Ці трэба, на вашую думку, прымаць удзел у мясцовых выбарах 14 студзеня?

Пытаньне тыдня

Галіна, вясковая пэнсіянэрка:
“Я НА ВЫБАРЫ НЕ ПАЙДУ”

Я на гэныя выбары не пайду. Я нікому ня веру і пакрыўджаная на Лукашэнку. Чаго ён езьдзіць па багатых калгасах і красуецца? Хай бы прыехаў у бедную вёску ды паглядзеў, як дажываюць людзі. У якіх хатах. Які толк ад гэтых дэпутатаў? Лепш усё роўна ня будзе.

Уладзімер Мацкевіч, філёзаф:
“КАЛІ ЁСЬЦЬ АЛЬТЭРНАТЫВА – ТРЭБА ЯЕ ПАДТРЫМАЦЬ”

Калі б было вырашана нашымі палітыкамі не прымаць удзелу раней, дык было б добра. Можна было б разгарнуць барацьбу за давядзеньне да сьвядомасьці людзей, што гэтыя выбары несапраўдныя. Ёсьць некалькі пунктаў, па якіх можна гэта пазначыць. У тым ліку – выбарчыя камісіі, сфармаваныя без удзелу апазыцыйных партыяў. А зараз, калі на тваім участку ёсьць альтэрнатыўны кандыдат, трэба прыйсьці і падтрымаць яго. Калі ж няма – дык што там рабіць?

Валеры, інжынэр-будаўнік:
“ЗА КАГО МНЕ ГАЛАСАВАЦЬ?”

Я быў на сустрэчы з двума кандыдатамі. Пайшоў туды, бо хацелася ж паглядзець на гульню з альтэрнатывай. Адзін – прыгожы малады бээнэфавец у добрым гарнітуры, прыехаўшы на няхілай “Аўдзі”. Другі – тыповы савецкі сталаначальнік. Пляшывы, каснаязыкі і злы. Дык вось, прыгажун-бээнэфавец, які працуе ў нейкай стратэгічна-экспэртнай карпарацыі, задэкляраваў свой гадавы даход у два мільёны рублёў. Гэта значыць, менш за сто баксаў у месяц. І на поўным сур’ёзе даводзіў мне, што ён жыве на гэтыя грошы. Разам з машынай і бэнзынам. Не люблю, калі зь мяне робяць ідыёта. Ён казаў, як ён прыцягне інвэстыцыі ў наш родны кут. Слухаць яго было і сорамна, і сьмешна. А былы камсамолец доўга і нудна распавядаў, колькі будзе пакладзена новых вадаправодных трубаў, дзе якая ЦЭЦ будзе адрамантаваная ды пра іншыя гаспадарчыя справы. Адзін на прыгожай беларускай мове мне хлусіў, а другі на трасянцы намагаўся ўдаваць праўду. Дык за каго мне галасаваць?

Віталь Каратыш, кандыдат ад партыі БНФ, Лунінец:
“ЛЮДЗЯМ ПАТРЭБНАЯ АЛЬТЭРНАТЫВА”

Я вырашыў прыняць удзел. Я проста захацеў ня тое, што адпомсьціць… А  проста ня даць махляваць надалей нашай выбарчай раённай камісіі. Але ня толькі гэта. Я думаю, што людзям патрэбная альтэрнатыва. Хоць нейкая  магчымасьць ёсьць выйсьці да народа і нешта сказаць. І хай гэта фарс, але варта прыняць удзел, каб гэта падкрэсьліць. Вось такая мая пазыцыя. Мая акруга вельмі маладая, жывая. Таму, думаю, выбары будуць. Калі нават яны і падтасуюць галасы, дык пэўны час рэзананс будзе трымацца: “Дзе справядлівасьць?” А тое, што падтасуюць галасы, у гэтым я ўпэўнены.

Аляксандар, прадпрымальнік:
“ШТО НАМ НА ІХ РАБІЦЬ?”

Ня трэба туды хадзіць ніколі. Выбары ў нас павінны быць толькі адны – прэзыдэнцкія. І ніякія іншыя. Пакуль мы не здабудзем магчымасьці рэальна ўплываць на сумленны падлік галасоў на галоўных выбарах, што нам рабіць на астатніх? Масоўкай быць? Падыгрываць ім? Асабіста я – пас.

Паўлюк Канавальчык, журналіст:
“ВЫБАРЫ ПЕРАТВАРЫЛІСЯ Ў РЫТУАЛ”

Складанае пытаньне. Бо, як прыйдзеш на выбары, дык там і чарку нальюць і закусіць дадуць. Таму, я думаю, што на ўчастак варта пайсьці. А вось ці ісьці да скрыняў – гэтае пытаньне можна пакінуць адкрытым. Выбары ж у нас пераўтварыліся ў рытуал, ледзь не ў нацыянальную традыцыю. Усё адно, як на гэтых, так і на астатніх выбарах нічога не вырашаецца. Рытуал ёсьць рытуал. Песьні, скокі, радасьць і весялуха. Сам я, на жаль, у гэты час ня буду на месцы. Таму не давядзецца мне паяднацца з усім нашым народам падчас галасаваньня.

Вольга, настаўніца:
“Я НА МЯСЦОВЫЯ ВЫБАРЫ НЕ ХАДЖУ”

Я на так званыя “выбары” мясцовага разьліву не хаджу й ніколі не пайду. Можа, калі б там не было выязных “выпівалак”, я б і пайшла. А так… Чым яны мяне хочуць купіць? Каўбасой і півам? Хай гэтыя кандыдаты самі ўсё гэта і п’юць.

Алесь Пушкін, мастак:
“БУДЗЕ ПРЫЗНАЧАНАЯ НОВАЯ ГВАРДЫЯ ЧЫНОЎНІКАЎ”

Вядома, ня варта. Яны ўжо расьпісаныя і прызначаныя, людзі гэтыя ў  саветах. Але што цікава – па тэлебачаньні кажуць пра закон, па якім чыноўнік будзе адказваць і на любога чыноўніка будзе ўправа. Перад выбарамі ўжо мусіруецца тэма, што чыноўнікі будуць вельмі аддана служыць народу. Будуць вельмі баяцца цяганіны, скаргаў насельніцтва. Мне здаецца, улада ведае сцэнар жыцьця на бліжэйшыя пяць гадоў. Яны прызначаць новую гвардыю людзей, якія на службе вырасьлі пры Лукашэнку. І тут будзе ўсё нармальна. Яны будуць працаваць значна лепей, чым мінулыя чыноўнікі.

Алесь Міхалевіч, намесьнік старшыні партыі БНФ, дэпутат мясцовага савету:
“ТРЭБА ПАКАЗАЦЬ”

Усё залежыць ад таго, ці ёсьць нармальныя кандыдаты ад апазыцыі. Калі яны ёсьць, чаму не пайсьці? Можна схадзіць і падтрымаць. Прынамсі, людзі ў камісіях, якія будуць фальшаваць вынікі, будуць бачыць, што гэтыя галасы былі. Але, канечне, ад гэтага на выбарах залежыць вельмі мала. Няма шанцаў на нейкую перамогу. Але трэба ў чарговы раз паказаць, што незалежнае грамадзтва ёсьць.

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.