Ані мовы, ні размовы
Куды вядзе бум галадовак у Беларусі?
Камэнтар
Удзельнікі сёньняшняга апытаньня разышліся ў думцы, ці насамрэч у Беларусі мае месца хваля галадовак. У гэтым засумняваўся пісьменьнік Сямён Букчын. Хатняя гаспадыня Інэса наагул ніякае хвалі ня бачыць. Затое філёзаф Валянцін Акудовіч безапэляцыйна гаворыць нават не пра хвалю, а пра эпідэмію галадовак. Напэўна, ён мае рацыю, калі ўлічыць, што галадоўка ў Беларусі перадаецца, як прыклад, ад адной групы да іншай. Гарадзенскія каталікі не хавалі, што ідэю галадоўкі падгледзелі ў менскіх пратэстантаў. Калі ж улічыць, што праз галадоўкі ў Беларусі за апошнія гады прайшлі сотні людзей з самых розных сацыяльных груп і што іх пратэсты датычылі цалкам розных сфэраў жыцьця грамадзтва – галадавалі прадпрымальнікі, прафсаюзныя актывісты, маладыя і старэйшыя палітыкі, вернікі розных канфэсіяў, — можна казаць калі не пра эпідэмію, дык пра бум галадовак дакладна.
Каб зразумець сэнс гэтай зьявы, заўважым, што галадоўкі пратэсту сучаснае грамадазнаўства трывала зьвязвае з турмой. Таму, напрыклад, не існуе такой прафэсіі – спэцыяліст па галадоўках пратэсту, затое ёсьць прафэсія – спэцыяліст па галадоўках пратэсту зьняволеных. У турме, сапраўды, ніхто нібыта й не абавязаны да цябе прыслухоўвацца, калі ты зэк. Таму галадоўка там – пэўная форма размовы, дыялёгу паміж асуджаным і адміністрацыяй.
Сутнасьць нашых галадовак “на волі” – тая самая. Паказальна, што беларускія чыноўнікі, якія сьпярша адмовіліся ад роднае мовы, цяпер адмаўляюцца ад самой формы камунікацыі зь людзьмі праз гутарку, праз дыялёг. Таму людзі, якія адстойваюць перад уладай свае правы, вымушаныя выкарыстоўваць такую апошнюю, турэмную “форму размовы” як галадоўка. Людзі выстаўляюць патрабаваньні, улада на іх так ці інакш адгукаецца. Пры гэтым яна дае зразумець, што рыса, за якую нельга пераступаць – гэта патрабаваньні палітычныя. Мы, чыноўнікі, разумеем, што вас, людзей, можа ня стаць, таму і ад нас не патрабуйце, каб нас не было. Вось чаму Валянцін Акудовіч кажа, што палітычная галадоўка ніколі ні да якіх пераменаў не прывядзе.
Трэба сказаць, што палітычныя галадоўкі і выглядаюць часам па-бутафорску – калі галадаюць на знак салідарнасьці адзін дзень альбо абвяшчаюць так званыя эстафэтныя галадоўкі – нават паводле назваў гэта больш просіцца ў разьдзел здаровага ладу жыцьця, чым туды, дзе кажуць пра расьцягнутае ў часе самагубства і пратэст.
Улада, напэўна, вельмі пільна сочыць за тым, каб нідзе пасярод галадоўнікаў ня здарылася сьмяротнага выпадку, і рэгулюе працэс – дзе хутчэй згаджаецца на саступкі, дзе крыху зацягвае час. Калі б нехта недзе памёр, гэта ў кожным разе легла бы плямай на ўладу, паспрыяла б падрыву яе аўтарытэту. Што да саміх галадовак, дык яны, бадай, толькі ўмацоўваюць гэты аўтарытэт, як турэмная галадоўка сьведчыць пра “жалезную руку” адміністрацыі, а гэта для турэмнай адміністрацыі безумоўна – плюс. Тое самае адбываецца і ў грамадзтве, якое абрала сабе аўтарытарную мадэль улады. Галадоўкі ўскосна мацуюць аўтарытарызм. І ні ў якім разе не вядуць да яго ператварэньня ў дэмакратыю.
Дэмакратыя складаецца са свабодаў. І сапраўды, калі я магу вольна выказацца і гэта пакажуць на БТ, калі я магу рэальна выбіраць уладу, а калі яна глухая да мяне – перавыбіраць яе, калі я магу стварыць арганізацыю, якая будзе адстойваць мае правы і пажаданьні, – калі ўсё гэта будзе, навошта мне галадаваць?
Бум беларускіх галадовак, між іншым, сьведчыць яшчэ й пра тое, што цяперашняя ўлада ў Беларусі на ўсіх узроўнях папросту ня здольная гаварыць зь людзьмі, выслухоўваць аргумэнты і пераконваць сваімі. А гэта значыць, што пры зьмене палітычнай сытуацыі гэтыя канкрэтныя людзі на чыноўніцкіх пасадах не застануцца. Бо ў сытуацыі дыялёгу паміж народам і ўладай “турэмнай адміністрацыі” месца ня будзе.