СЭАНС ШОКАВАЙ ТЭРАПІІ
ХТО БУДЗЕ Ў РОЛІ ПАЦЫЕНТАЎ?
Беларусь- Расея
Візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву на мінулым тыдні скончыўся поўным правалам. Нават даўно заплянаваны хакейны матч у лядовым палацы на Хадынскім полі з удзелам Лукашэнкі не адбыўся. Яму давялося сьпешна ляцець у Менск, нават не пад’еўшы. Па прылёце кіраўнік дзяржавы гэтым разам не зрабіў аніякіх заяваў. І гэта таксама паказчык. Відавочна, не было пра што казаць.
Мяркуючы па ўсім, кіраўніцтва Беларусі да апошняй хвіліны ня верыла, што ад Расеі ня ўдасца дамагчыся саступак – ні наконт мытаў на экспарт расейскай нафты, ні па коштах расейскага газу. Гэтым разам, выглядае, да кіраўніцтва дайшла ўся сур’ёзнасьць сытуацыі…
Экспэрт беларускага аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Яраслаў Раманчук лічыць, што страты Беларусі ў выніку новай нафтавай палітыкі Расеі складуць каля 8% валавога ўнутранага прадукту (ВУП). Падаражаньне газа можа прывесьці да страты яшчэ 5% ВУП. Ураду давядзецца адшукаць яшчэ як мінімум 1 мільярд даляраў на закупку паліва ў ранейшых аб’ёмах. І гэта без уліку магчымага ўвядзеньня Масквой новых захадаў у абарону расейскага рынку ад беларускіх тавараў. На думку эканаміста, першымі ахвярамі могуць стаць дзяржаўныя інвэстыцыі ў сельскую гаспадарку і будаўніцтва жыльля, а потым пачнецца скарачэньне фінансаваньня і ў сфэры прамысловасьці. Ва ўмовах росту цэнаў на энэрганосьбіты, камунальныя паслугі й транспарт ва ўраду ня хопіць грошай на павышэньне пэнсіяў. Шмат гадоў дзяржава праядала расейскія датацыі, і цяпер унутраных крыніц для нэўтралізацыі шоку ў Менску няма.
Але й гэта яшчэ ня ўсё. На гэтым тыдні Канада заявіла пра ўвядзеньне эканамічных санкцыяў у сувязі з тым, што ўлады Беларусі “ўпарта парушаюць правы чалавека”. Эўразьвяз пагражае пазбавіць Беларусь прэфэрэнцыяў за сыстэматычны перасьлед незалежных прафсаюзаў.
Ціск на афіцыйны Менск, як бачым, неймаверна ўзрастае і з Захаду, і з Усходу.
На першы погляд, дзіўная сытуацыя. Калі на Захадзе, паводле беларускай прапаганды, кіруюць пераважна нашы ворагі, дык іх дзеяньні цалкам зразумелыя. Але чаму такім самым чынам паводзяць сябе “браты” з Расеі?
Калі разьбірацца глыбей, высьветліцца яшчэ адна цікавая рэч. Прэтэнзіі Захаду тычацца выключна таго, што ўлады нашай краіны парушаюць правы беларусаў. Менавіта з-за гэтага дзейны старшыня Эўразьвязу, прэм’ер-міністар Фінляндыі Маты Ванханен назваў Беларусь “шнарам на твары Эўропы”. У выпадку ж, калі гэтая практыка спыніцца, ЭЗ наадварот, гарантуе беларусам шматлікія льготы.
Іншая справа – Расея. Яе наогул не хвалюе стан дэмакратыі ў Беларусі. Патрабаваньні Крамля простыя: аддайце нам кантроль над краінай. Сьпярша праз эканоміку – таму расейцы дамагаюцца продажу ім “Белтрансгазу”. А потым – праз адзіную валюту, Канстытуцыйны акт і наогул аб’яднаньне ў так званую “саюзную дзяржаву”.
Праўду кажучы, Крэмль патрабуе таго, што яму даўно было абяцана. Яшчэ напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году ў Беларусі да кіраўніка дзяржавы прыяжджалі расейскія алігархі, якім былі абяцаныя найсмачнейшыя кавалкі прамысловасьці ў абмен на палітычную падтрымку Масквы. Натуральна, што Крэмль зрабіў стаўку на Лукашэнку, але за пяць наступных год так і ня здолеў атрымаць ганарар. Перад кампаніяй 2006 году Лукашэнка зноў распавядаў Маскве байку пра белага бычка. Там сьцялі сківіцы, але зноў падтрымалі свайго заклятага сябра. У тым ліку, сьмешным коштам на газ – менш за 47 даляраў за тысячу кубамэтраў.
Але навучаныя горкім досьведам расейцы выставілі хаўрусьніку рахунак адразу пасьля “элегантнай перамогі”. Ужо напрыканцы сакавіка “Газпром” абвясьціў пра намер у некалькі разоў падвысіць кошт на газ для Беларусі.
Што далей? Многія аналітыкі мяркуюць, што цяпер на кон пастаўленая незалежнасьць нашай краіны.
Але наўрад ці Лукашэнка пойдзе на гэта. Урэшце, у ягоных руках застаюцца амаль усе беларускія СМІ. Так што ён можа выбраць наступную тактыку: заклікаць беларусаў зацягнуць паясы і супраціўляцца ціску Масквы. Магчымы і поўны разрыў саюзьніцкіх адносінаў з Расеяй.
А вось для эканомікі застаюцца, бадай, толькі два варыянты разьвіцьця. Альбо яшчэ большая самаізаляцыя ва ўмовах яшчэ больш жорсткага адміністрацыйнага рэгуляваньня – прасьцей кажучы, шлях Паўночнай Карэі. Альбо – эканамічныя рэформы і пераход на зусім іншы этап разьвіцьця, паводле прыкладу нашых заходніх суседзяў. Дык можа, гісторыя дае нам яшчэ адзін шанец?
Валеры Філін
December 25, 2006 у 09:31
Czyżby przyszła kryska na Matyska?