“Дружбе” – труба
Масква параўнала Лукашэнку са стыхійным бедзтвам
Беларусь – Расея
Калі апошнія дні перад Новым годам прайшлі пад знакам беларуска-расейскага газавага супрацьстаяньня, дык на праваслаўныя Каляды разгарэўся новы канфлікт – цяпер ужо з-за нафты.
Урад Беларусі прыняў рашэньне з 1 студзеня ўвесьці мыта на транзыт расейскай нафты ў Цэнтральную й Заходнюю Эўропу – Польшчу, Нямеччыну, Вугоршчыну, Славаччыну й Чэхію, а таксама ва Ўкраіну. Мыта склала 45 даляраў за тону. Расейскі бок быў пастаўлены перад фактам 4 студзеня, пасьля нарады ў Лукашэнкі. Праўда, трэба адзначыць, што яшчэ ў сьнежні Масква ў аднабаковым парадку заявіла аб увядзеньні ўвазнога мыта на нафту для Беларусі ў памеры 180 даляраў за тону. Беларусь ад яе закупак у Расеі адмовілася.
Многія палічылі абкладаньне нафты мытам эмацыйным адказам расейцам – маўляў, прайграўшы газавую спрэчку, Лукашэнка ўсё адно пакінуў апошняе слова за сабой. Але наўрад ці гэтым можна ўсё патлумачыць.
Асноўная прычына ўвядзеньня мыта на пампаваньне расейскай нафты праз трубаправод “Дружба” па тэрыторыі Беларусі – неабходнасьць зацыраваць дзіркі ў беларускім бюджэце. Не сакрэт, што беларуская эканоміка разьвівалася апошнім часам у асноўным за кошт танных энэргарэсурсаў з Расеі. Менавіта дзякуючы нізкім цэнам на газ і продажу за мяжу расейскай нафты ў Беларусі выплочваліся адносна высокія заробкі й пэнсіі, падтрымліваліся стратныя прадпрыемствы, у першую чаргу – ў сельскай гаспадарцы. Страціўшы танныя энэрганосьбіты, Беларусь упершыню сутыкнулася з пэрспэктывай рэальнага эканамічнага крызысу.
У новай сытуацыі ўладам РБ трэба было хоць нешта рабіць. Вось “нешта” і прыдумалі. Чытач можа задаць пытаньне – няўжо Лукашэнка й яго памочнікі ўсур’ёз спадзяваліся, што Расея “праглыне” ўвядзеньне мыта на транзыт яе нафты?
Тлумачэньні такіх паводзінаў могуць быць розныя. Па-першае, расейскі бок раней і не такое “глытаў”. А па-другое, са стратэгіяй і тактыкай у кіраўніцтва Беларусі яўна ёсьць праблемы.
Але расейскі бок моўчкі “глытаць” беларускае мыта на сваю нафту адмовіўся.
Хаця спачатку, у сувязі з навагоднімі сьвятамі, што цягнуліся ажно восем дзён, у Маскве рэагавалі даволі млява.
Адно толькі намесьнік міністра эканамічнага разьвіцьця й гандлю (МЭРГ) Расеі Андрэй Шаронаў абвінаваціў беларускі бок у невыкананьні “раней дасягнутых дамоўленасьцяў” і міжнародных нормаў транзыту ды неяк туманна прыгразіў нейкімі санкцыямі ў адказ.
Урад РБ на папярэджаньні не рэагаваў. Наадварот, расейскую кампанію “Транснафта” беларуская мытня абвінаваціла ў кантрабандным перасоўваньні тавару праз тэрыторыю краіны, а суд Цэнтральнага раёну Гомеля нават выклікаў прэзыдэнта “Транснафты” Сямёна Вайнштока ў якасьці правапарушальніка.
Аднак, у панядзелак, калі ў канфлікт былі ўцягнутыя ўжо Польшча ды іншыя краіны Эўропы, “Транснафта” паведаміла сваім эўрапейскім кліентам, што прычынай спыненьня паставак сталі дзеяньні Беларусі, якая, нібыта, незаконна пачала адпампоўваць нафту з трубы дзеля сваіх патрэбаў.
Стала відавочна, што гэта й ёсьць казырная карта, на якую разьлічвае афіцыйны Менск. Разьлік рабіўся на тое, што Расея не захоча яшчэ больш псаваць без таго няпростыя адносіны з заходнімі пакупнікамі сваіх энэргарэсурсаў і адновіць пампаваньне нафты.
Але Масква вуснамі таго ж Шаронава ўсклала на Беларусь усю адказнасьць за немагчымасьць забясьпечыць кантрактныя пастаўкі на Захад. Сытуацыю з прыпыненьнем транзыту МЭРГ назвала “форс-мажорам”. Пад гэтым тэрмінам маецца нешта непрадказальнае і непераадольнае – як, напрыклад, цунамі альбо паводка. Такім чынам Аляксандра Лукашэнку параўналі са стыхійным бедзтвам. Эўропа не стала абараняць Беларусь (як гэта было ў выпадку з Украінай год таму, калі Расея спыніла пастаўкі газу). Наадварот, большасьць эўрапейскіх палітыкаў палічылі вінаватым у распальваньні канфлікту афіцыйны Менск.
Больш за тое, і Масква паказала, што цырымоніцца з саюзьнікам больш не зьбіраецца. У якасьці ўмовы пачатку перамоваў зь беларускім бокам Масква назвала скасаваньне транзытнага мыта.
Міністэрства эканамічнага разьвіцьця дало зразумець, што Расея можа ўвогуле адмовіцца купляць усю беларускую прадукцыю. А гэта будзе балючым ударам для беларускай эканомікі, паколькі Расея застаецца асноўным пакупніком беларускіх трактараў, самазвалаў, матораў і шмат чаго яшчэ.
8-га студзеня ўвечары ў Маскву тэрмінова вылецела дэлегацыя на чале з намесьнікам міністра эканомікі РБ Уладзімірам Найдунавым. У яе ўвайшлі таксама намесьнікі міністра замежных справаў і міністра юстыцыі. Але ў аўторак дэлегацыю спачатку не пусьцілі далей прыёмнай. Прэзыдэнт Пуцін праводзіў нараду зь міністрамі, каб вызначыць – на якіх умовах і зь якога пункту пачынаць перамовы зь Менскам. Пуцін выказаў незадаволенасьць тым, што ў выніку дамовы Газпрому зь Беларусяй расейскі бюджэт, нібыта, губляе 3,3 мільярды даляраў. Адначасова ён загадаў ураду весьці перамовы зь беларускім бокам наконт мытаў, а расейскім кампаніям – часова скараціць здабычу нафты.
Толькі позна ўвечары 9-га студзеня пачаліся перамовы віцэ-прэм’ера РБ Андрэя Кабякова зь міністрам эканамічнага разьвіцьця РФ Германам Грэфам.
Чым скончацца перамовы па нафце, прадказаць на момант напісаньня гэтага матэрыялу цяжка. Але большасьць аналітыкаў сыходзяцца на тым, што Крэмль не даруе апошніх захадаў свайму “саюзьніку”, паколькі ў гэтым выпадку Масква губляе твар. Маскве патрэбная безумоўная капітуляцыя Лукашэнкі. У выпадку адмовы “капітуляваць” кіраўніцтва РБ апынецца перад неабходнасьцю ваяваць на два франты – з Расеяй і Заходняй Эўропай. Ваяваць на два франты не ўдавалася яшчэ нікому. Але, зь іншага боку, цяперашні кіраўнік РБ не аднойчы дэманстраваў, што для яго вайна, паводле расейскай прымаўкі – “мать родна”.
Алег Ман
P.S. Увечары 10 студзеня ўрад РБ скасаваў мыта на транзыт нафты.