Якая прычына і якія наступствы хвалі галадовак у Беларусі?
Пытаньне тыдня
Вольга Іпатава, пісьменьніца:
“ГАЛАДОЎКА ЁСЬЦЬ ВЫХАДАМ АДЧАЮ”
Мне здаецца, што адчай апаноўвае людзей, якія бачаць абсалютнае беззаконьне ва ўсім. І галадоўка ёсьць выхадам гэтаму адчаю, злосьці й абражанаму гонару. Усяму комплексу таго, што адчувае чалавек, жывучы ў таталітарным грамадзтве, дзе ён ня мае ніякай зваротнай сувязі. Што б ён ні гаварыў, ніякія сыгналы наверх не даходзяць. І таму адчай, злоба і жаданьне хоць унутрана, у сабе самім кампэнсаваць гэтую зьнявагу гонару. А да чаго гэта ўсё прывядзе… Я слухала, калі дэпутат Сяргей Касьцян гаварыў у Авальнай залі: “узарвем дзяржаву”. Гэта быў першы раз, калі я цалкам была згодная з ягонымі думкамі. Ён казаў гэта ў зьвязку з тымі новымі законамі, яшчэ не прынятымі, якія будуць пагражаць людзям яшчэ большымі штрафамі, арыштамі, турэмным зьняволеньнем, канфіскацыямі і гэтак далей. І ён казаў, што трэба караць тых людзей, якія прыдумляюць гэткія законы. Калі ўжо такі чалавек, як Касьцян так загаварыў, то гэта аб чымсьці сьведчыць.
Інэса, хатняя гаспадыня:
“ПРА ЯКУЮ ХВАЛЮ ВЫ ГАВОРЫЦЕ”?
А пра якую хвалю вы гаворыце? Ведаю, што галадавалі пратэстанты, Казулін, здаецца, галадаваў. Але гэта супадзеньне. Нельга гэтыя акцыі разглядаць як адну вялікую зьяву.
Алесь Бяляцкі, праваабаронца:
“ІНШЫХ ІНСТРУМЭНТАЎ УЗЬДЗЕЯНЬНЯ СТАНОВІЦЦА ЎСЁ МЕНЕЙ”
Мне падаецца, што ў сёньняшняй сытуацыі галадоўка не выпадкова пачынае выходзіць на першае месца. Бо іншых інструмэнтаў становіцца ўсё меней і меней. Галадоўка становіцца адзіным больш-менш эфэктыўным сродкам, які розныя групы грамадзтва ўжываюць як апошнюю магчымасьць дагрукацца да ўладаў і нейкім чынам паспрабаваць паўплываць на тыя ці іншыя рашэньні. На сёньняшні дзень, сапраўды, гэта звычайная практыка грамадзка-палітычных актывістаў. А да чаго яна прывядзе? Можа быць, да нейкіх маленькіх, я б так сказаў, лякальных перамогаў. Цяжка казаць пра нейкія карэнныя зьмены пры ўжываньні гэтага сродку. Як праваабаронца я асабіста, канечне, выступаю супраць гэтага сродку. Бо заўсёды здароўе чалавека ў любой сытуацыі для мяне зьяўляецца найважнейшым.
Юрась, лекар:
“ГЭТА АПОШНІ СРОДАК ДАВЕСЬЦІ СВАЮ РАЦЫЮ”
Галадоўка – гэта павольнае самазабойства. Як хрысьціянін я не магу яе ўхваліць. Хаця і разумею, што гэта апошні сродак давесьці сваю рацыю. Я вельмі быў рады, калі скончылася галадоўка менскіх пратэстантаў. А зараз вось каталікі ў Горадні дамагліся свайго. Гэта павінна прывесьці да больш паважлівага стаўленьня ўладаў да вернікаў-неправаслаўных.
Сямён Букчын, пісьменьнік:
“ГЭТА, НА ЖАЛЬ, МАЛА КАГО ХВАЛЮЕ”
Я ня ведаю, ці можна тут гаварыць пра хвалю. Але нават калі пагадзіцца з гэтым тэрмінам, то галоўнае ў тым, ці мае гэтая хваля шырокі грамадзкі розгалас. Як у Беларусі, так і за мяжой. Гэта балючае, страшнае і, разам з тым, высокае рашэньне – паказаць цаною свайго здароўя нязгоду з уладамі. Мне здаецца, што ва ўмовах, калі задушаны незалежны друк, гэтыя акцыі ня маюць шырокага грамадзкага значэньня. А прычыны гэтай зьявы такія. Я бачу, што ёсьць асобныя асяродкі, невялікія групы людзей, што схільныя адстойваць сваю пазыцыю такім самазабойчым спосабам. Калі б свой пратэст можна было недзе выказаць, надаць яму нейкі розгалас, дык людзі ня йшлі б на такое самаахвяраваньне. Але гэта, на жаль, мала каго хвалюе. Паглядзіце на Расею. Для Грузіі ў расейскім друку заўжды знойдзецца месца. “Известия” на траціну паласы пісалі пра скрадзены гадзіньнік Кіркорава. А што, галадоўка Казуліна – гэта не падзея? Адзінае, што іх хвалюе – гэта газ, каб хутчэй прывязаць тую Беларусь. І да чаго гэтая хваля можа прывесьці, калі яна ня мае рэальнай грамадзкай падтрымкі? Ёсьць людзі самаахвярныя, але яны ў адзіноце. Гэта праўда нашага сёньняшняга жыцьця.
Васіль, прадпрымальнік:
“МОЖА БЫЦЬ, УЛАДА ПАРАЗУМНЕЕ…”
Прычына галадовак зразумелая. Немагчымасьць вырашыць пытаньні жыцьця – ці то рэлігійнага, ці палітычнага, ці гаспадарчага – законным шляхам. Па ідэі, трэба было б спачуваць гэтым людзям. Прычым спачуваць масава. Але штосьці я ня чую ў тралейбусах прозьвішча Казуліна. І калі царкоўнікі галадалі, таксама не было пра іх чуваць. Гэта пра што гаворыць? Пра нашу абыякавасьць. Тады на што і на каго разьлічваць галадоўнікам? Толькі на спачуваньне ўладаў. Можа быць, яны паразумнеюць. Бо ім рэпутацыя забойцаў зусім непатрэбная. Якія б яны ні былі.
Валянцін Акудовіч, філёзаф:
“У ПАЛІТЫЧНЫМ ПЛЯНЕ ГАЛАДОЎКІ НІ ДА ЧАГО НЕ ВЯДУЦЬ”
Відавочна, у Беларусі мы назіраем нейкую эпідэмію галадовак. Галадаюць бізнэсоўцы, галадаюць вернікі, галадаюць палітыкі. Да чаго гэта прывядзе? Я думаю, што, хутчэй за ўсё, у палітычным пляне галадоўкі не прывядуць ні да чаго радыкальнага. Колькі ні было палітычных галадовак, ніводная зь іх не дасягнула нейкіх выразных вынікаў. Іншая рэч, што галадоўкі, якія ня мелі на мэце нейкіх палітычных задач, раз-пораз прыносяць вынікі. Найперш, галадоўка пратэстантаў. Уладам не было іншага выйсьця, як хоць зрабіць выгляд, што яны задаволяць патрабаваньні. Вельмі добра скарысталіся сытуацыяй каталікі ў Горадні. Улада адразу ж пачала адступаць. Але казаць пра гэтую хвалю як пра палітычную падзею, якая вядзе да зьменаў рэжыму, абсалютна памылкова. Бо там, дзе ідзе галадаваньне супраць улады, там яно ня мае ніякага посьпеху. І можа выкарыстоўвацца, як у выпадку з Казуліным, дзеля піяра. І ўвесь плён ягонай галадоўкі – гэта ўласная прэзэнтацыя для эўрапейскай супольнасьці. Палітычныя галадоўкі ня маюць падтрымкі ў грамадзтве. Тым больш, што ўжо ўсе разумеюць – ніхто ў гэтых галадоўках не зьбіраецца ісьці да канца.