“Магутная мыта”

альбо Хто хадзіў ад дзьвярэй да дзьвярэй?

Агляд радыё

Тэма нумар адзін. Усе дружна гаварылі пра нафту і газ. Але, на мой погляд, гэта не галоўная тэма. Гэта як з адсутнасьцю сьнега. Што можа тут зрабіць чалавек паспаліты?.. Апазыцыя зьвязвае ўсе перамены з вулічнымі кампаніямі. І вось, у часе апошніх выбараў была выдатная магчымасьць выправіць эфэктыўнасьць кампаніі “ад дзьвярэй да дзьвярэй”, аднак, нешта ніводнага рэпартажу зь пікету, са сходу, “ад дзьвярэй” я не пачуў. Дык ці не было гэтых пікетаў, ці на гэтых пікетах не было журналістаў?

На мінулым тыдні Радыё Свабода прэзэнтавала абноўленую праграму “Беларуская Атлянтыда”. Вы мяне прабачце, але ніякай навізны я там ня ўбачыў. Той самы вядучы, які нясьціпла выдае сябе за аўтара, той самы госьць, які, безумоўна, мысьляр арыгінальны, але якому страшэнна не хапае кваліфікаванага апанэнта. Цяпер у Беларусі няма парлямэнту, не сфармавана культура дыскусіі. Дык чаму б нашым радыёстанцыям не запоўніць гэтую нішу? Хай бы ж вядучы запрасіў у студыю двух-трох спэцыялістаў, і атрымалася б добрая спрэчка, а не фантазіі “а што было б, калі б”.

Моўная заўвага. У апошняй перадачы “Праскі акцэнт” на “Свабодзе” сабраліся спадары Карбалевіч, Дракахруст, Фёдараў і Класкоўскі. Гаварылі цікава і правільна. Толькі аднаму ключавому слоўцу не пашанцавала. Наша беднае мыта, якое ад роду ніякага роду, называлі і так і гэтак: “гэтая магутная мыта”, а яшчэ — “мытная пошліна”.

Сяржук Вітушка

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.