“УРЭМЯЧКА” ВЫБРАЛА НАС

Тэлебачаньне ў пошуках ідэальнага беларуса

Агляд TV

Трэба аддаць належнае стваральнікам новай тэлеперадачы. У адрозьненьне ад астатніх, яны ня сталі пераймаць у расейскіх калегаў ідэю, тэмы, аздабленьне, музыку, манеру вядзеньня. Яны проста ўзялі перадачу “Аўтарскага тэлебачаньня” (якое пачало выходзіць яшчэ на ЦТ) “Времечко”, дадалі да яго слова “белорусское” і перанесьлі на канал “Лад”. І яшчэ запрасілі ў студыю маскоўскага журналіста – аднаго зь вядоўцаў згаданай праграмы, якая выходзіць зараз на маскоўскім канале ТВЦ. Праўда, калі б вядоўцаў не прадставілі, здагадацца, хто зь іх расейскі журналіст, а хто беларускі, было б ня так проста.

Атрымалася “Белорусское времечко”, якое будзе выходзіць цяпер штодня, амаль адначасова з галоўнай інфармацыйнай праграмай БТ “Панарама”. Што ўжо само па сабе выглядае сьмела. Асабліва, калі ўлічыць, што перадача выходзіць у жывым этэры – ад гэтага і беларускія гледачы і вядоўцы беларускіх тэлеканалаў даўно адвыклі (калі не лічыць наўпроставых трансьляцыяў прамоваў кіраўніка дзяржавы). Гэты фактар, відаць, і згуляў са стваральнікамі праграмы злы жарт.

Нічога крамольнага ў этэры, зразумела, не было. Большасьць сюжэтаў былі прысьвечаныя старым, як само тэлебачаньне, праблемам: бацька п’е, з-за чаго дзеці ў сям’і недаядаюць, вада ў нейкім падвале цячэ, у другім падвале блохі, каб ім ліха, пакусалі дзяцей і г.д. Самым запамінальным атрымаўся сюжэт пра старога дзядзьку ў Горадні, які высьвіствае на лісьцях розныя мэлёдыі для мінакоў і тым зарабляе на жыцьцё. (Для больш важных сюжэтаў у горадзе, дзе ўлады разбураюць гістарычны цэнтар, стваральнікі, відаць, не знайшлі “ўрэмечка”).

Але аўтары на самым пачатку задалі высокую планку для інтэрактыўнай размовы: яны прапанавалі гледачам прысылаць адказы на пытаньне: “Хто такі ідэальны беларус?” Адказаў было шмат – СМС-паведамленьні можна было бачыць унізе тэлеэкрана. І вядучыя беспамылкова выбіралі зь іх… самыя банальныя. Ідэальны беларус – “добры”, “вельмі добры”, “працавіты”, “трудяга”, “бландын з блакітнымі вачыма”, “многоязычный” (!).

Праўда, у сюжэтах з глыбінкі, падрыхтаваных да перадачы, а яшчэ больш – у тэлефанаваньнях у студыю той самы беларус выглядаў трошкі йнакш. Хоць і добрым празьмерна, але нясьмелым, скаваным, нават забітым, крыху тупаватым, смурным. Адзінае, што ён можа выразна вымавіць – “дапамажыце закрыць кран у падвале”. Калі нехта з гледачоў хацеў выказаць крытыку, і яго званок далі ў этэр, ён сумеўся: “Ды не, што вы, я проста так, выпадкова ўбачыў кавалак вашай перадачы…”

Такі атрымаўся ідэальны беларус у аўтараў “Времечка”, незалежна ад іх суб’ектыўнага жаданьня. А самыя важныя, зьмястоўныя СМС-кі журналісты не захацелі заўважыць. “Ідэальны беларус – той, хто гаворыць на беларускай мове”. Гэта быў адзіны адказ па-беларуску…

І яшчэ адзін дасьціпны адказ – “чалавек з Горадні, які сьвісьціць”. Лепшы сымбаль для першага выпуску “Белорусского времечка”, сапраўды, цяжка падабраць.

Максім Пешкаў

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.