Чаго сёньня не хапае ў газэтах – дзяржаўных і недзяржаўных?

Пытаньне тыдня

Крысьціна Шацікава, грамадзкая актывістка:
“НЕ СТАЕ ПРАЎДЫ”
Калі ўзяць афіцыйныя газэты, то там пішуць так, што я адразу ведаю – насамрэч усё адбываецца абсалютна па-іншаму. А ў незалежных газэтах ёсьць толькі палітычная праўда. У нас усё вельмі палітызавана. А хацелася б, каб газэта адлюстроўвала рэчаіснасьць ня толькі палітычную, а яшчэ й агульначалавечую.

Ігар, мэдык:
“СКАНДАЛЬНАСЬЦІ НЕ ХАПАЕ”
Нідзе няма гучных сэнсацыйных матэрыялаў, нейкіх журналісцкіх расьсьледаваньняў, пасьля якіх газэта перадаецца з рук у рукі. Якую зараз газэту можна камусьці перадаць са словамі: “Там такое напісана!…”? Няма такіх сёньня. А былі.

Станіслаў Шушкевіч, кіраўнік Беларусі напачатку 1990-х:
“НЕ ХАПАЕ ІНФАРМАЦЫІ”
У нас вельмі вузкае кола тых пэрсон, пра якіх пішуць і гавораць. Хацелася б, каб гэта было крышку шырэй. І наогул не хапае кароткіх і зьмястоўных матэрыялаў. Шмат вялікіх артыкулаў, у якіх доўга шукаеш сэнс. Пакуль выцісьнеш ваду, яны зморваюць. Мне вельмі цяжка іх чытаць. А на іх мода нейкая пайшла – і ў “Народнай волі” і ў “Нашай Ніве”. Вельмі часта праблему смокчуць з пальца. Не хапае праўдзівай інфармацыі і журналісцкага розуму.

Вольга, хатняя гаспадыня:
“УСЁ Ў НАС БЫЛО Ў МІНУЛЫМ”
Сёньня не хапае яркасьці. Іранічнага стылю. Гумару. А гэта ўсё ў нас было. Узгадайце “Свабоду”, “Белорусскую деловую”, тыднёвік “Имя». Пра дзяржаўныя выданьні увогуле няма чаго казаць

Рыгор Сітніца, мастак:
“НЕ ЗАДАВАЛЬНЯЮЦЬ НІЯКІЯ ГАЗЭТЫ”
Скажу шчыра. Беларускія газэты мяне не задавальняюць аніякія. Чаму не задавальняюць афіцыйныя – зразумела. Цікавай інфармацыі для сябе я там амаль не знаходжу. Хаця ў той жа “Саўбелцы” часам можна цікавае знайсьці, дзякуючы Рублеўскай. Могуць на паласу даць нешта пра пісьменьнікаў, пра Сапегу, як гэта ні дзіўна. А чаго мне канкрэтна не стае ва ўсёй беларускай прэсе, дык гэта аналітыкі. Я вельмі люблю аналітычныя матэрыялы, і гэтага мне заўсёды не хапае. У “Народнай волі” гэтага зусім няма. У электроннай прэсе тая ж самая карціна. І абсалютна адсутнічае інфармацыя пра мастацкае жыцьцё. Яго быццам няма. А калі ёсьць нейкая інфармацыя ў той жа “Нашай Ніве”, дык вельмі абмежаванае кола людзей патрапляюць у інфармацыйнае поле. Скажам так – свае людзі. Уся літаратура – гэта Глёбус. І ўся музычная культура – гэта Вольскі. Усё. Што тут казаць? Мы правялі нядаўна шыкоўную выставу графікі. І дзе пра яе напісана? Нідзе.

Аляксей, службовец:
“НЕ ХАПАЕ БЫЛОЙ “СВАБОДЫ”
Мне не хапае ранейшай газэты “Свабода”. За ўсю нашую апошнюю гісторыю гэта была адзіная газэта, якую я чытаў ад коркі да коркі. Там было ўсё, чаго хацелася. І цікавыя навіны, і бліскучая аналітыка і геніяльныя фотарэпартажы. Чаму такое выданьне немагчымае зараз, ня ведаю. Напэўна, таму, што тады ў грамадзтве была энэргія, якая зараджала і палітыкаў, і прэсу. Сёньня паўсюль пануе апатыя. Таму я сёньня чытаю не газэты, а літаратурную клясыку.

Анатоль Ляўковіч, палітык:
“НЕ ХАПАЕ САМІХ ГАЗЭТ”
Дзяржаўных газэт – аж занадта, а незалежных не хапае. Гэта самае галоўнае. І пажадана, хоць гэта і немагчыма, каб у афіцыйных газэтах хоць нейкі альтэрнатыўны пункт гледжаньня гучаў. Таму што бяз гэтага рухацца наперад нельга. Гэта пасыл Якубовічу й іншым. А нашых газэт вельмі мала, ды яшчэ яны ня маюць ног для распаўсюду. Гэта, вядома, дзікунства.

Васіль, прадпрымальнік.
“НЯМА ШТОДЗЁННАЙ БЕЛАРУСКАЙ ГАЗЭТЫ”
Мне не хапае ўсяго. Сур’ёзнай аналітыкі. Пашыранай падачы навінаў. Мне не хапае дробных мясцовых навінаў. “Каб ведаць, што робіцца ў месцы, дзе я жыву, дастаткова чытаць мясцовую газэту”. У нас гэта немагчыма. Функцыю штодзённай газэты не выконвае ніводнае беларускае выданьне. Ёсьць што пачытаць у “Нашай Ніве”, але гэта ў прынцыпе не газэта. У яе крыху іншы фармат. Яе бліжэйшыя аналягі – гэта амэрыканскі “Нью-Ёркер” ці расейскі “Огонек”. Гэткі літаратурна-публіцыстычны часопіс. Чытво для разумных людзей.

Алесь Анціпенка, філёзаф:
“НЕ ХАПАЕ ГАЛАСОЎ ЛЮДЗЕЙ”
Мне не хапае веданьня рэальнага жыцьця па-за Менскам. Напрыклад, ці сумуюць людзі ў Пінску з-за таго, што да іх даўно не прыяжджаў Купалаўскі тэатар? Ці цікавіць іх творчасьць НРМ? Мне не стае інфармацыі, што адбываецца ў нашых гарадах. У афіцыйных газэтах нам у асноўным распавядаюць пра аграгарадкі і ўраджаі. А паміж вёскай і сталіцай проста інфармацыйная пустыня. Яшчэ мне не хапае галасоў людзей. Самых розных сацыяльных прыступак і прафэсіяў. Што яны думаюць наконт таго ці іншага? Прычым не абавязкова пра палітыку. Па-трэцяе, журналісты проста дасталі сваімі мудрымі разважаньнямі. Яны займаюць пазыцыю нейкіх мэнэджэраў жыцьця, аракулаў, прарокаў. На халеру мне іхныя прароцтвы? Чаму нашы мэдыі абсалютна не зьвяртаюцца па экспэртаў? Ёсьць нейкая праблема – апытайце экспэртаў. Хай яны робяць ацэнкі і прагнозы.

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.