ПОЎНЫ “АПОФЕГЕЙ”
Фэльетон
Зь мяне сябры ўжо строяць кепікі. Бо я чытаю “Литературную газету”. “Газэта для вар’ятаў!” – кажуць.
А для мяне гэта баромэтар, які паказвае, што за працэсы адбываюцца ў вялізнай суседняй краіне. Ад якой мы, на жаль, усё яшчэ залежым, і пагроза “аб’яднаньня” ўсё вісіць над намі дамоклавым мячом. І не цікавіцца жыцьцём суседкі – хаваць, бы страўсу, галаву ў пясок.
Газэта – перш за ўсё, галоўны рэдактар. Які ён – такая й музыка.
У “перабудовачныя” часы ў часопісе “Юность” зьявілася аповесьць маладога тады Юрыя Палякова “ЧП раённага маштабу”. Якая гэта была аплявуха камсамолу! Як ён зьдзекваўся з савецкай сыстэмы ў наступных кнігах…
Сёньня Юрый Палякоў – галоўны рэдактар “ЛГ”. І цяпер у сваёй газэце ён друкуе аўтараў, якія пішуць так: “… наш народ попрал вселенскую смерть и воскрес в форме могучего и в основе своей справедливого СССР” (Ю.Крупнов, №45, 2006). Або А.Праханаў: “После краха СССР у русских людей почти не осталось оплота. Началось великое Либеральное Иго, когда палачи убивали русскую культуру, глушили русскую память…”
Бывае такі стан у прыродзе – яшчэ сьвеціць сонца, але неўпрыкмет, спакваля засьцілаецца неба адразу лёгкімі перыстымі воблачкамі, потым усё менш і менш прасьветаў, і ўрэшце ўвесь небасхіл зацягваецца, бы вока бяльмом, брудна-шэрай павалокай.
Так і “ЛГ”. Яшчэ зьяўляюцца ад часу да часу тэксты талковых людзей кшталту Льва Анінскага, Алы Латынінай ды пары-тройкі іншых. Але іх галасы патанаюць у хоры “патриотов-державников”, што пяюць пра “богоизбранность России”.
На самым пачатку свайго рэдактарства Ю.Палякоў заявіў, што газэта будзе прытрымлівацца пазыцыі “просвещенного патриотизма”.
Але гэта непазьбежна – “здаровы” патрыятызм перараджаецца ў “здаравенны”.
З нумару ў нумар “муссируются” дзьве тэмы: 1) “Святая Православная Российская Держава”; 2) “Её заклятые, извечные враги – тлетворный развращенный Запад”. Захад – гэта перш за ўсё ЗША, якія шчодра аплочваюць “падрыўную работу”, і Ватыкан, які імкнецца аслабіць праваслаўе.
Тон задае былы “прораб перестройки” Аляксандар Цыпко, які цяпер стаў “православным державником” і ў вялізных, на ўсю паласу, артыкулах “дае чаду” гнюсным “лібэралам”, ад якіх усё зло “на Руси великой”.
Праваслаўныя выказваюцца і наўпрост. Вось, напрыклад, адзін з галоўных ідэолягаў РПЦ, дыякан Андрэй Кураеў. У сваім інтэрвію ён выказаў шкадаваньне, што ў Візантыі не знайшлося палымянага прапаведніка праваслаўя, роўнага прароку Мухамаду. У выніку арабы перайшлі ў іслам. А шкада, бо яны – “рэлігійна таленавіты народ”. Відаць, іншыя народы, што далі сьвету “Сікстынскую мадонну”, саборы ў Шартры, Рэймсе і Барсэлоне, геніяльную духоўную музыку ад грыгарыянскіх харалаў да Баха, падаюцца айцу Кураеву недастаткова “рэлігійна таленавітымі”. А ў чым жа талент любых яму арабаў? У 11-м верасьня? У “карыкатурнай вайне”? У зарэзаных каталіцкіх мнішках?
“Нянавісьць “истинно православных” да “латинян” – спрадвечная. Вось што пісаў сьвяты Феадосій, ігумен Пячорскага манастыра ў ХІ ст., — заклікаў ён у “Слове о вере христианской “латинской” — “нравов их гнушаться… не брататься с ними, ни кланяться им, ни целоваться… Всё это потому, что неправильна вера их, и нечисто они живут: едят с собаками и кошками, и пьют свою мочу, едят черепах и диких коней, и ослов, и удавленину, и мертвечину…” – і так далей. То “сьвяты чалавек” так пісаў, чаго ж ад простых сьмяртэльнікаў чакаць?
Жыў бы цяпер – быў бы сярод аўтараў “ЛГ”.
Здавалася б, адносіны такой “праваслаўна”-накіраванай газэты да былога СССР, дзе руйнаваліся храмы, дзе атэізм набыў самыя дзікія формы, сьвятароў катавалі, расстрэльвалі, тапілі ў палонках, гнаілі ў ГУЛАГУ, – павінны быць адназначна нэгатыўнымі. Але дзе там! “СССР, соответствовавший по территории исторической Росии… на деле являлся Большой Россией. Коммунистическая идеология СССР не имела при этом особого значения” (Ю.Крупнов). Гэта ў СССР камуністы нічога ня значылі!
No comment, як кажуць на “растленном Западе”.
Проста ашаламляе, як можа таленавіты літаратар у сваім рэдакцыйным “катле” варыць такую нястраўную кашу-размазьню, дзе мяшаецца ўсё – камунізм з праваслаўем, “царь-мученик” і “идеальный советский руководитель” Брэжнеў, расстраляны Гумілёў і паэт-антысэміт Юрый Кузьняцоў… рэвэрансы ў бок Сталіна, безь якога, бач, не было б Перамогі…
А вось якія кнігі рэкамэндуюцца да прачытаньня: “Ю.Петухов. Сверхэволюция и Высший Разум Мироздания. Суперэтнос Русов: от мутантов к богочеловечеству” (серия “Подлинная история”). І цытата адтуль: “Развивается (развёртывается) в пространстве только сам суперэтнос русов. Все вычленившиеся сыновние и дочерние этносы обречены на гибель или постепенное угасание-инволюцию”.
А яшчэ адна: “Владимир Карпец. Русь Меровингов и корень Рюрика (Оклеветанная Русь)”: “Древние франки и русы-приамиды – один народ, вышедший когда-то из легендарной Трои… Установление власти Рима и Каролингов над Европой породило первый в ее истории геноцид: под корень… уничтожались народы, не желавшие принимать Римо-католичество… Романо-германская, латинская культура была в буквальном смысле построена на костях исконных народов Европы и ее законных царей…”
Калі гэта не праваслаўна-расейскі нацызм, то – што?
Відаць, нічому не навучыў лёс дзеячоў, што ўжо ўздымалі сваю нацыю “юбэр алес”…
Уражвае і неверагоднае “дурновкусие” гэтага “патрыятычнага” кічу. А паэзія? – друкуецца любое графаманства, абы былі рыфмы кшталту “Русь – молюсь”, абы пачавала да падборкі тыпу “Ещё звонят в Святой Руси колокола”.
От сельской древней колокольни
Дорог, тропинок кисея
Ведёт к Москве первопрестольной
Россию – матушку всея.
О, краіна Мандэльштама, Пастэрнака й Бродзкага! Але не, то ж былі “иудеи”.
Словам, “апофегей” цемрашальства, калі ўжыць тэрмін, створаны самім Ю.Паляковым.
“Велика есть” таямніца перараджэньня. І ня з Саўла ў Паўла, а – наадварот.
Памятаю, у 1991 годзе прыяжджаў у Вільню, каб падтрымаць літоўцаў разам зь цяпер ужо нябожчыкам Ягорам Якаўлевым, рэдактарам газэты “Московские новости” адзін з найбольш яркіх публіцыстаў Андрэй Нуйкін.
Сёньня ён у “ЛГ” падтрымлівае паляваньне на “грузінскіх вядзьмарак”.
Іншы аўтар цешыцца, што ўжо няма “кепскай грузінскай мінэралкі” і “сярэдняга малдаўскага віна”.
Улада сказала “фас!”, і кінулася зграя.
І яны лічаць сябе інтэлігентамі, нашчадкамі Чэхава й Караленкі…
А яшчэ – кожны дзясяты-дванаццаты аўтар лічыць абавязковым спаслацца на “талантливую книгу (статью) Ю.Полякова”. І сьціплы Ю.Палякоў гэта друкуе…
І – трэцяя тэма! Такая вялікая, што спатрэбілася ўтварыць цэлы дадатак “Лад” – бач, ня месьціцца ў галоўным “корпусе”. Гэта – усхваленьне жыцьця ў Беларусі, і “лично” яе прэзыдэнта. Якія эпітэты, якія фарбы! І, вядома, ні слова пра разгон Саюзу пісьменьнікаў, пра арышты, пра “хімію”, стан беларускай мовы й школьніцтва…
Сумна ўсё гэта, сябры. Вось хто нас сапраўды дзеліць. Бо як жа аб’ядноўвацца з тымі, хто вядзе ўласны народ у тупік, уваскрашае дэманаў сярэднявечча…
Бедная, бедная Расея…