Помнік Чыкацілу
Фэльетон
“Узяўшы і разрабаваўшы гарады Харэзма, манголы ўчынілі нябачаную разьню. Пэрсідзкі храніст Джувэйні паведамляе пра мільён забітых у адным Ургенчы, іншыя аўтары пішуць пра некалькі мільёнаў… Манголы мэтадычна забівалі гараджан са спрытам жывёлаводаў, што прывыклі рэзаць авечак… Загінула ня менш за чвэрць насельніцтва Харэзму. Як пісаў францускі вучоны Рэнэ Грусэ, Чынгісхан першым “узьвёў тэрор у сыстэму кіраваньня, а разьню насельніцтва ў мэтадычны інстытут”. (Г.Казлоў, “Цемучын – карнік неразумных”.)
Сёлета спаўняецца 800 гадоў ад пачатку заваёўніцкіх паходаў Чынгісхана (Цемучына). Манголы, якія таксама хочуць людзьмі звацца, і не абы якімі, а нашчадкамі славутых ваяроў, абвясьцілі Чынгісхана “чалавекам тысячагодзьдзя”. Урачыстасьці працягваюцца ўвесь год, закладзены 40-мэтровы помнік вялікаму хану ва Ўлан-Батары…
Аляксандар Македонскі, Чынгісхан, Тамэрлан, Напалеон… Усіх іх аб’ядноўвае маніякальная прага да заваяваньня чужых земляў. І вынікам іхнай дзейнасьці былі спаленыя гарады й вёскі, зруйнаваныя палацы й храмы, і, вядома, горы і горы трупаў. Славутая карціна Верашчагіна “Апатэоз вайны” з выяваю піраміды чарапоў – не фантазія мастака. Такімі “знакамі” Тамэрлан пазначаў межы сваёй імпэрыі.
І ўсе вышэйпамянёныя асобы – што называецца, культавыя, кожным ганарацца землякі, ушаноўваюць памяць, узводзяць помнікі й мэмарыялы, іхныя асабістыя рэчы беражліва захоўваюцца ў музэях…
А цікава – праз колькі гадоў: сто, дзьвесьце? – будзе пастаўлены помнік Гітлеру? Сапраўды, чым ён горшы за Чынгісхана – хіба ж вялікі мангол адмовіўся б ад выкарыстаньня газавых камэраў, калі б яны былі тады вынайдзеныя?
А верагоднасьць стварэньня такога помніка ёсьць – гітлераўскія ідэі калі яшчэ й не перамагаюць, дык, бясспрэчна, — жывуць. Нядаўна па польскім ТБ паказалі нейкую “тусоўку” польскіх нэафашыстаў, якія скакалі каля палымнеючай свастыкі з крыкамі “Зіг хайль!”. Падумаць толькі – у Польшчы! Дзе, здавалася б, попел Варшавы павінен “грукаць у сэрца” кожнага паляка… А колькі гэткіх асобнікаў у Расеі? Што зьдзіўляцца: вось піша расейскі публіцыст Ул.Карпец у “Литературной газете”: фашызм, маўляў, усяго толькі “карпаратыўна-сацыяльны лад з аб’яднаным прадстаўніцтвам працоўных і прадпрымальнікаў пад кіраўніцтвам адзяржаўленай партыі”, і трэба спакойна ставіцца да гэтага паняцьця. Нічога новага – у Беларусі адна да аскоміны вядомая асоба таксама сьцьвярджала, што не ўсё пры Гітлеры было кепска.
Ня траціць шанцаў вярнуцца на п’едэсталы й найбольш нам “блізкі” душагуб – Сталін. Ужо існуе “лінія Сталіна” з азгураўскім бюстам, а ў кожнай кнігарні поўна кніг з панегірыкамі на адрас “бацькі народаў”. А адзін з самых нялюдзкіх ягоных маршалаў – Жукаў – цяпер красуецца ў бронзе на Краснай плошчы ў Маскве.
Мабыць, існуе нейкі ген рабства, халопства, які змушае ахвяру абагаўляць ката…
А вось маньяку Чыкацілу помнік “ня сьвеціць” – зьвёў са свету ўсяго некалькі дзясяткаў чалавек, не спаліў і не зруйнаваў аніводнай нават самай мізэрнай халупы… Вось калі б яму ўдалося ўзьвесьці лік сваіх ахвяраў у квадрат, потым яшчэ раз і яшчэ, ды падмацаваць гэта “самай перадавой ідэалёгіяй”!..
І тады б ня зводзіліся кветкі ля помніка Чыкацілу І-му!