“ПАЛЯГЧАЛА?”

АЛЬБО ДЗЯЛКА, НА ЯКОЙ МОЖНА ПЕРАМАГАЦЬ

Агляд радыё

Па нядзелях на Радыё Свабода выходзіць перадача “Званкі на Свабоду”, агляд за тыдзень. Калі гэтыя званкі гучаць сярод тыдня – дык яшчэ цярпець можна. Але ці варта гэта яшчэ паўтараць? Мне, напрыклад, гэты тыдзень запомніўся галасамі. Бацька Зьмітра Дашкевіча расказваў, як прабіўся да судзьдзі і папрасіў паглядзець яму ў вочы. “Палягчала?” – цынічна запытаўся судзьдзя… А другі чалавек, які выступаў на “Свабодзе”, Эрнэст Сабіла, так шчыра шкадаваў, што Фронт раскалоўся, і прасіў, каб Пазьняк і Вячорка сустрэліся на яго, Эрнэставых хаўтурах ды памірыліся. Вось гэтыя галасы – каштоўныя дакумэнты гісторыі. І такія галасы варта паўтараць, каб пачулі іх.

Маё вуха вэтэрана “Талакі” чуйна рэагуе на інфармацыю пра ахову помнікаў. Нядаўна ў навінах нашых радыястанцыяў прамільгнулі такія паведамленьні. У Глыбокім падчас рэстаўрацыі царквы знайшліся фрэскі каталіцкага касьцёлу, які месьціўся там раней. У Магілёве на замчышчы надумалі будаваць царкву. У Гальшанах з кляштару францішканаў выкідаюць музэй. Мясцовыя краязнаўцы паўсюль хвалююцца – што будзе з фрэскамі, як захаваць замчышча, ці будзе новае памяшканьне для музэя? І наогул – каму ён пашкодзіў у кляшторным будынку? З кароткіх паведамленьняў у выпусках навін нічога гэтага не дазнаесься. А калі б журналісты ўзяліся ды зрабілі расьсьледаваньні, дык і краязнаўцам дапамаглі б, і слухачам стала ўсё зразумела. Мне здаецца, ахова помнікаў – тая дзялка, дзе ўсе мы, неабыякавыя сьвядомыя беларусы, можам атрымліваць перамогу.

Моўныя заўвагі – у выглядзе шырока вядомага анэкдота.
– Мікола, ты чуў, як Гальляш Валынец з Эўрапейскага Радыё называе наша піва?
– Як?
– Піўко.
– …!!!
А калі сур’ёзна, як назваць ласкава нашае піва? Піўка, піўца, піўцо.

Сяржук Вітушка

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.