Конкурс – 1,1 чалавека на месца

У пераважнай колькасьці акругаў выбары пройдуць бяз выбару

Камэнтар

Галасаваньне пачалося

Выбары дэпутатаў мясцовых саветаў прызначаныя на нядзелю, 14 студзеня.

9 студзеня пачалося датэрміновае галасаваньне. 6526 выбарчых участкаў працуюць у дзьве зьмены – з 10-00 да 14-00 і з 16-00 да 19-00. Для таго, каб прагаласаваць датэрмінова, ня трэба ніякіх тлумачэньняў, дастаткова прыйсьці на ўчастак з пашпартам ці з дакумэнтам, якія яго замяняе. Гэта можа быць студэнцкі або ваенны білет, пасьведчаньне інваліда, ці нават даведка… аб страце пашпарта.

Усяго будуць сфармаваныя 1 581 мясцовы савет у складзе больш за 22 658 дэпутатаў.

У выбарах у Беларусі змогуць прыняць удзел больш за 7 мільёнаў выбарцаў, у тым ліку грамадзяне Расейскай Фэдэрацыі. Паводле інфармацыі Цэнтарвыбаркаму ў якасьці кандыдатаў у дэпутаты балятуюцца, сярод іншых, чацьвёра грамадзянаў РФ.

У пераважнай большасьці акругаў выбары пройдуць на безальтэрнатыўнай аснове. Сярэдні конкурс па краіне склаў 1,1 чалавека на месца. Выключэньне – толькі абласныя цэнтры і Менск. У сталіцы конкурс – у сярэднім 3 чалавекі на месца.

Адметнасьць гэтых выбараў у тым, што яны пройдуць у адзін тур. Колькі б людзей ні прыйшло да выбарчых скрыняў, выбары будуць прызнаныя адбытымі.

У этэры гучала музыка

“Скажу шчыра, наша самае слабое зьвяно – інфармацыя аб кандыдатах у дэпутаты. Скаргі ў Цэнтральную камісію паступаюць менавіта на недахват інфармацыі”, – паведаміла 9 студзеня ў інтэрвію БТ старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. Яна патлумачыла гэта неактыўнай работай саміх кандыдатаў, а таксама праблемай “з разьмяшчэньнем заказаў на выраб друкаванай прадукцыі, таму што друкарні былі перапоўненыя навагоднімі і каляднымі заказамі”. А што тычыцца выступаў па радыё, дык паводле Ярмошынай, частка кандыдатаў “баяцца мікрафону, яшчэ не прывыклі”.

А вось як выглядае сытуацыя на месцах. З паведамленьняў прэс-службы грамадзкага аб’яднаньня “Беларуская асацыяцыя журналістаў”:

“Выступ кандыдата ў дэпутаты Бярозаўскага райсавету, сябра Партыі БНФ Анатоля Сахарушы не прагучаў у этэры мясцовага радыё ў вызначаны час. Тэкст радыёзвароту да выбарцаў быў запісаны яшчэ напярэдадні Новага году і павінен быў прагучаць у 6.30 раніцай 3 студзеня па правадной сетцы ў этэры раённага радыё.

Аднак слухачы пачулі толькі выступы іншых кандыдатаў у дэпутаты. Калі Анатоль Сахаруша зьвярнуўся па тлумачэньні да кіраўніцтва Бярозаўскага раённага вузла сувязі, дык атрымаў адказ, што ягоны выступ не адбыўся з-за тэхнічных непаладак.
Выступ спадара Сахарушы прагучаў толькі ў дзённым этэры (калі колькасьць слухачоў істотна скарачаецца) разам з паўторам выступаў іншых кандыдатаў….
28 сьнежня ў Гомелі таксама не прагучаў у заплянаваны час зварот да выбарцаў кандыдата ў дэпутаты Гомельскага гарсавету ад БНФ Уладзімера Шыцікава. Паводле кіраўніцтва радыё, здарылася “тэхнічная накладка”. Замест выступу ў этэры гучала музыка”.

Зрабіць тое, што магчыма

У Бабруйску трое кандыдатаў ад апазыцыі – сябры Сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) зьнялі свае кандыдатуры, спаслаўшыся на немагчымасьць атрымаць дазвол ад мясцовай улады на правядзеньне сустрэч з выбарцамі нават у вызначаных месцах.

У Гомельскай вобласьці тры кандыдаты зьнялі свае кандыдатуры з выбараў у мясцовыя саветы на знак пратэсту супраць зрыву сустрэч лідэра аб’яднаных дэмакратычных сіл Аляксандра Мілінкевіча з выбарцамі.

Аналягічныя паведамленьні прыходзілі зь Берасьця, Гомеля, Горадні, іншых рэгіёнаў.

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Мілінкевіч, які браў удзел у выбарчай кампаніі многіх дэмакратычных кандыдатаў на правах даверанай асобы, рэзка нэгатыўна ацаніў падобныя дзеяньні. У ягонай заяве, апублікаванай 4 студзеня на сайце Milinkevich.org, у прыватнасьці, сказана:

“На больш як 24 тысячы акругаў апазыцыйныя палітычныя партыі выставілі разам менш за 1000 кандыдатаў, але і гэтая лічба, па зьвестках інфармаваных людзей, завышаная ледзь не ў два разы. У некаторых выпадках нават вядучыя палітыкі, спрабуючы зарэгістравацца, не змаглі фармальна выканаць элемэнтарныя патрабаваньні заканадаўства. Склалася ўражаньне, што лідэры партыяў ня ведалі, у якіх умовах давядзецца праводзіць выбарчую кампанію. Размовы пра тое, што ўлады не друкуюць улёткі, забараняюць сустрэчы, гучаць непераканаўча…

У гэтых умовах мы вымушаныя былі зрабіць тое, што магчыма – зьбіралі подпісы, сустракаліся з выбарцамі, дэмакратычным актывам у 26 гарадах Беларусі. Да дня выбараў папрацуем яшчэ ў 15 населеных пунктах. Трэба да канца выкарыстаць усе магчымасьці для інфармаваньня людзей і толькі пасьля прымаць рашэньне здымаць ці не здымаць кандыдатаў”.

На думку лідэра аб’яднанай апазыцыі, палітычную кампанію пад назвай “Мясцовыя выбары” можна назваць няўдалай.

Трэба думаць, што адказнасьць за гэта нясуць усе ўдзельнікі кампаніі. У кожным выпадку, канчатковую ацэнку можна будзе даць толькі па яе выніках.

Аглядальнік

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.