Абое рабое

альбо сам сабе Савецкі Саюз

Агляд TV

Рызыкну выказаць меркаваньне, што ў першыя два тыдні новага году рэйтынг 1-га каналу Беларускага тэлебачаньня дасягнуў нечуваных вяршыняў. Глядзець навіны на БТ у гэтыя дні было цікавей, чым “Вуліцы разьбітых ліхтароў”, “Сакрэтныя матэрыялы” і ўсе астатнія тэлесэрыялы, разам узятыя.

Праўда, каб было яшчэ цікавей, трэба было спачатку глядзець расейскую праграму “Час”, а потым ужо – “Панараму”. Яны нагадвалі адна адну, як два люстэркі. Абое рабое. У абодвух скажалася карціна рэчаіснасьці. Толькі расейскія тэлеканалы часьцей гэтымі днямі нападалі, а беларускія – абараняліся. Але адказ быў, як правіла, асымэтрычны – па ўсіх правілах ваенна-прапагандысцкай навукі.

Расейскія міністры кажуць па тэлебачаньні пра тое, што мыта за транзыт ня мае прэцэдэнту ў сусьветным гандлі і што беларускаму боку давядзецца кампэнсаваць “Транснафце” ўсе страты за скрадзеную сыравіну. А БТ у адказ цытуе мэмарандум Вялікабрытаніі, ЗША і Расеі, прыняты ў сувязі з вывадам зь Беларусі ядзернай зброі, аб гарантыях сувэрэнітэту краіны.

Ці, напрыклад, славутая нарада ў Пуціна, якую ўсе расейскія каналы паказалі, мабыць, разоў дваццаць. Прэзыдэнт Расеі пытаецца ў міністраў – колькі паступала грошай у бюджэт РБ, дзякуючы адсутнасьці мыта на расейскую нафту і колькі, адпаведна, страчваў з-за гэтага бюджэт РФ? (Такое ўражаньне, што ад Пуціна апошнія дзесяць гадоў гэтую інфармацыю хавалі. І што ўвогуле расейскія міністры толькі апрытомнелі пасьля навагодніх сьвятаў.)

А БТ у адказ – пра яхту Абрамовіча з падводнай лодкай і пра ўладальніка “Нарыльскага нікеля” мільярдэра Прохарава з прастытуткамі ў Куршавелі. Здавалася б, што тут да чаго – пры чым той Куршавель? Але аргумэнтацыя вельмі простая і празрыстая: вось куды ідуць нашыя грошыкі, высмактаныя зь Беларусі крыважэрнымі Мілерам (Газпром), Вайнштокам (Транснафта) і рознымі іншымі абрамовічамі і грэфамі. Шкада толькі, што Прохараў са сваім прозьвішчам у гэты шэраг ня надта ўпісваецца. Але гэта дробязі.

У падмацаваньне тэзы пра драпежны расейскі капіталізм “Панарама” паказала рэпартаж зь вёскі ў Смаленскай вобласьці, дзе прапітыя да сінявы мэханізатары майструюць з двух даламаных трактароў адзін і пры гэтым лаюць уладу. На беларускай трасянцы яны давяральна гавораць у камэру, што во каб у нас было, як у Беларусі, дзе калгасам усё даюць – і новую тэхніку, і дамы будуюць са школамі… Не зразумела толькі, навошта карэспандэнту было ехаць пад Смаленск? Такі сюжэт можна было зьняць пры жаданьні і ў Магілёўскай вобласьці. І там бы таксама гаварылі, што некаторым калгасам усё даюць, а нам — …

А яшчэ беларускія тэлеканалы давалі столькі сюжэтаў, у якіх людзі сталага і старэйшага ўзросту плакалі па развале саюзнай дзяржавы, столькі разоў давалі слова дэпутатам фракцыі “Радзіма” расейскай Думы, столькі разоў цытавалі камуна-фашысцкую газэту “Завтра”, што нарэшце стала зразумелай адна рэч. Беларусь для многіх былых савецкіх грамадзянаў – гэта і ёсьць Расея сёньня. Толькі палепшаная яе мадэль, так бы мовіць. Без алігархаў, капіталізму, жабрацтва, тэрарызму – такая, якой паказвае нашую краіну БТ. І безь беларускай мовы, зразумела.

Такой Беларусі ніякія саюзы ні з кім не патрабуюцца.

Ёсьць такая перадача на расейскім тэлебачаньні — “Сам сабе рэжысэр”. Дык вось Беларусь, паводле БТ, сама сабе Савецкі Саюз.

Максім Пешкаў

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.