Апошні аргумэнт

Навіны пра беларуска-расейскія дачыненьні нагадваюць зводкі з фронту

Пад Воршай мытнікі спынілі некалькі дзясяткаў фураў з расейскімі цукеркамі. “Газпром” пагражае спыніць пастаўкі газу ў Беларусь з 1 студзеня. Вось дык саюзьнікі!

“Газпром” ужо не прапануе набыць “Белтрансгаз”, а патрабуе, каб яму прадалі гэта стратэгічнае прадпрыемства. Калі дамоўленасьць ня будзе дасягнутая, расейскі “Дзед Мароз” можа замест падарунка пакінуць Беларусь бяз газу. На гэта празрыста намякнуў прэсавы сакратар “Газпрома” Сяргей Купрыянаў. Цікава, што ў зьвязку з гэтым ён параўнаў Беларусь з Грузіяй. Прычым паралель аказалася на карысьць Грузіі, зь якой Расея знаходзіцца ледзь ня ў стане вайны. Аднак Купрыянаў мяркуе, што дамовіцца з каўкаскай краінай будзе прасьцей, чым зь Беларусьсю.

Адначасова Масква цісьне на Менск і з дапамогай нафты. Пастаўкі сыравіны на Наваполацкі ды Мазырскі нафтаперапрацоўчыя заводы ўжо скарочаныя. Кіраўніцтва Расеі патрабуе, каб Беларусь, па-першае, істотна падвысіла экспартнае мыта, а па-другое, аддавала 85% яго ў Маскву. Размовы на гэты конт доўжацца ўжо шмат часу. Цяпер, каб не марудзіць, Расея пагражае пакінуць Беларусь ня толькі бяз нафты, але й бяз газу.

У Лукашэнкі няшмат магчымасьцяў супрацьстаяць пагрозам. За апошнія 12 гадоў нічога ня зроблена, каб разнастаіць (дывэрсіфікаваць) крыніцы атрыманьня энэрганосьбітаў. Улады РБ атрымлівалі з Расеі танныя газ і нафту й лічылі, што так будзе заўсёды. Таму цяпер яны ў разгубленасьці. Спробы тэрмінова знайсьці альтэрнатыўных пастаўшчыкоў нафты выглядаюць наіўнымі. Прыкладам, на мінулым тыдні зьявілася інфармацыя, што Беларусь зьбірацца купляць нафту ў Казахстане. Аднак дастаўляць яе ў Мазыр і Наваполацк усё адно давядзецца праз Расею. А тая ўжо заявіла, што яе чыгунка перагружаная, і ня ў стане транспартаваць нафту ў Беларусь (зусім як нашы друкарні адмаўляюцца друкаваць незалежныя газэты). У выніку на казахскім варыянце давялося паставіць крыж.

Наўрад ці што атрымаецца і са спробаў здабыць нафту з Ірану ці Вэнэсуэлы. Гэтыя экзатычныя варыянты перад усім патрабуюць часу, а ўсходні сусед грозна грукаецца ў дзьверы ўжо цяпер. Таму давядзецца шукаць іншае выйсьце.

Захады наконт адвечнага славянскага братэрства ўжо не працуюць. Фактычна ў Лукашэнкі застаўся адзін істотны аргумэнт – вайсковае супрацоўніцтва. Тут кан’юнктура складваецца для яго няблага, паведамляе тыднёвік “Беларусы і рынак”. Расея надта нэрвуецца з-за таго, што ў Польшчы паціху разьмяшчаецца тактычная авіяцыя НАТО. “Як дарэчы прыляцелі F-16”, — адзначае аўтар артыкула Аляксандр Алесін.

Адказам Масквы мусіць стаць стварэньне адзінай рэгіянальнай беларуска-расейскай сыстэмы супрацьпаветранай абароны. Гэты працэс ідзе да фіналу – чарговы ракетны комплекс С-300 трапіць на ўзбраеньне беларускага войска ўжо на гэтым тыдні, аднак яго трэба яшчэ юрыдычна аформіць. Не рызыкуючы памыліцца, можна сьцьвярджаць, што Лукашэнка запатрабуе ад Расеі ўлічыць ягоную гатовасьць да вайсковага супрацоўніцтва пры вызначэньні ўмоваў пастаўкі энэрганосьбітаў у Беларусь.

Між іншым, беларускаму кіраўніку было б значна прасьцей дамовіцца з расейскім калегам, каб не сапсаваныя асабістыя адносіны. Для Пуціна гэты чыньнік мае сур’ёзную вагу. Кажуць, што канфлікт з Грузіяй выбухнуў менавіта з-за таго, што Міхаіл Саакашвілі зьняважыў гаспадара Крамля. Паводле гэтай вэрсіі, падчас візыту ў Пецярбург грузінскі прэзыдэнт падчас нейкай прыватнай гутаркі назваў Пуціна “Ліліпуціным”. Натуральна,  сьцены мелі вушы. Пуціну данесьлі словы Саакашвілі, і ён страшэнна пакрыўдзіўся. Што было далей, усе добра ведаюць.

Лукашэнка сьцьвярджае (апошні раз – 17 лістапада ў Бабруйску), што ў яго з Пуціным  добрыя асабістыя стасункі. Але шмат што сьведчыць пра адваротнае. Прыкладам, у сьвежым нумары “Белгазеты” блізкі да Крамля журналіст Мікалай Сванідзэ тлумачыць расейска-беларускі канфлікт менавіта дрэннымі адносінамі паміж кіраўнікамі дзьвюх краін. Праблемы ўзьніклі з-за таго, што сыстэма дамоўленасьцяў, на якую разьлічваў Пуцін, не выконваецца. Няма ні саюзнай дзяржавы, ні адзінай валюты, і нават “Белтрансгаз” Расеі дагэтуль не прадалі, хоць абяцалі шмат разоў. “Пуцін адчувае сябе расчаравным, і, не выключаю, падманутым”, — робіць выснову Сванідзэ.

Выглядае, што ў бліжэйшыя тыдні напружаная атмасфэра на беларуска-расейскім накірунку захаваецца. Таму чакайце новых паведамленьняў з франтоў.

Валеры Філін

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.