БЫВАЙЦЕ ЗДАРОВЫ!
“ОБЩЕНАЦИОНАЛЬНОЕ ТЕЛЕВИДЕНИЕ” ЗАСТАЛОСЯ НАСКРОЗЬ САВЕЦКІМ
Агляд TV
100-гадовы юбілей Брэжнева шырока асьвятляўся на ўсіх тэлеканалах. У сувязі з гэтым успамінаецца анэкдот брэжнеўскай эпохі. “Тата! — пытаецца ў савецкага палкоўніка КГБ сын-школьнік, – Дык ці быў 1937-ы год у гісторыі нашай краіны? – Не, сынку, ня быў. Але будзе”.
Гэты жарт цалкам падыходзіць у якасьці эпіграфа да дзесяцісэрыйнага фільма “Советская Белоруссия», які дэманструецца другі тыдзень на канале ОНТ.
Прызнаць назву фільма арыгінальнай цяжка. І ня толькі таму, што ў Беларусі выходзіць аднайменная прэзыдэнцкая газэта. “Советская Белоруссия” – так некалі называліся кіначасопісы, якія паказвалі за савецкім часам у кінатэатрах перад сэансамі мастацкіх фільмаў.
Ладна, калі б аўтары неабдымнага сэрыялу абмежаваліся задачай адрадзіць эстэтыку і стыль савецкага псэўдадакумэнтальнага кіно. Але яны пакінулі некранутым і ягоны зьмест. Ніводнага новага кінакадра, фотаздымка, ці дакумэнта за ўвесь фільм. Яго аўтары паленаваліся, ці палічылі непатрэбным корпацца ў архівах. Яны проста вывалілі на экран, не паклапаціўшыся часам нават пра асэнсаваны мантаж, увесь “залаты запас” БССР-аўскай прапаганды.
Адзіным наватарствам стваральнікаў сэрыялу можна лічыць тое, што большасьць кінасюжэтаў ранейшага часу агучваліся дыктарскім тэкстам на беларускай мове, а ў наш час беларускі артыст і тэатральны рэжысэр Валеры Анісенка чытае тэкст у кадры й за кадрам выключна па-расейску. Але з патасам, якому пазайздросьцілі б многія савецкія дыктары.
Ёсьць і яшчэ адна знаходка. У сэрыі пра 30-я гады мінулага стагодзьдзя, напрыклад, нельга было абысьці тэму сталінскіх рэпрэсіяў. Таму гэтую далікатную тэму даручылі пракамэнтаваць цяперашняму начальніку службы інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КГБ таварышу Надтачаеву. Той праінфармаваў гледачоў, што ў той час улады змагаліся з “унутранай апазыцыяй”, якая супрацьстаяла тагачаснай “лініі партыі”. Коратка й ясна. Яшчэ ясьней выказаўся нейкі гісторык, які заявіў, што ў Беларусі ў той час былі і “шкоднікі”, і “ворагі народу”. Ну, і “перагібы” былі, не без таго.
Для ілюстрацыі нам паказалі даўжэзныя фрагмэнты дакумэнтальных фільмаў, зьнятых у 1980-90-я гады, пра камуністаў Чарвякова, Цішку Гартнага, і дзеяча КПЗБ Арэхву, якія сталі ахвярамі рэпрэсіяў. Праўда, чыіх рэпрэсіяў – застаецца не зусім ясным, паколькі ні тагачасных партыйных кіраўнікоў Беларусі, ні таварыша Сталіна нам не паказваюць. У гледача павінна стварыцца ўражаньне, што рэпрэсіі закранулі толькі камуністаў. А беларускі народ у цэлым жыў, калі казаць словамі вядучага, нялёгкім, але радасным, паўнакроўным жыцьцём. Араў, працаваў на будоўлях камунізму, танчыў і сьпяваў. І толькі набліжэньне вайны псавала радасную карціну калгаснага жыцьця.
У якасьці прыкладу атмасфэры ўздыму й энтузіязму аўтары паказваюць кадры сустрэчы з расейскімі пісьменьнікамі, на якой чытаюць свае аптымістычныя вершы паэты Ціханаў і Уткін. Пра беларускіх паэтаў і празаікаў, якіх за тым часам расстрэльвалі, альбо адпраўлялі ў сталінскія лягеры ў Сібір дзясяткамі – ані слова.
У якасьці ўзору росквіту тагачаснай беларускай паэзіі прапанаваная песьня “Жывіце багата” на музыку Лобана і словы Русака. (Песьня сапраўды папулярная. Але ўявіце, каб з усёй пасьляваеннай расейскай паэзіі была пакінутая для нашчадкаў толькі… “Кацюша” Ісакоўскага.)
У адной з наступных сэрыяў – “Адраджэньне” — мы пачуем, як паэт Максім Танк чытае верш, што ўслаўляе Сталіна. Пабачым мы й партрэты “правадыра народаў”, які нясуць шчасьлівыя беларускія хлебаробы і даяркі з брыгадзірамі. Ні аб якіх рэпрэсіях у гэтай сэрыі ўжо няма й гаворкі. Праўда, скрозь зубы згадваюцца праблемы з калектывізацыяй у Заходняй Беларусі. Ня тое што працэс там зусім абыходзіўся бяз гвалту… Але, як успамінае нейкі прафэсар, ягонага бацьку, напрыклад, тады зьлёгку папалохалі – выклікалі ў райвыканкам і сказалі: выбірай! Хочаш – уступай у калгас, а ня хочаш – едзь у Сібір.
Як сказаў вядучы, такое тады было жыцьцё – савецкае. Такім, калі меркаваць паводле 10-сэрыйнай тэлеэпапеі, яно й засталося.