай камедыі, у якім яму няма роўных.
Аляксей Туровіч, прад’юсэр. – Як Шукшын у Расіі, Марчук у Беларусі – праўда, сумленне, ідэолаг беларускай творчасці і беларускага таленту. Гэта нацыянальны беларускі герой”.
Як казаў пэрсанаж славутай савецкай кінакамэдыі, “за гэтыя сьлёзы, Эма, я люблю цябе яшчэ больш!” Шчыра кажучы, я на месцы нашага “нацыянальнага героя” ўсумніўся б у шчырасьці падобных камплімэнтаў сяброў і калег. І адправіўся б “спаць, адпачываць і назапашваць сілы…”