БЕЛАРУСЬ МОЖА ЗАСТАЦЦА БЕЗ ПРЭМІЯЛЬНЫХ
Беларусь - Эўропа
19-20 сьнежня сталыя прадстаўнікі краінаў Рады Эўропы разгледзяць справу аб пазбаўленьні Беларусі гандлёвых ільготаў, якімі яна карыстаецца ў рамках Генэральнай сыстэмы прэфэрэнцыяў (ГСП). Беларусь можа пазбавіцца прэфэрэнцыяў, атрыманых раней ад Эўразьвязу. У выніку гэта будзе каштаваць беларускай эканоміцы стратаў у памеры каля 300 мільёнаў эўра ў год. Пастанова пра выключэньне Беларусі з ГСП раней была прынятая рабочай групай экспэртаў ЭС.
Некаторыя СМІ пісалі, што Эўракамісія (урад ЭС) пачала працэдуру пазбаўленьня РБ прэфэрэнцыяў паводле ініцыятывы Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) у сувязі з парушэньнем правоў беларускіх прафсаюзаў. Але гэта не зусім так. Падставай стаў зварот іншай аўтарытэтнай арганізацыі — Міжнароднай канфэдэрацыі свабодных прафсаюзаў (МКСП), у якую ўваходзяць 156 краінаў. А вось нагодай для звароту стала акурат невыкананьне беларускім урадам рэкамэндацыяў МАП.
Яшчэ ў 2000-м годзе Беларускі прафсаюз работнікаў аграпрамысловага комплексу, Прафсаюз работнікаў аўтамабільнага і сельскагаспадарчага машынабудаваньня і некалькі іншых прафсаюзаў паскардзіліся на парушэньні сваіх правоў. Прафсаюзы скардзіліся на тое, што ўлады РБ прысвоілі сабе права дазваляць альбо забараняць іх дзейнасьць, умешваюцца ва ўнутраныя справы гэтых арганізацыяў, прымушаючы іх абіраць ляяльных уладам лідэраў. Усё гэта лічыцца грубым парушэньнем міжнародных нормаў – таксама, як і абмежаваньне права на забастоўкі ў Беларусі.
Празь нейкі час да скаргі незалежных прафсаюзаў далучылася Фэдэрацыя прафсаюзаў беларуская (ФПБ). Прыканцы 2003 году МАП накіравала ў Беларусь камісію, якая пацьвердзіла факты, што згадваліся ў скарзе. Міжнародная арганізацыя працы дала ўраду паўгода на выпраўленьне сытуацыі. Але ніводная з рэкамэндацыяў не была ўзятая пад увагу.
Толькі пасьля гэтага МКСП зьвярнулася ў Эўракамісію з патрабаваньнем выключыць Беларусь са сьпісу краінаў, якія карыстаюцца прэфэрэнцыямі ЭС. Гандлёвыя льготы ГСП – гэта свайго роду прэмія, якой заахвочваюцца краіны, у якіх паважаюцца правы чалавека і грамадзянскія свабоды (у тым ліку прафсаюзныя). Высокапастаўленыя беларускія чыноўнікі цьвердзяць, што ў пытаньнях прафсаюзнага руху ім навязваюць “чужыя традыцыі”.
Але Беларусь уваходзіць у Міжнародную арганізацыю працы з 1954 году. І пасьля ратыфікацыі Канвэнцыяў МАП, у тым ліку – Аб свабодзе аб’яднаньняў і Аб праве на вядзеньне калектыўных перамоваў наша краіна ўзяла на сябе абавязак выконваць права прафсаюзаў абараняць свае правы. Ніхто не прымушаў РБ гэтыя канвэнцыі падпісваць. Але падпісаныя міжнародныя абавязацельствы трэба выконваць. А ўрад РБ упарта не жадае гэтага рабіць.
Толькі пагроза страты значнай часткі даходаў у бюджэт з-за выключэньня з ГСП прымусіла ўлады зрабіць хаця б выгляд, што яны зьбіраюцца выправіць парушэньні. Але, з другога боку, улады яўна не гатовыя ісьці на дэмакратызацыю грамадзкага жыцьця, паколькі яны баяцца зьяўленьня ў Беларусі хоць колькі-небудзь уплывовых незалежных арганізацыяў, а прафсаюзаў – у першую чаргу. Чымсьці давядзецца ахвяраваць.
Нават калі ў сьнежні будзе прынятае рашэньне аб пазбаўленьні Беларусі прэфэрэнцыяў, у сілу яно ўступіць толькі праз паўгода. Такім чынам, у афіцыйнага Менску яшчэ ёсьць час падумаць.
Тым больш, што рашэньне Расеі ўвесьці мыта на расейскія нафту і нафтапрадукты, якія пасталяюцца ў Беларусь, яшчэ больш ставіць пад пагрозу даходы ў дзяржаўны бюджэт, а значыць – і славутую “сацыяльную стабільнасьць” у краіне, на якую ўлада прызвычаілася спасылацца.