Якая падзея 2006 году была, на вашу думку, найменш значнай?

Апытаньне тыдня

Васіль, лекар:
“ВЫБАРЫ ЛУКАШЭНКІ”
Выбары Лукашэнкі Рэспублікі Беларусь. Я маю на ўвазе ня тое, што адбылося пасьля іх, а самі выбары. З заведама вызначаным вынікам.

Андрэй Кудзіненка, кінарэжысэр:
“ВЫСТУП БРАЗЫЛЬСКІХ ФУТБАЛІСТАЎ”
Выступ зборнай Бразыліі на Чэмпіянаце сьвету па футболе. А зь беларускіх падзеяў магу назваць сьвяткаваньне Дня Волі. Мілінкевіч праявіў сябе прыкладна так, як і Ранальдзіньё, ад якога шмат чакалі на тым чэмпіянаце…

Ульяна, настаўніца:
“АДКРЫЦЬЦЁ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ БІБЛІЯТЭКІ”
Я жыву ў мікрараёне “Ўсход”. Таму для мяне такой падзеяй зьяўляецца адкрыцьцё Нацыянальнай бібліятэкі. Колькі было помпы і надзіманьня шчок, і што атрымалася? На карцінцы быў шэдэўр з залатога шкла. А атрымаўся помнік слоіку для закаткі агуркоў.

Віктар Шалкевіч, акцёр:
“СКАНДАЛ ВАКОЛ РЭКАНСТРУКЦЫІ ЦЭНТРУ ГОРАДНІ”
Гэты скандал быў разьдзьмуты ў прэсе. Мне вельмі падабаецца тое, што ў Горадні зараз працуе Фарны касьцёл. Адкрыўся цэлы езуіцкі комплекс. І, мне здаецца, грамадзкасьць неінфармаваная. Маса гісторыкаў і археолягаў сачылі за гэтым усім. І тое, што зроблена, мне падабаецца.

Зьміцер, музыка:
“ЗЬЕЗД САЮЗУ КАМПАЗЫТАРАЎ”
Зьезд Саюзу кампазытараў Беларусі. На ім у соты раз пераабралі старшынём Ігара Лучанка.

Лявон Баршчэўскі, літаратар:
“СТВАРЭНЬНЕ НОВАГА САЮЗУ ПІСЬМЕНЬНІКАЎ”
Найменш значнай падзеяй зьяўляецца стварэньне новага Саюзу пісьменьнікаў на чале з Чаргінцом. Гэта абсалютна прагматычная структура, дзе проста разьлічваюць на дзяржаўную датацыю. Творчыя пытаньні там нікога не цікавяць. А тым больш, выхад на нейкую сусьветную арэну. Гэта спроба захапіць касу і падзяліць яе паміж часткай людзей, якія пішуць. Прычым, ня самай лепшай часткай. Такі невялікі абшчак, кажучы крымінальным жаргонам. Праўда, Віктару Шніпу ўдалося выдаць, дзякуючы гэтаму СП, кніжку ў такім афармленьні, у якім яго ніколі не выдавалі. Нешта яму дасталося.

Валянціна, настаўніца:
“ДЗЕНЬ НАРАДЖЭНЬНЯ ПРАВАДЫРА”
Дзень нараджэньня Аляксандра Лукашэнкі. Здаецца, усе ведаюць, калі ён нарадзіўся. У мінулыя гады гэтая сьветлая дата неяк адзначалася. Ці па радыё што скажуць, ці які губэрнатар кветкі падорыць. А сёлета неяк ціха было 30 жніўня. Сьціплы стаў наш правадыр, атрымаўшы пажыцьцёвы тэрмін.

Лявон Вольскі, рок-музыка:
“КОНКУРС “ЭЎРАБАЧАНЬНЯ”
Удзел Беларусі ў конкурсе “Эўрабачаньня” – абсалютна нязначная ні для каго падзея. Пры такой пільнай увазе ўсіх афіцыйных СМІ, яна стала поўным нічым. Альбо ўсе гэтыя дзіцячыя конкурсы “Эўрабачаньня”… У нас да гэтага стаўленьне, як да спорту. Зрэшты, у нас да ўсяго стаўленьне, як да спорту. Да культуры ў тым ліку. Мы будзем скакаць высока і пры гэтым сьпяваць, і тады ў нас усё атрымаецца. А ў выніку нічога не атрымліваецца, і, можа, ня варта гэтым было займацца. І выдаткоўваць такія значныя сумы на ўсё гэта, замест таго, каб займацца рэстаўрацыяй помнікаў культуры – да прыкладу, сярэднявечных замкаў, якія развальваюцца, бо стаяць незакансэрваваныя.

Міхал, студэнт:
“БЕЛКА”, ЯКАЯ ЛЯСНУЛАСЯ”
Самая нязначная падзея сёлета – “БелКА”, якая ляснулася. Гора ад гэтай катастрофы няшмат. І радавацца, здаецца, неяк непрыстойна. Усё ж маглі стаць касьмічнай дзяржавай. А так – палёты да зор адкладваюцца.

Аляксандар, прадпрымальнік:
“ПРАЙГРАНЫ КОНКУРС НА ПРАВЯДЗЕНЬНЕ ХАКЕЙНАГА ЧЭМПІЯНАТУ”
Менск сёлета мог выйграць конкурс на правядзеньне ў Беларусі міжнароднага хакейнага чэмпіянату. Але ня выйграў. Дробязь, вядома, але прыемная дробязь. Няма чаго тут ладзіць вялікія міжнародныя спаборніцтвы.

Анатоль Лябедзька, палітык:
“САМІТ СНД”
Гэта саміт СНД, які праходзіў у Менску. Яго заўважылі толькі аўтааматары, якім цяжка было рухацца па вуліцах сталіцы. Не адпавядае  тая рэкляма, якая была, таму, што адбылося падчас гэтай падзеі.

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.